Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 18 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Па доўгім часе, у трэйці год было слова ГОСПАДА да Ільлі, кажучы: «Ідзі і пакажыся Ахаву, і Я дам дождж на зямлю».
2 І пайшоў Ільля, каб паказацца Ахаву. А ў Самарыі быў страшэнны голад.
3 І паклікаў Ахаў Абадыю, аканома, а Абадыя баяўся ГОСПАДА.
4 І калі Езабэль забівала прарокаў ГОСПАДАВЫХ, ён узяў сто прарокаў і схаваў іх па пяцьдзясят у адной і ў другой пячоры, і карміў іх хлебам і вадой.
5 І сказаў Ахаў Абадыі: «Прайдзі па зямлі па ўсіх крыніцах і па ўсіх лагчынах, можа, знойдзеш дзе траву, каб зьберагчы жывымі коней і валоў, і не замарыць голадам жывёлы».
6 І падзялілі паміж сабой краіну, каб абыйсьці яе. Ахаў пайшоў адной дарогай, а Абадыя — другой дарогай асобна.
7 І калі Абадыя быў у дарозе, выйшаў Ільля яму на спатканьне. І ён, калі пазнаў яго, упаў на твар свой і сказаў: «Ці гэта ты, гаспадару мой, Ільля?»
8 Ён адказаў яму: «Так, я. Ідзі і скажы гаспадару твайму: “Вось, Ільля тут”».
9 Абадыя сказаў: «Чым я саграшыў, што ты аддаеш мяне, слугу твайго, у рукі Ахава, каб ён забіў мяне?
10 На жыцьцё ГОСПАДА, Бога твайго! Няма народу або валадарства, да якога б не паслаў гаспадар мой, каб цябе адшукаць. А калі адказалі ўсе: “Няма яго тут”, дык ён загадаў прысягнуць кожнаму валадарству і кожнаму народу, што цябе нельга там знайсьці.
11 І ты кажаш мне цяпер: “Ідзі і скажы гаспадару твайму: "Вось, Ільля тут"”.
12 А калі я адыйдуся ад цябе, возьме цябе Дух ГОСПАДА і занясе ў месца, якога я ня ведаю. І калі я пайду і паведамлю Ахаву, а ён ня знойдзе цябе, ён заб’е мяне. А слуга ж твой баіцца ГОСПАДА ад маленства свайго.
13 Ці не было сказана гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езабэль забівала прарокаў ГОСПАДА? Я тады схаваў сто чалавек спаміж прарокаў ГОСПАДА па пяцьдзясят у кожнай пячоры і карміў іх хлебам і вадой.
14 А ты мне цяпер кажаш: “Ідзі і скажы гаспадару свайму: "Вось, Ільля тут"”. Ён жа заб’е мяне».
15 Але Ільля адказаў: «На жыцьцё ГОСПАДА Магуцьцяў, перад абліччам Якога я стаю, яшчэ сёньня я пакажуся яму».
16 І Абадыя пайшоў на спатканьне з Ахавам, і сказаў яму. І пайшоў Ахаў на сустрэчу з Ільлёй.
17 І калі ўбачыў яго, сказаў: «Ці ты той, хто трывожыць Ізраіля?»
18 Ён адказаў: «Ня я трывожу Ізраіля, але ты і род бацькі твайго, бо ты не выконваеш прыказаньні ГОСПАДА і пайшоў за Баалам.
19 І цяпер пашлі і зьбяры да мяне на гару Кармэль усяго Ізраіля, а таксама чатырыста пяцьдзясят прарокаў Баала і чатырыста прарокаў Астарты, якія ядуць са стала Езабэлі».
20 І паслаў Ахаў па ўсіх сыноў Ізраіля, і сабраў прарокаў на гару Кармэль.
21 І зьвярнуўся Ільля да ўсяго народу і сказаў: «Дакуль будзеце кульгаць на абедзьве нагі? Калі ГОСПАД ёсьць Бог, ідзіце за Ім, а калі Баал, ідзіце за ім». Але народ ані слова не адказаў яму на гэта.
22 І сказаў Ільля да народу: «Я адзін застаўся з прарокаў ГОСПАДА, а прарокаў Баала — чатырыста пяцьдзясят.
23 Дык няхай дадуць нам двух бычкоў, і няхай яны выбяруць сабе аднаго бычка, пасякуць яго і пакладуць на дровы, але няхай не падкладаюць агню! І я падрыхтую другога бычка і палажу яго таксама на дровы, але агню не падкладу.
