Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 12 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І пайшоў Рэхабаам ў Сыхэм, бо ў Сыхэме сабраўся ўвесь Ізраіль паставіць яго валадаром.
2 І пачуў пра гэта Ерабаам, сын Навата, калі яшчэ быў уцекачом перад Салямонам у Эгіпце, і вярнуўся з Эгіпту.
3 І сабраныя паслалі паклікаць яго. І прыйшоў Ерабаам і ўся царква Ізраіля, і перамовілі яны да Рэхабаама, кажучы:
4 «Бацька твой наклаў на нас ярмо цяжкае, а ты цяпер зьменшы крыху цяжкія работы бацькі твайго і цяжар ярма ягонага, якое налажыў ён на нас, і мы будзем служыць табе».
5 Ён сказаў ім: «Ідзіце і праз тры дні вярніцеся да мяне». І народ адыйшоў.
6 І валадар Рэхабаам раіўся са старэйшымі народу, якія былі раднікамі ў Салямона, бацькі ягонага, калі ён яшчэ жыў, пытаючы іх: «Што вы параіце мне адказаць народу гэтаму?»
7 Яны сказалі яму: «Калі паслухаеш народ гэты, і прыслужышся яму, і споўніш просьбу іхнюю, і будзеш гаварыць да іх спагадна, будуць яны табе слугамі ў-ва ўсе дні».
8 Але ён адкінуў раду старэйшых, якую яны яму далі, і раіўся з маладымі, што гадаваліся разам з ім, якія былі ў яго раднікамі.
9 І сказаў ён ім: «Што вы параіце мне адказаць народу гэтаму? Бо яны сказалі мне: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое наклаў на нас бацька твой”».
10 І маладыя, якія разам з ім гадаваліся, сказалі яму: «Так скажы гэтаму народу, які казаў табе: “Бацька твой абцяжыў нас ярмом цяжкім, а ты зрабі нам палёгку”. Ты скажы ім так: “Найменшы палец мой таўшчэйшы за сьцёгны бацькі майго.
11 Бацька мой наклаў на вас ярмо цяжкае, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас бічамі, а я буду караць вас скарпіёнамі”».
12 І на трэйці дзень прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рэхабаама, як быў ім сказаўшы валадар: «Вернецеся да мяне праз тры дні».
13 І адказаў валадар народу жорстка, бо не пайшоў ён за парадаю старэйшых, якую яны яму давалі,
14 а сказаў ім паводле рады маладых, кажучы: «Бацька мой абцяжыў вас ярмом цяжкім, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас бічамі, а я буду караць вас скарпіёнамі».
15 І не паслухаў валадар народу, бо так быў настроены ГОСПАДАМ, каб споўнілася слова Ягонае, якое ГОСПАД сказаў праз Ахію з Шыло Ерабааму, сыну Навата.
16 І ўвесь Ізраіль, бачачы, што валадар ня хоча іх слухаць, у адказ сказаў яму: «Што нам да Давіда або якая спадчына нашая ў сыне Есэя? Ізраілю, разыходзься ў намёты свае! Цяпер, Давід, глядзі дому свайго!» І разыйшоўся Ізраіль па намётах сваіх.
17 І Рэхабаам заваладарыў толькі над тымі сынамі Ізраіля, якія жылі ў гарадах Юды.
18 І паслаў валадар Рэхабаам Аданірама, які быў наглядчыкам за данінаю, але людзі Ізраілю ўкаменавалі яго, і ён памёр. І валадар Рэхабаам пасьпешна сеў у калясьніцу, і ўцёк у Ерусалім.
19 І адыйшоў Ізраіль ад роду Давіда аж да цяперашняга дня.
20 І пачуў увесь Ізраіль, што вярнуўся Ерабаам, і паслалі па яго і паклікалі на сход, і паставілі яго валадаром над усім Ізраілем. А пры доме Давіда не засталося нікога, апрача калена Юды.
21 І вярнуўся Рэхабаам ў Ерусалім, і сабраў увесь дом Юды і ўсё калена Бэн’яміна, сто восемдзесят тысячаў адборных ваяроў, каб пачаць вайну з Ізраілем і вярнуць валадарства Рэхабааму, сыну Салямона.
22 І прамовіў ГОСПАД да Шэмаі, чалавека Божага, кажучы:
23 «Скажы Рэхабааму, сыну Салямона, валадару Юды, і ўсім сынам Юды і Бэн’яміна, і рэшце народу, кажучы:
24 “Гэта кажа ГОСПАД. Не ідзіце і не ваюйце супраць братоў вашых, сыноў Ізраіля. Няхай кожны вяртаецца ў дом свой, бо ад Мяне сталася гэта”». І яны паслухаліся слова ГОСПАДАВАГА, і вярнуліся назад, як загадаў ім ГОСПАД.
25 І пабудаваў Ерабаам Сыхэм на гары Эфраіма, і абжыўся там, а потым выйшаў адтуль і пабудаваў Пэнуэль.
26 І сказаў Ерабаам у сэрцы сваім: «Цяпер валадарства можа вярнуцца да дому Давіда,
27 бо калі народ гэты будзе хадзіць складаць ахвяры ў сьвятыні ГОСПАДА ў Ерусаліме, захоча таксама сэрца народу вярнуцца да гаспадара свайго, Рэхабаама, валадара Юды. І яны заб’юць мяне і вернуцца да валадара Юды».
28 Таму, разважыўшы ўсё, валадар зрабіў двух залатых быкоў і сказаў народу: «Не хадзіце болей у Ерусалім! Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай».
29 І паставіў аднаго ў Бэтэлі, а другога — у Дане.
30 І гэта прывяло да грэху, бо народ стаў хадзіць да аднаго з іх ажно ў Дан.
31 І паставіў ён сьвятыню на ўзгорку, і зрабіў сьвятарамі звычайных людзей, якія не былі лявітамі.
32 І устанавіў Ерабаам сьвята ў восьмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, падобны да таго сьвята, якое сьвяткавалася ў Юдзе, і сам прыступаўся да ахвярніка. І зрабіў ён так у Бэтэлі, складаючы ахвяру крывавую быкам, каякіхторых сам зрабіў. І паставіў ён у Бэтэлі святароў для ўзгоркаў, якія пабудаваў.
33 І складаў ён ахвяру на ахвярніку, які зрабіў у Бэтэлі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, які прыдумаў, і ўстанавіў сьвята для сыноў Ізраіля. І прыступіўся ён да ахвярніка, каб скласьці ахвяру каджэньня.

Першая кніга Валадароў, 12 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.