Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 21 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І пасьля тых падзеяў сталася гэта. Набот з Езрээлю меў вінаграднік у Езрээлі побач з палацам Ахава, валадара Самарыі.
2 І Ахаў зьвярнуўся да Набота, і сказаў: «Дай мне вінаграднік твой, а я зраблю з яго сад, бо блізка ён каля дому майго. І я дам табе за яго лепшы вінаграднік, або калі табе падабаецца, дам табе адпаведную плату срэбра».
3 Набот адказаў яму: «Барані мяне ГОСПАД, каб я аддаў спадчыну бацькоў маіх».
4 І прыйшоў Ахаў дамоў сумны і разгневаны дзеля таго, што сказаў яму Набот з Езрээлю: «Ня дам табе спадчыны бацькоў маіх». І лёг ён на ложак свой, і адвярнуўся тварам да сьцяны, і ня еў хлеба.
5 І прыйшла да яго Езабэль, жонка ягоная, і спыталася: «Што здарылася, чаму засумавала душа твая і ты не ясі хлеба?»
6 Ён адказаў ёй: «Бо гаварыў я з Наботам Езрээльцам і прасіў яго: “Дай мне вінаграднік твой і вазьмі плату, або, калі хочаш, дам табе за яго другі вінаграднік”. Але ён сказаў: “Ня дам табе вінаграднік мой”».
7 І сказала яму Езабэль, жонка ягоная: «Вось так ты кіруеш валадарствам Ізраіля! Устань і еш хлеб, і будзь спакойны. Я дам табе вінаграднік Набота з Езрээлю».
8 І напісала яна ліст ад імя Ахава, і запячатала яго пячаткай ягонай, і паслала старшыням і магнатам, якія жылі разам з Набатам у горадзе яго.
9 І напісала яна ў лісьце: «Аб’явіце пост і пасадзіце Набота на першым месцы перад народам.
10 А насупраць яго пасадзіце двух людзей крывадушных, якія засьведчаць супраць яго і скажуць: “Ты зьняважыў Бога і валадара”. І выведзіце яго, і ўкамянуйце, каб памёр».
11 І людзі таго гораду і старшыні, і магнаты, якія жылі разам з ім у горадзе, зрабілі так, як ім загадала Езабэль і як было напісана ў лісьце, які яна паслала ім.
12 І аб’явілі яны пост, і пасадзілі Набота перад народам.
13 І прыйшлі два сыны Бэліяля, і селі насупраць яго, і сьведчылі супраць яго перад натоўпам людзей: «Набот блюзьніў супраць Бога і валадара». І вывялі яго за горад, і ўкаменавалі.
14 І паслалі яны вестку да Езабэлі, паведамляючы: «Набот укаменаваны і памёр».
15 Калі Езабэль пачула, што Набот укаменаваны і памёр, сказала яна Ахаву: «Устань і вазьмі вінаграднік Набота Езрээльца, які не захацеў за грошы аддаць яго табе, бо Набот ужо не жыве, але памёр».
16 Калі Ахаў пачуў, што Набот памёр, дык устаў, і пайшоў у вінаграднік Набота Езрээльца, каб узяць яго на ўласнасьць.
17 І было слова ГОСПАДА да Ільлі з Тэшбы, кажучы:
18 «Устань і выйдзі на спатканьне Ахаву, валадару Ізраіля, які ў Самарыі, бо вось, ён у вінаградніку Набота, куды ён прыйшоў, каб узяць яго на ўласнасьць.
19 І скажаш яму: “Гэта кажа ГОСПАД: "Ты замардаваў, а цяпер хочаш абрабаваць?"” І пасьля дадасі: “Гэта кажа ГОСПАД: "На тым месцы, на якім сабакі лізалі кроў Набота, будуць яны лізаць тваю кроў"”.
20 І сказаў Ахаў Ільлі: «Ты знайшоў мяне, вораг мой». А ён адказаў: «Знайшоў, бо ты запрадаўся, каб чыніць ліхоту перад абліччам ГОСПАДА.
21 “Таму Я навяду на цябе ліха і вымяту бруд твой, і выб’ю ў Ахава ўсіх мужчынскага роду, і нявольніка, і вольнага ў Ізраілю.
22 І зраблю з домам тваім, як зрабіў з домам Ерабаама, сына Навата, і як з домам Баашы, сына Ахіі, бо ты рабіў усё, каб гнявіць Мяне, і Ізраіля ўводзіў у грэх”.
23 Адносна Езабэль вось што сказаў ГОСПАД: “Езабэль зьядуць сабакі на полі Езрээля.
24 Хто ў Ахава памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ на полі, таго зьядуць птушкі нябесныя”».
25 Бо не было яшчэ такога, як Ахаў, які запрадаўся рабіць зло перад абліччам ГОСПАДА, на што намовіла яго Езабэль, жонка ягоная.
26 І рабіў ён ганебнае, служачы ідалам і робячы ўсё, што рабілі Амарэйцы, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
27 Ахаў, пачуўшы словы гэтыя, разьдзёр адзеньне сваё, адзеў на цела сваё зрэбніцу, і посьціў, і спаў у зрэб’і, і хадзіў сумны.
28 І было слова ГОСПАДА да Ільлі з Тэшбы, кажучы:
29 «Ці ты заўважыў, як Ахаб упакорыўся перада Мною? За тое, што ён упакорыўся перада Мною, Я не навяду бяды ў дні ягоныя, але ў дніх сына ягонага ўчыню бяду дому ягонаму».

Першая кніга Валадароў, 21 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.