Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 24 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І зноў узгарэўся гнеў ГОСПАДА на Ізраіля, і намовіў Давіда супраць Ізраіля, кажучы: «Ідзі і палічы Ізраіля і Юду».
2 І сказаў валадар Ёаву, начальніку войска, які быў пры ім: «Абыйдзі ўсе пакаленьні Ізраіля ад Дану аж да Бээр-Шэвы і палічы народ, каб я ведаў лік народу».
3 Ёаў сказаў валадару: «Няхай ГОСПАД, Бог твой, павялічыць у сто разоў народ, колькі ёсьць цяпер, і няхай вочы гаспадара майго, валадара, убачаць гэта! Але навошта, гаспадару мой, валадар, захацеў ты зрабіць гэта?»
4 Але загад валадара Ёаву і начальнікам войска перамог. І выйшлі Ёаў і начальнікі войска ад валадара, каб палічыць народ Ізраіля.
5 І пераправіліся яны праз Ярдан, і затрымаліся ў Араэры, на поўдзень ад гораду, які на сярэдзіне лагчыны Гад, у накірунку Язэру.
6 І пайшлі яны ў Гілеад і ў зямлю Хетытаў у Кадэш, а адтуль пайшлі ў Дан, а з Дана павярнулі ў Сідон.
7 Пасьля прыйшлі яны ў крэпасьць Тыр, і ў-ва ўсе гарады Хівеяў і Хананейцаў, і накіраваліся ў Нэгеў Юдэйскі і ў Бээр-Шэву.
8 Так абыйшлі яны ўсю зямлю і праз дзевяць месяцаў і дваццаць дзён вярнуліся ў Ерусалім.
9 І Ёаў перадаў валадару лік перапісанага народу. Ізраіль налічыў васемсот тысячаў ваяроў, здатных да бою, а Юда — пяцьсот тысячаў ваяроў.
10 І задрыжэла сэрца Давіда дзеля таго, што палічыў ён народ, і сказаў Давід ГОСПАДУ: «Цяжка саграшыў я гэтым учынкам. І цяпер, ГОСПАДЗЕ, даруй віну слугі твайго, бо вельмі я неразумна зрабіў».
11 Калі назаўтра ўстаў Давід рана, слова ГОСПАДА было скіравана да прарока Гада, відушчага Давіда, кажучы:
12 «Ідзі і скажы Давіду: “Гэта кажа ГОСПАД. Тры пакараньні Я кладу табе. Выбяры сабе адно з іх, каб Я зрабіў табе гэта”».
13 І пайшоў Гад да Давіда, і паведаміў яму гэта: «Выбірай сабе, ці будзе панаваць голад тры гады ў зямлі тваёй, або тры месяцы ты будзеш уцякаць перад ворагамі тваімі, якія будуць перасьледаваць цябе, або на працягу трох дзён будзе панаваць пошасьць на зямлі тваёй. І цяпер рассудзі і вырашы, што мне адказаць Таму, Які мяне паслаў».
14 І адказаў Давід Гаду: «Гора мне! Але лепш патрапіць ў рукі ГОСПАДА, бо Ён — міласэрны, чым у рукі людзей!»
15 І спаслаў ГОСПАД заразу на Ізраіля ад раніцы да ўмоўленага часу. І памерла тады, пачынаючы ад Дану да Бээр-Шэвы семдзясят тысячаў чалавек.
16 І выцягнуў ужо анёл руку сваю на Ерусалім, каб яго зьнішчыць, але ГОСПАД зьлітаваўся дзеля няшчасьця і сказаў анёлу, што нішчыў людзей: «Досыць, цяпер спыні руку тваю!» А быў анёл ГОСПАДАЎ каля току Араўны Евусея.
17 Давід, бачачы анёла, які забіваў людзей, маліў ГОСПАДА: «Я саграшыў, я ўчыніў беззаконьне, але гэтыя авечкі, што яны зрабілі? Прашу, няхай рука Твая павернецца на мяне і на дом бацькі майго!»
18 У той дзень прыйшоў Гад да Давіда і сказаў яму: «Ідзі і пастаў ахвярнік ГОСПАДУ на таку Араўны Евусея».
19 І пайшоў Давід паводле слова Гада, як загадаў ГОСПАД.
20 І глянуў Араўна, і ўбачыў валадара і слугаў ягоных, што ідуць да яго. І выйшаў ён, і пакланіўся валадару тварам да зямлі,
21 і сказаў: «Што за прычына, што прыходзіць гаспадар мой да слугі свайго?» І сказаў яму Давід: «Купіць у цябе ток і паставіць на ім ахвярнік ГОСПАДУ, і тады спыніцца зараза, якая пануе паміж людзьмі».
22 І сказаў Араўна Давіду: «Няхай бярэ гаспадар мой, валадар, і складае ахвяру, як падабаецца яму. Вось, валы на цэласпаленьне, вось, малацілкі і ёрмы валовыя на дровы.
23 Усё аддае Араўна валадару!» І сказаў Араўна валадару: «Няхай ГОСПАД, Бог твой, будзе да цябе ласкавы!»
24 Валадар у адказ яму сказаў: «Ніякім чынам! Я куплю за грошы ад цябе і не складу дармовае цэласпаленьне ГОСПАДУ». І купіў Давід ток і валоў за пяцьдзясят сыкляў срэбра.
25 І пабудаваў Давід там ахвярнік ГОСПАДУ, і склаў ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя. І зьлітаваўся ГОСПАД над зямлёю, і перастаў караць Ізраіля.

Другая кніга Самуэля, 24 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.