Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 11 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І валадар Салямон кахаў шмат жанчынаў чужынскіх, і дачку фараона, і Мааўлянак, і Аманіцянак, і Эдомак, і Сідонак, і Хетытак,
2 з тых народаў, пра якія ГОСПАД загадаў сынам Ізраіля: «Не ўваходзьце да іх і яны няхай не ўваходзяць да вас, бо яны адвернуць сэрцы вашыя, што вы пойдзеце за багамі іхнімі». І да іх прыхіліўся Салямон каханьнем.
3 І меў ён так сямсот жонак і трыста наложніцаў. І жонкі ягоныя прывабілі сэрца ягонае.
4 Калі быў ён ужо стары, жонкі ягоныя прывабілі сэрца ягонае да багоў чужых, і сэрца ягонае не было адданае ГОСПАДУ, Богу ягонаму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.
5 І стаў Салямон служыць Астарце, багіні Сідонцаў, і Мільхому, брыдоце Аманіцкай.
6 І рабіў Салямон ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не ішоў за ГОСПАДАМ як Давід, бацька ягоны.
7 І нават збудаваў Салямон ахвярнік Кемошу, брыдоце Мааўскай, на гары насупраць Ерусаліму, і Малек, брыдоце сыноў Амона.
8 І тое самае зрабіў ён усім сваім жонкам-чужынкам, якія палілі кадзіла і складалі ахвяры багам сваім.
9 І разгневаўся ГОСПАД на Салямона за тое, што адвярнуў ён сэрца сваё ад ГОСПАДА, Бога Ізраіля, Які зьяўляўся яму двойчы,
10 і забараняў яму хадзіць за багамі чужымі. Але ён ня выканаў таго, што загадаў яму ГОСПАД.
11 І сказаў ГОСПАД Салямону: «За тое, што ты зрабіў гэтае і не захаваў запавету Майго, і прыказаньняў Маіх, якія Я даў табе, Я забяру валадарства тваё ад цябе, і аддам яго слузе твайму.
12 У дні твае, аднак, не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго, але з рукі сына твайго забяру яго.
13 І ня ўсё валадарства забяру, але адно пакаленьне дам сыну твайму дзеля Давіда, слугі Майго і дзеля Ерусаліму, які Я выбраў».
14 І паставіў ГОСПАД супраціўніка Салямону, Гадада Эдомца, з валадарскага роду ў Эдоме.
15 Калі Давід перамог Эдом, Ёаў, начальнік войска, прыйшоў хаваць забітых і выбіў усіх мужчынаў Эдомскіх,
16 бо быў там Ёаў шэсьць месяцаў і ўсе Ізраільцяне з ім, аж пакуль ня выбілі ўвесь род мужчынскі ў Эдоме.
17 І ўцёк Гадад разам з Эдомцамі, слугамі бацькі свайго, і зыйшоў у Эгіпет, а Гадад быў яшчэ малым хлопцам.
18 І выйшлі яны з Мадыяну, і прыйшлі ў Паран, і ўзялі з сабою людзей з Парану і прыйшлі ў Эгіпет да фараона, валадара Эгіпецкага. А ён даў ім дом і харчаваньне і выдзяліў зямлю.
19 І знайшоў Гадад вялікую ласку ў фараона, і ён даў Гададу за жонку сястру жонкі сваёй, сястру валадаркі Тахпэнэс.
20 Калі сястра Тахпэнэс нарадзіла яму сына Гэнубата, Тахпэнэс выгадавала яго ў доме фараона. І быў Гэнубат разам з сынамі фараона ў доме ягоным.
21 Калі Гадад даведаўся ў Эгіпце, што Давід заснуў з бацькамі сваімі і што таксама памёр Ёаў, начальнік войска, сказаў ён фараону: «Дазволь мне вярнуцца ў зямлю сваю».
22 Фараон сказаў яму: «Ці табе чаго не хапае ў мяне, што ты хочаш ісьці ў зямлю сваю?» Ён адказаў: «Усяго мне стае, але прашу, адпусьці мяне».
