Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 17 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сказаў прарок Ільля з Тэшбы ў Гілеадзе Ахаву: «На жыцьцё ГОСПАДА, Бога Ізраіля, перад Якім я стаю. У гэтых гадах ня будзе ані расы, ані дажджу, пакуль я не скажу!»
2 І было слова да яго ГОСПАДА, кажучы:
3 «Адыйдзі адсюль і ідзі на ўсход, і схавайся пры ручаі Керыт, які на ўсход ад Ярдану.
4 Ваду будзеш піць з ручая, а Я груганам загадаў, каб там кармілі цябе».
5 І ён пайшоў, і зрабіў паводле слова ГОСПАДА. І пайшоў, і сеў каля ручая Керыт, на ўсход ад Ярдану.
6 І груганы прыносілі яму хлеб і мяса раніцай, і таксама хлеб і мяса ўвечары, а ваду ён піў з ручая.
7 Але праз нейкі час ручай высах, бо ў зямлі гэтай не ішоў дождж.
8 І было слова ГОСПАДА да яго:
9 «Устань і ідзі ў Сарэпту Сідонскую, і жыві там. Я вось загадаў там адной удаве, каб карміла цябе».
10 І ён устаў, і пайшоў у Сарэпту. І падыйшоў ён да гарадзкой брамы, і вось, перад ім жанчына зьбірае дровы. І ён паклікаў яе, і папрасіў: «Дай мне крыху вады са збана напіцца».
11 Калі яна пайшла, каб прынесьці, ён наўздагон зноў папрасіў: «Прынясі мне яшчэ лустачку хлеба».
12 Яна адказала: «На жыцьцё ГОСПАДА, Бога твайго, я ня маю хлеба, толькі жменю мукі ў збане і крыху алею ў пасудзіне. Вось, я назьбіраю крыху дроваў, і пайду, і прыгатую сабе і сыну майму пасілак, і мы зьямо і памром».
13 Ільля сказаў ёй: «Ня бойся, але ідзі і зрабі, як ты казала, толькі перш зрабі для мяне аладку з гэтай мукі і прынясі мне. А сабе і сыну потым зробіш.
14 Бо гэтак кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Мука ў збане ня скончыцца і алею ў пасудзіне ня зьменшыцца аж да дня, у які ГОСПАД дасьць дождж на аблічча зямлі”».
15 І яна пайшла, і зрабіла, што сказаў Ільля, і яна ела, і ён, і дом ейны доўгі час.
16 І мука ў збане ня сканчвалася і алею ў пасудзіне ня меншала паводле слова ГОСПАДА, якое Ён сказаў праз Ільлю.
17 І сталася, што па нейкім часе захварэў сын тае ўдавы, гаспадыні дому. І хвароба ягоная была дужа цяжкая, і ён перастаў дыхаць.
18 І сказала яна Ільлі: «Што мне і табе, чалавек Божы? Хіба прыйшоў ты да мяне, каб прыгадаць мне злачынствы мае і забіць сына майго?»
19 А ён сказаў ёй: «Дай мне сына твайго». І ён ўзяў яго ад грудзей ейных і занёс у верхні пакой, дзе сам жыў, і палажыў яго на ложак свой.
20 І клікаў ён ГОСПАДА, і маліўся: «ГОСПАДЗЕ, Божа мой, няўжо ўдаву, у якой я жыву як госьць, Ты пакараў і забраў жыцьцё ў сына ейнага?»
21 І тры разы лёг на дзіця, і зноў клікаў ГОСПАДА: «ГОСПАДЗЕ, Божа мой, няхай вернецца душа гэтага хлопца ў яго».
22 І выслухаў ГОСПАД голас Ільлі, і вярнулася душа хлопца ў яго, і ён аджыў.
23 І ўзяў Ільля хлопца, і занёс яго з верхняга пакою ўніз, і аддаў маці ягонай, і сказаў ёй: «Глядзі, жывы сын твой».
24 І жанчына сказала Ільлі: «Цяпер я ведаю, што ты — чалавек Божы, і слова ГОСПАДА — праўда».

Першая кніга Валадароў, 17 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.