24 І вы будзеце клікаць імя бога вашага, а я буду клікаць імя ГОСПАДА. І той Бог, Які выслухае і спашле агонь, Той ёсьць сапраўдны Бог!» І ўвесь народ адказаў: «Добрае гэта слова».
25 І сказаў Ільля прарокам Баала: «Выбярыце сабе аднаго бычка і пачніце першыя, бо вас шмат, і клічце імя бога вашага, не падкладаючы агню».
26 І ўзялі яны бычка, якога даў ім, і падрыхтавалі, і клікалі імя Баала ад раніцы аж да паўдня, крычучы: «Баал, выслухай нас!» Але не было ані голасу, ані адказу. І яны скакалі кругом ахвярніка, які зрабілі.
27 І апоўдні Ільля пачаў сьмяяцца з іх, кажучы: «Клічце мацней, бо гэта ж бог, можа, ён нечым заняты, а можа, недзе выйшаў, а можа, у дарозе або сьпіць, дык няхай абудзіцца!»
28 І яшчэ мацней крычалі яны, і калечылі сябе паводле звычаю свайго нажамі і дзідамі, аж лілася з іх кроў.
29 І прайшоў поўдзень, а яны ўсё праракавалі аж да часу складаньня ахвяраў хлебных, але ня чулася аніякага голасу і ніхто не зьвяртаў увагі на малттву іхнюю.
30 І сказаў Ільля ўсяму народу: «Падыйдзіце да мяне». І калі народ падыйшоў да яго, ён аднавіў ахвярнік ГОСПАДА, які быў развалены.
31 І прынёс ён дванаццаць камянёў паводле лічбы пакаленьняў сыноў Якуба, якому ГОСПАД сказаў: «Ізраіль будзе імя тваё».
32 І з тых камянёў пабудаваў ахвярнік для імя ГОСПАДА, і выкапаў роў кругом ахвярніка, які зьмяшчаў два саты зерня.
33 І паклаў ён дровы, і расьсек на часткі бычка, і палажыў на дровы,
34 і сказаў: «Набярыце чатыры вядры вады і выліце ў роў і на дровы!» І сказаў: «Зрабіце тое самае другі раз». І калі аблілі другі раз, сказаў: «І трэйці раз зрабіце тое самае». І зрабілі трэйці раз.
35 І пацякла вада кругом ахвярніка, і роў быў запоўнены вадою.
36 А калі ўжо быў час складаць ахвяру хлебную, падыйшоў Ільля прарок і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Абрагама, Ісаака і Ізраіля! Сёньня даведаюцца яны, што Ты — Бог у Ізраіля, і што я — слуга Твой, і што паводле слова Твайго зрабіў усё гэта.
37 Выслухай мяне, ГОСПАДЗЕ, выслухай мяне, каб зразумеў народ гэты, што Ты, ГОСПАДЗЕ, — Бог, і Ты навярні зноў сэрца іхняе!»
38 І зыйшоў агонь ГОСПАДАЎ, і спаліў ахвяру, і дровы, і камяні, і попел, а таксама ваду, якая была ў рове, высушыў.
39 Калі ўбачыў гэта ўвесь народ, упаў на твар свой і сказаў: «ГОСПАД — гэта Бог! ГОСПАД — гэта Бог!»
40 І загадаў ім Ільля: «Схапіце прарокаў Баала, і няхай ніводзін з іх не ўцячэ!» Калі іх схапілі, завёў іх Ільля да ракі Кішон і там пазабіваў іх.
41 І сказаў Ільля Ахаву: «Ідзі, еш і пі, бо я чую шум вялікага дажджу!»
42 І пайшоў Ахаў есьці і піць, а Ільля ўзыйшоў на вяршыню Кармэля і, нахіліўшыся да зямлі, схаваў твар свой між каленяў.
43 І сказаў ён слузе свайму: «Выйдзі і глянь на мора». І той выйшаў, і глянуў, і сказаў: «Няма нічога». А Ільля сказаў яму: «Вяртайся сем разоў!»
44 І ў сёмы раз сказаў ён: «Вось, воблака малое, нібы рука чалавечая, падымаецца з мора». І сказаў яму: «Ідзі і скажы Ахаву: “Запрагай і ад’яжджай, каб не захапіў цябе дождж!”»
45 Неўзабаве неба пацямнела ад хмараў і ветру, і пачаўся лівень. А Ахаў сеў у калясьніцу і накіраваўся ў Езрээль.
46 Рука ж ГОСПАДА ўспамагала Ільлі. І ён, падперазаўшы паясьніцу сваю, пабег перад Ахавам і прыйшоў у Езрээль.

Першая кніга Валадароў, 18 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.