Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 1 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі валадар Давід састарэўся і меў шмат гадоў, ніяк ня мог ён сагрэцца, хоць накрывалі яго коўдрамі.
2 І сказалі слугі ягоныя: «Трэба знайсьці гаспадару нашаму, валадару, маладую дзяўчыну. Яна будзе глядзець яго, і апякавацца ім, і будзе спаць з ім, і грэць гаспадара нашага, валадара».
3 І шукалі прыгожую маладую дзяўчыну па ўсёй зямлі Ізраільскай, і знайшлі Абішаг, Шунаміцянку, і прывялі яе да валадара.
4 Дзяўчына была вельмі прыгожая; яна апякавалася валадаром і паслугавала яму, але валадар не дакранаўся яе.
5 А Адонія, сын Хагіты, узганарыўся і сказаў: «Я буду валадарыць!» І займеў ён калясьніцу, коньнікаў і пяцьдзясят чалавек, што беглі перад ім.
6 Бацька ягоны ніколі на яго не сварыўся, кажучы: «Навошта гэта робіш?» А быў ён вельмі прыгожы, другі сын па Абсаломе.
7 Ён дамовіўся з Ёавам, сынам Цэруі, і з Абіятарам, сьвятаром, і яны дапамагалі Адонію.
8 Але Цадок, сьвятар, і Бэная, сын Егаяды, і Натан прарок, і Шымэй, і Рэй, а таксама ваяры Давіда не былі на баку Адоніі.
9 І забіў Адонія авечак, валоў і тлустых бычкоў, і склаў ахвяру каля Эвэн-Газахэлет, што каля Эн-Рагеля, і запрасіў усіх братоў сваіх, сыноў валадара, і ўсіх людзей Юды, слугаў валадара.
10 Але прарока Натана і Бэнаю, а таксама ваяроў і брата свайго Салямона не запрасіў.
11 І сказаў Натан Батшэве, маці Салямона: «Ці ты ня чула, што валадарыць Адонія, сын Хагіты, а гаспадар наш Давід гэтага ня ведае?
12 Хачу параіць табе, каб ты захавала жыцьцё тваё і сына твайго Салямона.
13 Ідзі і ўвайдзі да валадара Давіда, і скажы яму: “Гаспадару мой, валадар, ці не запрысяг ты мне, служцы тваёй, кажучы: "Салямон, сын твой, будзе пасьля мяне валадром, і ён будзе сядзець на пасадзе маім"? Дык чаму валадарыць Адонія?”
14 Калі ты яшчэ будзеш размаўляць з валадаром, за табою прыйду я і падтрымаю словы твае».
15 І вось Батшэва ўвайшла да валадара ў спальню. Валадар жа быў надта стары, і Шунаміцянка Абішаг паслугавала яму.
16 І ўкленчыла Батшэва, і пакланілася валадру. Ён зьвярнуўся да яе: «Чаго хочаш?»
17 Яна сказала яму: «Гаспадару мой, ты прысягаў на ГОСПАДА, Бога твайго, служцы тваёй: “Салямон, сын твой, будзе валдарыць пасьля мяне, і ён будзе сядзець на пасадзе маім”.
18 А вось цяпер Адонія стаў валадаром, і ты, гаспадару мой, валадар, ня ведаеш пра гэта.
19 Забіў ён мноства валоў, цялят і авечак, і запрасіў усіх сыноў валадара, і Абіятара, сьвятара, і Ёава, начальніка войска. А Салямона, слугу твайго, не паклікаў.
20 Але ты, гаспадару мой, — валадар, і на цябе зьвернуты вочы ўсяго Ізраіля, каб ты аб’явіў, хто пасьля цябе, гаспадару мой, будзе сядзець на пасадзе тваім!
21 Інакш, калі ты, гаспадару мой, валадар, засьнеш з бацькамі сваімі, на мяне і на сына майго Салямона спадзе абвінавачваньне».
22 Калі яна яшчэ гаварыла з валадаром, прыйшоў прарок Натан.
23 І паведамілі пра гэта валадару: «Вось, Натан, прарок». І прыйшоў ён перад аблічча валадара, і пакланіўся валадару тварам да зямлі.
24 І сказаў Натан: «Гаспадару мой, валадар, ці ты сказаў: “Адонія будзе валадарыць пасьля мяне, і ён будзе сядзець на пасадзе маім”?
25 Таму што сёньня ён пайшоў і забіў у ахвяру валоў, кормных цялят і мноства авечак, і запрасіў усіх сыноў валадарскіх, і начальнікаў войска, і сьвятара Абіятара, і яны разам з ім ядуць і п’юць, і гамоняць: “Няхай жыве валадар Адонія!”
26 А мяне, слугу твайго, і сьвятара Цадока, і Бэнаю, сына Егаяды, і Салямона, слугу твайго, ён не запрасіў.
27 Ці ня сталася гэта з волі гаспадара майго, валадара, і чаму ты не аб’явіў мне, слузе твайму, хто будзе сядзець на пасадзе гаспадара майго, валадара, пасьля яго?»
