Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 13 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І калі Ерабаам стаяў пры ахвярніку, каб кадзіць, прыйшоў чалавек Божы з Юды ў Бэтэль паводле загаду ГОСПАДА.
2 І закрычаў ён на ахвярнік пааводле слова ГОСПАДА, кажучы: «Ахвярнік, ахвярнік, вось што кажа ГОСПАД: “Вось, у доме Давіда народзіцца сын, на імя Ёсія, які на табе прынясе ў ахвяру сьвятароў узгоркаў, якія кадзяць пры табе, і будуць на табе паліць косткі людзкія».
3 У той жа дзень ён даў знак, кажучы: «Такі вось будзе знак, што гэта сказаў ГОСПАД: Гэты ахвярнік распадзецца, і попел, які на ім, рассыпецца».
4 Калі валадар пачуў словы чалавека Божага, якое ён выказаў супраць ахвярніка ў Бэтэлі, выцягнуў ён руку сваю да ахвярніка, кажучы: «Схапіце яго!» Але здрантвела рука ягоная, якую ён выцягнуў супраць яго, і ён ня мог яе вярнуць да сябе.
5 А ахвярнік распаўся, і попел з ахвярніка рассыпаўся паводле знаку, які прадказаў чалавек Божы паводле загаду ГОСПАДА.
6 І прасіў валадар у чалавека Божага: «Перапрасі аблічча ГОСПАДА, Бога твайго, і памаліся за мяне, каб вярнулася рука мая да мяне». І памаліўся чалавек Божы да аблічча ГОСПАДА, і вярнулася рука валадара да яго, і рухалася як раней.
7 І прасіў валадар чалавека Божага: «Хадзі са мной у дом і паеш, і я дам табе падарунак».
8 Але чалавек Божы адказаў валадару: «Калі б ты і палову дома свайго даваў мне, не пайду з табой і ня буду есьці хлеба, і ня буду піць вады ў гэтым мейсцы.
9 Бо гэтак загадаў мне ГОСПАД, кажучы: “Ня будзеш есьці хлеба і ня будзеш піць вады, і ня вернешся тым шляхам, па якім прыйшоў”».
10 І пайшоў ён іншым шляхам, і не вярнуўся тым шляхам, па якім ён прыйшоў у Бэтэль.
11 А ў Бэтэлі жыў адзін стары прарок. І вось прыйшлі да яго сыны, і расказалі яму ўсё, што зрабіў у той дзень чалавек Божы ў Бэтэлі, а таксама словы, якія ён сказаў валадару, і расказалі ўсё гэта бацьку свайму.
12 І спытаўся ў іх бацька іхні: «Якою дарогаю ён пайшоў?» І сыны ягоныя паказалі яму шлях, па якім пайшоў чалавек Божы, які прыйшоў з Юды.
13 І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла». І яны асядлалі яму асла, і ён сеў на яго,
14 і паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, як той сядзеў пад дубам, і сказаў яму: «Ці ня ты чалавек Божы, які прыйшоў з Юды?» Ён адказаў: «Я».
15 І ён сказаў яму: «Зайдзі да мяне ў дом і паеш хлеба».
16 Той сказаў: «Не магу вярнуцца з табою і пайсьці да цябе, і ня буду есьці хлеб і піць ваду ў гэтым мейсцы.
17 Так мне было сказана паводле слова ГОСПАДА: “Ня будзеш есьці хлеба і піць там вады, і ня вернешся шляхам, па якім прыйшоў”».
18 Дык сказаў ён яму: «І я прарок, падобны табе. Вось жа анёл сказаў мне паводле загаду ГОСПАДА, кажучы: “Вярні яго ў дом свій, і няхай ён есьць хлеб і п’е ваду”». І падмануў яго.
19 І ён вярнуўся з ім, і еў хлеб, і піў ваду ў доме ягоным.
20 А калі сядзелі яны яшчэ пры стале, ГОСПАД накіраваў слова да прарока, які вярнуў яго з дарогі.
21 І сказаў ён да чалавека Божага, які прыйшоў з Юды: «Гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што ты не паслухаў слова ГОСПАДА і ня выканаў даручэньня, якое даў табе ГОСПАД, Бог твой,
22 але вярнуўся і еў хлеб і піў ваду на мейсцы, на якім Я забараніў табе, каб ня еў ты там хлеба і ня піў вады, труп твой ня ўвойдзе ў магілу бацькоў тваіх”».
23 І калі той зьеў хлеб і напіўся, ён асядлаў асла для таго прарока, якога вярнуў.
24 І той паехаў, але сустрэў яго леў на дарозе і задушыў, і труп ягоны ляжаў, кінуты пры дарозе, а каля яго стаяў леў.
25 І вось людзі, што там праходзілі, убачылі труп, кінуты пры дарозе, і льва, які стаяў каля трупа. І яны пайшлі, і паведамілі ў горадзе, у якім жыў стары прарок.
26 І пачуў той прарок, які яго завярнуў з дарогі, і сказаў: «Гэта чалавек Божы, які быў непаслухмяны загаду ГОСПАДА, і аддаў яго ГОСПАД льву, які разьдзёр яго і забіў паводле слова ГОСПАДА, якое сказаў яму ГОСПАД».
27 І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла!» І яны асядлалі,
28 і ён паехаў, і знайшоў труп ягоны, кінуты пры дарозе, і асла і льва, якія стаялі каля трупа. І леў ня еў трупа і не разьдзёр асла.
29 І прарок падняў труп чалавека Божага, усклаў яго на асла і прывёз яго назад у горад, каб паплакаць над ім і пахаваць яго.
30 І паклаў ён нябожчыка ў магіле сваёй, і плакаў над ім: «О, браце мой!»
31 І калі пахаваў яго, сказаў сынам сваім: «Калі я памру, пахавайце мяне ў магіле, у якой пахаваны чалавек Божы. Каля костак ягоных пакладзіце косткі мае.
32 Бо напэўна споўніцца слова, якое сказаў ГОСПАД адносна ахвярніка, што ў Бэтэлі, і адносна ўсіх сьвятыняў на узгорках, якія ў гарадах Самарыі».
33 Пасьля ўсяго гэтага Ерабаам не зьвярнуў з ліхога шляху свайго, але зноў устанаўляў сьвятароў з усяго народу для ўзгоркаў. Хто толькі хацеў, таго пасьвячаў у сьвятары для ўзгоркаў.
34 І сталася гэта грахом для дому Ерабаама, і прычынай гібелі і вынішчэньня.

Першая кніга Валадароў, 13 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.