Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Другазаконьне | 1 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Вось словы, якія прамовіў Майсей да ўсяго Ізраіля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфу, паміж Паранам, Тафелем, Лябанам, Хацэротам і Дызагабам,
2 на адлегласьці ў адзінаццаць дзён [дарогі] ад Харэву да Кадэш-Барнэа праз горы Сэір.
3 У саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы дзень месяца сказаў Майсей сынам Ізраіля ўсё, што яму ГОСПАД даручыў сказаць ім.
4 Пасьля перамогі над Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, і Огам, валадаром Башану, які жыў у Аштароце ў Эдрэі,
5 за Ярданам, у зямлі Мааў, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і казаць:
6 «ГОСПАД, Бог наш, гаварыў да нас на Харэве, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары.
7 Завярніцеся і вырушыце, і ідзіце на гару Амарэйцаў і да ўсіх суседзяў іхніх, у Арабу, у горы і ў даліны, і ў Нэгеў, і на бераг мора, і ў зямлю Хананейцаў, і ў Лібан, аж да вялікай ракі Эўфрат.
8 Глядзіце, вось Я даю вам гэтую зямлю. Ідзіце, вазьміце яе на ўласнасьць, бо яе запрысяг ГОСПАД аддаць Абрагаму, Ісааку і Якубу, і насеньню іхняму пасьля іх”.
9 І сказаў я вам ў той час: “Не магу я адзін весьці вас;
10 ГОСПАД, Бог ваш, памножыў вас, і сёньня вас так многа, як зорак у небе.
11 Няхай ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, дадасьць да гэтай лічбы ў тысячу разоў і дабраславіць вас, як Ён абяцаў вам.
12 Не магу я адзін забясьпечыць патрэбы вашыя, пераносіць цяжары вашыя і спрэчкі вашыя.
13 Выбярыце сабе ў пакаленьнях вашых людзей мудрых, разумных і выспрабаваных, і я пастаўлю іх начальнікамі вашымі”.
14 І вы адказалі мне: “Добрая рэч гэта, якую ты хочаш зрабіць”.
15 І выбраў я тады з начальнікаў пакаленьняў вашых мужоў справядлівых і паважаных, і паставіў іх начальнікамі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясятнікамі, дзясятнікамі і загадчыкамі працы для пакаленьняў вашых.
16 У той час загадаў я судзьдзям вашым: “Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва як брата, так і чужынца.
17 Не глядзіце на асобу на судзе: выслухайце як вялікага, так і малога, ня бойцеся анікога, бо гэта суд Божы. А калі б якая справа была вам цяжкай, скіроўвайце яе да мяне, і я выслухаю яе”.
18 У той час сказаў я вам усё, што вы маеце рабіць.
19 Потым пакінулі мы Харэў і прайшлі усю тую пустыню, вялікую і страшную, якую вы бачылі, у напрамку гор Амарэйскіх, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэш–Барнэа.
20 І сказаў я вам: “Вы прыйшлі да гор Амарэйскіх, якія мае нам даць ГОСПАД, Бог наш.
21 Агледзь зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог наш, увайдзі і вазьмі яе ў валоданьне, як сказаў табе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх; ня бойся і нічога не палохайся”.
22 І прыступілі вы ўсе да мяне, і сказалі: “Пашлём людзей перад намі, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісьці, і пра гарады, у якія маем увайсьці”.
23 Слова гэтае мне спадабалася, і я выбраў спаміж вас дванаццаць мужчынаў, па адным з кожнага пакаленьня.
24 Яны выйшлі і скіраваліся ў горы, і дайшлі аж да даліны Эшколь, і агледзелі яе.
25 І ўзялі яны ў рукі свае плады тае зямлі, і прынесьлі нам, і сказалі: “Добрая тая зямля, якую дае нам ГОСПАД, Бог наш”.
26 Але вы не хацелі ісьці і не паслухалі слова ГОСПАДА, Бога нашага.
27 І наракалі ў намётах сваіх, кажучы: “З нянавісьці да нас вывеў нас ГОСПАД з зямлі Эгіпецкай, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў на загубу.
28 Куды пойдзем? Нашыя браты напалохалі сэрцы нашыя, кажучы: ‘Народ той шматлікі і перавышае нас ростам, гарады там вялікія і аж у неба ўмацаваныя; бачылі мы нават там сыноў Анака’”.
29 І сказаў я вам: “Не дрыжыце і ня бойцеся іх.
30 ГОСПАД, Бог наш, Які ідзе перад намі, будзе за нас ваяваць, як зрабіў у Эгіпце на вачах нашых.
31 Бачыў ты таксама ў пустыні, як ГОСПАД насіў цябе, як звычайна носіць бацька сына свайго малога, ва ўсякай дарозе, якой вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў гэтае месца.
32 Але вы так і не паверылі ГОСПАДУ, Богу вашаму,
33 Які ідзе перад вамі ў дарозе, каб шукаць вам месца, дзе маглі б паставіць намёты — ноччу ў агні, каб асьвятляць вам дарогу, а ўдзень — у воблаку”.
34 Калі ГОСПАД пачуў голас словаў вашых, Ён разгневаўся і прысягнуў, кажучы:
35 “Ня ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакаленьня ліхога тую добрую зямлю, якую Я пад прысягай абяцаў бацькам вашым,
36 за выняткам Халева, сына Ефуны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я гэтую зямлю, па якой ён хадзіў, бо ён быў паслухмяны ГОСПАДУ”.
37 З-за вас і на мяне загневаўся ГОСПАД і сказаў: “І ты туды ня ўвойдзеш.
38 Егошуа, сын Нуна, слуга твой, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён увядзе Ізраіля ў валоданьне [зямлёю].
39 Дзеці вашыя, пра якіх вы гаварылі, што павядуць іх у палон, і сыны вашыя, якія сёньня не разумеюць, што добрае, а што ліхое, яны ўвойдуць; ім дам Я зямлю гэтую, і яны завалодаюць ёю.
40 А вы павярніце i ідзіце праз пустыню ў напрамку Мора Чырвонага”.
41 Адказалі вы мне: “Саграшылі мы перад ГОСПАДАМ, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш”. І вы перапаясаліся зброяй баявой і адважыліся пайсьці на гару.
42 І ГОСПАД сказаў мне: “Скажы ім: ‘Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо Я ня з вамі, каб не пабілі вас ворагі вашыя’”.
43 Перасьцерагаў я вас, але вы не хацелі слухаць, і супрацівіліся загаду ГОСПАДА і, гнаныя пыхаю, узыйшлі на гару.
44 І выйшлі супраць вас Амарэйцы, якiя жылі на той гары, і пагналі вас, як робяць пчолы, і білі вас ад Сэіру аж да Хармы.
45 І вярнуліся вы, і плакалі перад ГОСПАДАМ, але ГОСПАД ня выслухаў голасу вашага i не зьвярнуў увагі на вас.
46 І былі вы ў Кадэшы шмат часу, столькі дзён, колькі там заставаліся.

Кніга Другазаконьне, 1 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.