23 І паставіў Бог яшчэ супраціўніка Салямону, Рэзона, сына Эліяды, які ўцёк ад Гададэзэра, валадара Савы, пана свайго.
24 Ён сабраў да сябе людзей і стаўся правадыром банды. І калі Давід перамог Арам, яны пайшлі ў Дамаск, і там абжыліся, і панавалі ў Дамаску.
25 І быў ён ворагам Ізраіля ў-ва ўсе дні Салямона. І ненавідзеў ён Ізраіля, як і Гадад. А панаваў ён у Сірыі.
26 Таксама Ерабаам, сын Навата, Эфрацянін з Цэрэды, маці ягоная мела на імя Цэруя, удава. Гэты слуга Салямона падняў руку на валадара.
27 І вось такая была прычына, што ён збунтаваўся супраць валадара: Салямон будаваў Мілло і замураваў вылам у муры ў горадзе Давіда, бацькі свайго.
28 А Ерабаам быў ваяр мужны. Салямон, бачачы здольнага юнака, паставіў яго наглядчыкам над работнікамі з усяго дому Язэпа.
29 І сталася, што аднойчы Ерабаам выйшаў з Ерусаліму, і спаткаў яго на дарозе прарок Ахія з Шыло. А быў ён апрануты ў новы плашч, і толькі яны адны былі ў полі.
30 І зьняў Ахія новы плашч, які быў на ім, і падзёр яго на дванаццаць частак.
31 І сказаў Ерабааму: «Вазьмі сабе дзесяць частак, бо вось што кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Вось, Я вырву валадарства з рукі Салямона, і дам табе дзесяць пакаленьняў.
32 І толькі адно пакаленьне застанецца яму дзеля слугі Майго, Давіда, і дзеля Ерусаліму, які Я выбраў з усіх пакаленьняў Ізраіля,
33 бо яны пакінулі Мяне і пакланяліся Астарце, багіні Сідонцаў, і Кемошу, богу Мааву, і Мьлькому, богу сыноў Амона, і не хадзілі шляхамі Маімі, каб чыніць добрае перада Мною, спаўняць прыказаньні Мае і пастановы, як Давід, бацька яго.
34 Але Я не забяру з рукі ягонай ўсяго валадарства, але пакіну яго валадаром да канца жыцьця ягонага дзеля Давіда, слугі Майго, якога Я выбраў, і які выконваў закон Мой і прыказаньні Мае.
35 І Я забяру валадарства з рукі сына ягонага, і дам табе дзесяць пакаленьняў.
36 А сыну ягонаму Я пакіну адно пакаленьне, каб заставаўся сьветач Давіда, слугі Майго, перад абліччам Маім у-ва ўсе дні ў горадзе Ерусаліме, які Я выбраў Сабе, каб было там імя Маё.
37 А цябе Я выбраў, і ты будзеш валадарыць над усім, чаго зажадае душа твая, і будзеш валадаром над Ізраілем.
38 І калі ты будзеш спаўняць усё, што Я загадаю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі, і будзеш рабіць, што праведна ў вачах Маіх, спаўняючы закон і прыказаньні Мае, як рабіў Давід, слуга Мой, Я буду з табой і пабудую табе дом моцны, як пабудаваў Давіду, і дам табе Ізраіль.
39 І пакараю нашчадкаў Давіда, але не на ўсе дні”».
40 Дзеля таго Салямон хацеў забіць Ерабаама, але ён уцёк у Эгіпет да Шышака, валадара Эгіпецкага, і быў там аж да сьмерці Салямона.
41 А іншыя справы Салямона, і ўсе, што ён рабіў, і мудрасьць ягоная апісаныя ў Кнізе Дзеяў Салямона.
42 Салямон валадарыў над усім Ізраілем і над Ерусалімам сорак гадоў.
43 І супачыў Салямон з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І пачаў валадарыць замест яго сын ягоны Рэхабаам.

Першая кніга Валадароў, 11 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.