Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 5 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І валодаў Салямон усім валадарствам ад ракі Эўфрат аж да зямлі Філістынцаў і аж да межаў Эгіпту. Яны прыносілі яму дары і служылі яму да канца жыцьця ягонага.
2 Харчаваньнем Салямона на кожны дзень было: трыццаць кораў найлепшае мукі і шэсьцьдзесят кораў звычайнай мукі,
3 дзесяць кормных валоў і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, апрача аленяў, сарнаў, антылёпаў і кормных птушак.
4 Ён валадарыў над усім абшарам на гэты бок ракі, ад Тыфсаху да Газы, і над усімі валадарамі тых земляў. І меў ён супакой на ўсіх межах сваіх наўкола.
5 І Юда і Ізраіль жылі без ніякага страху, кожны пад вінаградам сваім і пад дрэвам фігавым сваім ад Дану да Бээр-Шэвы ў-ва ўсе дні Салямона.
6 І меў Салямон чатыры тысячы стайняў для коней да калясьніцаў сваіх і дванаццаць тысячаў вершнікаў.
7 І намесьнікі дастаўлялі на стол валадара Салямона ўсё неабходнае з вялікай руплівасьцю кожны ў свой месяц.
8 А ячмень і салому для коней і дрыгантаў дастаўлялі на месца, якое было кожнаму прызначанае.
9 І даў Бог Салямону вельмі вялікую мудрасьць і разважлівасьць, і розум вялікі, як пясок, які на беразе мора.
10 І Салямон мудрасьцю сваёю перавышаў мудрасьць усіх сыноў Усходу і Эгіпцянаў.
11 І быў ён мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы за Этана Эзрахіта, Гемана, Калькола і Дарды, сыноў Махола, і быў слаўны ў-ва ўсіх навакольных народаў.
12 І расказаў ён тры тысячы прыказак, а песьняў яго было тысяча пяць.
13 І гаварыў ён пра дрэвы, пачынаючы ад кедраў, што на Лібане, аж да гізопу, што расьце на муры. Гаварыў таксама пра зьвяроў, пра птушак, пра паўзуноў і рыбаў.
14 І прыходзілі з усіх народаў паслухаць мудрасьці Салямона, ад усіх валадароў зямлі, якія чулі пра мудрасьць ягоную.
15 Хірам, валадар Тыру, паслаў да Салямона слугаў сваіх, пачуўшы, што яго памазалі на валадара на мейсца бацькі ягонага Давіда, бо Хірам увесь час быў сябрам Давіда.
16 Таксама Салямон паслаў да Хірама пасланцоў, каб сказалі:
17 «Ты ведаеш, што Давід, бацька мой, ня мог пабудаваць дом для імя ГОСПАДА, Бога свайго, дзеля войнаў, што атачалі яго, аж пакуль ГОСПАД не паклаў [ворагаў] пад стопы ягоныя.
18 Цяпер ГОСПАД, Бог мой, даў мне супакой з ўсіх бакоў, няма супраціўніка, няма нападзеньня ліхога.
19 Дзеля таго вырашыў я пабудаваць сьвятыню для імя ГОСПАДА, Бога майго, як загадаў ГОСПАД Давіду, бацьку майму: “Сын твой, якому Я дам пасад твой пасьля цябе, ён пабудуе дом для імя Майго”.
20 Дык ты загадай насекчы для мяне кедраў з Лібану, а слугі мае няхай будуць разам са слугамі тваімі. Я буду плаціць табе за слугаў тваіх, колькі ты загадаеш. Ведаеш напэўна, што ў народзе маім няма чалавека, які б умеў секчы дрэвы як Сідонцы».
21 Калі пачуў Хірам словы Салямона, дужа ўзрадваўся і сказаў: «Дабраслаўлены сёньня ГОСПАД, Які даў Давіду сына мудрага над гэтым шматлікім народам».
22 І паслаў Хірам Салямону паведамленьне: «Я пачуў тое, што ты мне пасылаў, і я споўню жаданьне тваё што да дрэваў кедровых і кіпарысавых.
23 Слугі мае даставяць іх з Лібану да мора, а я паскладаю іх у плыты, і дастаўлю морам у мейсца, якое ты мне вызначыш. Там складу я іх, а ты адтуль забярэш іх. І ты дасі мне ўсё неабходнае, каб меў хлеб дом мой».
24 І Хірам дастаўляў Салямону кедры і кіпарысы паводле жаданьня ягонага.
25 А Салямон даваў Хіраму дваццаць тысячаў кораў пшаніцы на харчаваньне дому ягонага і дваццаць тысячаў кораў найчысьцейшага алею. Гэта дастаўляў Салямон Хіраму штогод.
26 І даў ГОСПАД мудрасьць Салямону, як абяцаў яму. І трываў мір між Хірамам і Салямонам, і яны заключылі запавет між сабою.
27 І выбраў валадар Салямон работнікаў з усяго Ізраіля лікам трыццаць тысячаў чалавек.
28 І ён пасылаў іх у Лібан штомесяц па дзесяць тысячаў на зьмену; і месяц яны былі у Лібане, а два месяцы — дома, і Адонія быў загадчыкам над імі.
29 У Салямона было яшчэ семдзясят тысячаў носчыкаў, што насілі цяжары, і восемдзясят тысяч каменяроў у гарах,
30 апрача трох тысячаў трахсот наглядчыкаў, вызначаных Салямонам наглядаць за народам, які выконваў работу.
31 І валадар загадаў, каб яны дастаўлялі камяні вялікія, камяні каштоўныя для падмуркаў сьвятыні з чэсаных камянёў.
32 І абчэсвалі іх работнікі Салямонавы і работнікі Хірамавы, і жыхары Эвалю, і нарыхтоўвалі дрэва і камяні на пабудову сьвятыні.

Першая кніга Валадароў, 5 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.