Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Прыповесьцяў | 1 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець словы розуму,
2 каб атрымаць настаўленьні ў разважлівасьці, праведнасьці, судзе і справядлівасьці.
3 каб неразумным даць разумнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць.
4 Мудры няхай слухае і павялічвае веды, а разумны няхай прыдбае мудрыя думкі,
5 каб зразумець выслоўе і прыповесьць, словы мудрых і загадкі іхнія.
6 Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.
7 Сыне мой, паслухай перасьцярогаў ба́цькі твайго і не адкідай павучаньняў маці тваёй,
8 бо яны — прывабны вянок на галаве тваёй і каштоўныя кара́лі на шыі тваёй.
9 Сыне мой, калі б цябе намаўлялі грэшнікі, не далучайся да іх.
10 Калі яны скажуць: «Хадзем з намі! Зробім засаду дзеля праліцьця́ крыві́; наставім без прычыны па́стку на нявіннага;
11 праглынем іх жыўцом, як пекла, і цалкам, як тых, што зыходзяць у магілу;
12 знойдзем усялякія каштоўнасьці, напоўнім дамы свае здабычаю.
13 Жэрабя сваё кідай разам з намі, няхай адзін мех будзе для нас усіх».
14 Сыне мой, не хадзі з імі, устрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,
15 бо ногі іхнія бягуць да злачынства і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві́.
16 Бо надарэмна настаўляецца сетка на вачах усяго пта́ства.
17 А яны цікуюць на ўласную кроў, робяць засаду супраць душы́ сваёй.
18 Такія вось сьцежкі кожнага, хто прагне чужога даброцьця; яно забірае душу́ таго, хто завалодае ім.
19 Мудрасьць гука́е на вуліцах, на плошчах узьнімае голас свой,
20 на скрыжаваньнях шумлівых дарог кліча, у брамах гарадзкіх гучаць яе словы:
21 «Дакуль, неразумныя, будзеце любіць неразумнасьць; дакуль, насьмешнікі, будзеце захапляцца насьмешкамі сваімі, а невукі — пагарджаць веданьнем?
22 Зьвярніцеся да настаўленьня майго, і я выльлю на вас духа майго, і абвяшчу вам словы мае.
23 Вось жа я клікала, але вы адмаўляліся, працягвала руку сваю, але ніхто не зьвярнуў увагі.
24 Вы ўзга́рдзілі радай маёю і адкінулі дакараньні мае.
25 Дык і я буду сьмяяцца з падзеньня вашага, і насьмяхацца буду, калі прыйдзе на вас жах.
26 Калі нахлыне жах, як бура, і загуба ваша, быццам віхор, калі прыйдуць на вас трывога і гора,
27 тады будуць клікаць мяне, але я не адкажу, шукаць мяне будуць, і ня знойдуць мяне.
28 Бо яны зьненавідзелі веданьне і ня выбралі для сябе страху ГОСПАДАВАГА,
29 і не пайшлі за пара́дамі маімі, і ўзга́рдзілі перасьцярогамі маімі.
30 Дык няхай ядуць яны плады шляху свайго і насыцяцца намерамі сваімі.
31 Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, бяздумнасьць дурняў загубіць іх.
32 А хто слухае мяне, будзе жыць бясьпечна, будзе спакойны, не баючыся зла».

Кніга Прыповесьцяў, 1 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.