Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 22 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І так прайшлі тры гады без вайны паміж Сірыяй і Ізраілем.
2 А ў трэйці год Язафат, валадар Юды, прыйшоў да валадара Ізраіля.
3 І валадар Ізраіля сказаў слугам сваім: «Ці вы ня ведаеце, што Рамот у Гілеадзе наш, а мы маўчым, замест таго, каб забраць яго з рук валадара Сірыі?»
4 І зьвярнуўся ён да Язафата: «Ці ты пойдзеш са мною ваяваць за Рамот у Гілеадзе?» І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Як ты, так і я, і народ мой, як твой народ, і як коньнікі твае, так і коньнікі мае».
5 І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Запытайся сёньня, што на гэта скажа ГОСПАД».
6 І склікаў валадар Ізраіля прарокаў каля чатырохсот чалавек, і спытаўся ў іх: «Ці маю я ісьці ваяваць у Рамот у Гілеадзе, ці не?» Яны адказалі: «Ідзі, Госпад аддасьць яго ў рукі валадара».
7 І спытаўся Язафат: «Ці няма яшчэ іншага прарока ГОСПАДА, каб спытацца ў яго?»
8 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ёсьць яшчэ адзін чалавек, праз якога можам запытацца ГОСПАДА, але я яго ненавіджу, бо ён не праракуе мне добрае, але ліхое. Гэта Міхей, сын Імлі». Язафат сказаў яму: «Не гавары так, валадар».
9 І паклікаў валадар Ізраіля аднаго эўнуха, і загадаў яму: «Пасьпяшайся і прывядзі Міхея, сына Імлі».
10 А валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, сядзелі кожны на пасадзе сваім, апранутыя звычаем валадарскім, на плошчы каля ўваходу ў браму Самарыі, і перад імі праракавалі ўсе прарокі.
11 І Сэдэкія, сын Кенааны, зрабіў сабе жалезныя рогі, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Будзеш імі біць Сірыю, пакуль ня зьнішчыш яе”».
12 І ўсе іншыя прарокі падобна праракавалі, кажучыі: «Ідзі на Рамот у Гілеадзе і перамагай. ГОСПАД аддасьць яго ў рукі валадара».
13 А пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, сказаў яму: «Вось, усе прарокі ў адзін голас прадказваюць валадару добрае. Дык і ты кажы, як яны, і праракуй добрае».
14 Але Міхей сказаў яму: «На жыцьцё ГОСПАДА, што скажа мне ГОСПАД, тое і я скажу!»
15 І пайшоў ён да валадара, і валадар сказаў яму: «Міхей, ці маем мы ісьці ваяваць у Рамот у Гілеадзе, ці не?» Ён адказаў яму: «Ідзі і ваюй шчасьліва, і ГОСПАД аддасьць яго ў рукі валадара».
16 І сказаў яму валадар: «Яшчэ і яшчэ раз запрысягаю цябе, каб ты казаў праўду ў імя ГОСПАДА».
17 І ён сказаў: «Бачыў я ўвесь Ізраіль, разагнаны па гарах, як авечкі, якія ня маюць пастуха. І сказаў ГОСПАД: “Ня маюць яны валадара. Няхай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі”».
18 І сказаў тады валадар Ізраіля Язафату: «Ці я табе не казаў, што ён заўсёды праракуе мне не дабро, а зло?»
19 А той працягваў далей: «Уважліва слухай слова ГОСПАДА. Бачыў я ГОСПАДА, Які сядзеў на пасадзе Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла каля Яго справа і зьлева.
20 І сказаў ГОСПАД: “Хто намовіць Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Гілеадзкім?” І адзін казаў так, а другі іначай.
21 І выступіў дух, і стауў перад ГОСПАДАМ, і сказаў: “Я намоўлю яго”. І сказаў яму ГОСПАД: “Як?”
22 А ён сказаў: “Я выйду і стануся духам хлусьлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных”. І ГОСПАД сказаў: “Ты намовіш яго, гэта табе атрымаецца. Ідзі і так рабі!”
23 Таму вось ГОСПАД даў цяпер духа хлусьлівага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх, бо ГОСПАД ужо раней прадказаў табе загубу».
24 Тады Сэдэкія, сын Кенааны, падыйшоў і ўдарыў Міхея ў твар, кажучы: «Якім чынам адыйшоў дух ГОСПАДА ад мяне, каб прамаўляць да цябе?»
25 А Міхей адказаў: «Ты сам убачыш той дзень, калі будзеш перабягаць з пакою ў пакой, каб схавацца”.