28 У адказ сказаў валадар Давід: «Паклічце да мяне Батшэву». І ўвайшла яна да валадара, і стала перад ім.
29 І пакляўся валадар, і сказаў: «На жыцьцё ГОСПАДА, Які выратаваў душу маю з усялякае бяды!
30 Як я пакляўся табе ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля, кажучы, што Салямон, сын твой, будзе валадаром пасьля мяне, і ён будзе сядзець на пасадзе маім замест мяне, так сёньня і зраблю».
31 І Батшэва, упаўшы тварам на зямлю, пакланілася валадару і сказала: «Няхай жыве гаспадар мой, валадар Давід, вечна!»
32 І загадаў валадар Давід: «Паклічце да мяне Цадока, сьвятара, і Натана, прарока, і Бэнаю, сына Егаяды». І яны зьявіліся перад валадаром,
33 і ён сказаў ім: «Вазьміце з сабою слугаў гаспадара вашага, і пасадзіце Салямона, сына майго, на мула майго, і вядзіце яго ў Гіхон,
34 і няхай там сьвятар Цадок і прарок Натан памажуць яго на валадара Ізраіля, і затрубіце ў рог, і абвясьціце: “Няхай жыве валадар Салямон!”
35 І пойдзеце за ім, і прыйдзе ён, і сядзе на пасадзе маім, і будзе валадарыць пасьля мяне, бо я загадваю яму, каб ён быў валадаром над Ізраілем і над Юдам».
36 У адказ Бэная, сын Егаяды, сказаў валадару: «Амэн, няхай скажа гэтак ГОСПАД, Бог гаспадара майго, валадара!
37 Як быў ГОСПАД з гаспадаром маім валадаром, так няхай будзе Ён з Салямонам і няхай узвялічыць пасад ягоны больш за пасад гаспадара майго, валадара Давіда!»
38 І пайшоў Цадок, сьвятар, і Натан, прарок, і Бэная, сын Егаяды, і Керэты, і Пэлеты, і пасадзілі Салямона на мула валадара Давіда, і завялі яго ў Гіхон.
39 Там сьвятар Цадок узяў рог алею з Сялібы, і памазаў Салямона, і затрубіў у рог, і закрычаў увесь народ: «Няхай жыве валадар Салямон!»
40 І увесь народ праводзіў Салямона, і граў народ на флейтах, і вельмі цешыўся, што аж зямля гучэла ад гоману іхняга.
41 І пачуў [гэта] Адонія і ўсе запрошаныя ім, а ўжо банкетаваньне было скончыўшыся. І Ёаў, пачуўшы гук трубы, сказаў: «Што гэта за грамідар узрушанага гораду?»
42 Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Ёнатан, сын Абіятара, сьвятара. І сказаў яму Адонія: «Увайдзі, бо ты — чалавек дастойны, нешта добрае нам абвесьціш».
43 Ёнатан сказаў Адоніі: «Зусім не! Гаспадар наш, валадар Давід, абвясьціў валадаром Салямона,
44 і паслаў з ім Цадока, сьвятара, і Натана, прарока, і Бэнаю, сына Егаяды, і Керэтаў, і Пэлетаў. І яны пасадзілі Салямона на мула валадара,
45 а пасьля сьвятар Цадок і прарок Натан памазалі яго на валадара ў Гіхоне. І адтуль выйшлі яны з радасьцю, і горад загаманіў. Вось гэта той гармідар, які вы чуеце.
46 А Салямон у той час сеў на троне валадарскім.
47 І слугі валадарскія папрыходзілі прывітаць гаспадара нашага, валадара Давіда, кажучы: “Няхай Бог праславіць імя Салямона па-над імя тваё, і ўзьвялічыць пасад ягоны па-над пасад твой ”. І валадар пакланіўся на ложку сваім.
48 І сказаў ён так: “Дабраслаўлены ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які даў сёньня вачам маім бачыць наступніка з роду майго, які сядзіць на пасадзе маім”».
49 І спалохаліся, і паўскаквалі ўсе, запрошаныя Адоніям, і кожны з іх пайшоў дарогаю сваёй.
50 А Адонія, баючыся Салямона, устаў і пайшоў, і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
51 І паведамілі пра гэта Салямону: «Вось жа Адонія спужаўся валадара Салямона, і таму ўхапіўся за рогі ахвярніка, кажучы: “Няхай сёньня прысягне мне валадар Салямон, што не заб’е слугі свайго мячом”».
52 Салямон сказаў: «Калі ён будзе чалавекам чэсным, не спадзе на зямлю ніводны волас ягоны, але калі выявіцца ў ім ліхоцьце, то памрэ».
53 І паклікаў яго Салямон, і адвялі яго ад ахвярніка, і ён увайшоў і пакланіўся валадару Салямону, а Салямон сказаў яму: «Ідзі ў дом твой».

Першая кніга Валадароў, 1 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.