26 І загадаў валадар Ізраіля: «Вазьмі Міхея і завядзі яго да Амона, начальніка горада, і да сына валадарскага Ёаша,
27 і скажы: “Так загадаў валадар: "Пасадзіце яго ў вязьніцу і карміце яго скупа хлебам і вадой аж да майго вяртаньня ў супакоі"”».
28 А Міхей сказаў: «Калі сапраўды ты вернешся ў супакоі, не гаварыў ГОСПАД праз мяне». І дадаў: «Слухайце гэта, ўсе народы!»
29 І пайшоў валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, ў Рамот у Гілеадзе.
30 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бой, а ты апрані шаты твае». І валадар Ізраіля зьмяніў адзеньне і пайшоў у бой.
31 А валадар Сірыі загадаў трыццаці двум вазцам калясьніцаў: «Не ваюйце ані з вялікім, ані з малым, а толькі супраць валадара Ізраіля».
32 І калі вазцы калясьніцаў убачылі Язафата, яны вырашылі, што ён — валадар Ізраіля, і акружылі яго, каб з ім ваяваць, і Язафат закрычаў.
33 І вазцы калясьніцаў зразумелі, што гэта не валадар Ізраіля, і адступілі ад яго.
34 І адзін ваяр нацягнуў лук, і выпадкова раніў валадара Ізраіля між поясам і панцырам. І сказаў валадар возьніку свайму: «Завярні і вывязі мяне спаміж войска, бо я цяжка паранены».
35 І ў той дзень разгарэўся бой, а валадар стаяў у калясьніцы сваёй супраць Сірыйцаў, і памёр вечарам. І кроў ягоная сьцякала ў калясьніцу.
36 На заходзе сонца ў войску закрычалі: «Няхай кожны вяртаецца ў горад свой і ў зямлю сваю!»
37 І памёр валадар, і быў прывезены ён у Самарыю, і пахавалі валадара ў Самарыі.
38 А пасьля вымылі калясьніцу ягоную ў сажалцы ў Самарыі, і сабакі лізалі кроў ягоную, а блудніцы мылі яе паводле слова ГОСПАДА, якое Ён сказаў.
39 А іншыя дзеяньні Ахава, і ўсё, што ён рабіў, і дом з косьці слановай, які ён пабудаваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
40 І супачыў Ахаў з бацькам сваім, а пасьля яго валадарыў сын ягоны Ахазія.
41 Язафат, сын Асы, стаў валадаром Юды ў чацьвёртым годзе Ахава, валадара Ізраіля.
42 Язафат меў трыццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і дваццаць пяць гадоў валадарыў ён у Ерузаліме. Маці ягоная называлася Азуба, дачка Шылхі.
43 І хадзіў ён у-ва ўсім шляхам бацькі свайго Асы і не зыходзіў з яго, і рабіў, што было праведным у вачах ГОСПАДА.
44 Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ яшчэ складаў ахвяры і кадзіў на ўзгорках.
45 І Язафат жыў мірна з валадаром Ізраіля.
46 Іншыя дзеяньні Язафата і мужнасьць, і што рабіў, і як ваяваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
47 А рэшткі распусьнікаў, якія заставаліся ў дні бацькі ягонага Асы, ён вынішчыў з зямлі.
48 І ў доме не было тады валадара, але намесьнік валадарскі.
49 І валадар Язафат пабудаваў караблі ў Таршышы, каб плысьці ў Афір па золата. Але яны не паплылі, бо паразьбіваліся ў Эцыён-Гэбэры.
50 Тады Ахазія, сын Ахава, сказаў Язафату: «Няхай слугі мае пойдуць на караблі са слугамі тваімі». Але Язафат не захацеў.
51 І Язафат супачыў з бацькамі сваімі, і быў разам з імі пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго, а пасьля яго валадарыў сын ягоны Егарам.
52 Ахазія, сын Ахава, стаў валадаром у Самарыі ў сямнаццатым годзе Язафата, валадара Юды, і быў валадаром у Ізраілі два гады.
53 І дапускаўся ён усяго таго, што ліхім было ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхкам бацькі свайго і шляхам маці сваёй, і шляхам Ерабаама, сына Навата, які ўводзіў у грэх Ізраіля.
54 І служыў ён Баалу, і пакланяўся яму, і гэтым гневаў ГОСПАДА, Бога Ізраіля, усё так, як рабіў бацька ягоны.

Першая кніга Валадароў, 22 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.