Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Валадароў | 6 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 У чатырыста васемдзясятым годзе пасьля выхаду Ізраілю з зямлі Эгіпецкай, у чацьвёртым годзе валадараньня Салямона над Ізраілем, у месяцы Зіў, значыць другім месяцы, пачаў [Салямон] будаваць Дом ГОСПАДАЎ.
2 Дом, які валадар Салямон будаваў для ГОСПАДА, меў шэсьцьдзесят локцяў даўжыні і дваццаць локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні.
3 Прысенак перад сьвятыняй меў дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна да шырыні сьвятыні, і дзесяць локцяў шырыні перад сьвятыняй.
4 І зрабіў ён у сьвятыні наўскосныя вокны з кратамі,
5 і зрабіў прыбудову ўздоўж сьценаў сьвятыні, вакол сьвятыні і Мейсца Найсьвяцейшага, і бакавыя памяшканьні кругом.
6 І меў ніжні паверх пяць локцяў шырыні, сярэдні — шэсьць локцяў шырыні, а трэйці — сем локцяў шырыні, бо ён заагледзеў дом звонку ў выступы, каб прыбудова не датыкалася да сьценаў сьвятыні.
7 Пры пабудове сьвятыні карысталіся абчэсанымі камянямі, і ў сьвятыні не было чутна ані молату, ані сякеры, ані ніякай жалезнай прылады, калі яе будавалі.
8 Дзьверы ў сярэдняе бакавое памяшканьне былі з правага боку дому, праз якое па крутых сходах узыходзілася да сярэдняга, а з сярэдняга — да трэйцяга паверху.
9 Так вось пабудаваў ён гэтую сьвятыню, і скончыў яе. І абшыў ён сьвятыню кедровымі дошкамі.
10 І дабудаваў да ўсяе сьвятыні бакавыя памяшканьні ў пяць локцяў вышыні, і яны былі прымацаваныя да сьвятыні кедровымі бярвеньнямі.
11 І прамовіў ГОСПАД да Салямона, кажучы:
12 «Што да дому гэтага, які ты будуеш, то калі будзеш выконваць закон Мой, і пастановы Мае, і ўсе прыказаньні Мае, трымаючыся іх, Я споўню на табе слова Маё, якое абяцаў Давіду, бацьку твайму.
13 І буду Я жыць між сыноў Ізраіля, і не пакіну народу Майго, Ізраіля».
14 І пабудаваў Салямон сьвятыню, і закончыў яе.
15 І знутры абшыў сьцены сьвятыні кедровымі дошкамі, ад падлогі сьвятыні аж да бэлькаў столі ўнутры абшыў дрэвам, а падлогу сьвятыні пакрыў кіпарысавымі дошкамі.
16 А з задняга боку сьвятыні паставіў сьцену з кедровых дошак у дваццаць локцяў вышыні ад падлогі, каб аддзяліць Дэбір, значыць Мейсца Найсьвяцейшае.
17 Сорак локцяў даўжыні мела сьвятыня бяз Мейсца Найсьвяцейшага.
18 Кедровыя сьцены ўнутры ўпрыгожвалі рэзьбленыя плады і кветкі. Усё было з кедру, і камяня не было відаць [на сьценах].
19 Мейсца Найсьвяцейшае было прыгатаванае ў сярэдзіне пабудовы, каб там паставіць Каўчэг Запавету ГОСПАДа.
20 Мела яно дваццаць локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і дваццаць локцяў вышыні. І ён абклаў яго чыстым золатам. Таксама збудаваў кедровы ахвярнік перад Дэбірам.
21 Унутры Салямон аблажыў сьвятыню таксама шчырым золатам, і нацягнуў залатыя ланцугі перад Мейсцам Найсьвяцейшым, якое таксама абшыў золатам.
22 І нічога не было ў сьвятыні, каб не было пакрыта золатам. Таксама ахвярнік перад Мейсцам Найсьвяцейшым пакрыў золатам.
23 І паставіў у Мейсцы Найсьвяцейшым двух херувімаў з дрэва аліўкавага ў дзесяць локцяў вышыні.
24 Адно крыло херувімаў мела пяць локцяў, і другое крыло мела таксама пяць локцяў. І ад канца аднаго крыла да канца другога крыла было дзесяць локцяў.
25 Другі херувім таксама меў дзесяць локцяў. Абодва херувімы мелі такія самыя памеры і выгляд.
26 Вышыня аднаго і другога херувіма была дзесяць локцяў.
27 І паставіў ён гэтых херувімаў у сярэдзіне ўнутранай часткі. І крылы херувімаў былі раскінуты так, што крыло аднаго дакраналася адной сьцяны, а крыло другога датыкалася другой сьцяны. А іхнія другія крыльлі зыходзіліся ў сярэдзіне сьвятыні крыло з крылом.
28 І пакрыў ён херувімаў золатам.
29 А на ўсіх сьценах сьвятыні кругом выразаў выявы херувімаў, пальмавых дрэваў і кветак, што красуюць, унутры і звонку.
30 Падлогу сьвятыні пакрыў таксама золатам, унутры і звонку.
31 А уваход у Мейсца Найсьвяцейшае заагледзеў у дзьверы з аліўкавага дрэва з пяцівугольнымі вушакамі.
32 На дзьвюх паловах дзьвярэй з аліўкавага дрэва ён вырабіў херувімаў, пальмы і кветкі, што красуюць, і пацягнуў іх золатам. Золатам таксама пакрыў херувімаў і пальмы.
33 Каля ўваходу ў сьвятыню ён зрабіў чатырохвугольныя вушакі з аліўкавага дрэва,
34 і двое дзьвярэй з кіпарырысавага дрэва. Абедзьве паловы адных дзьвярэй былі рухомыя, і абедзьве паловы другіх дзьвярэй былі рухомыя.
35 І выразьбіў на іх херувімаў, пальмы і кветкі, што красуюць, і пацягнуў разьбу золатам.
36 І аббудаваў ён унутраны панадворак трыма радамі чэсаных камянёў і трыма радамі чэсаных кедровых бярвеньняў.
37 Падмурак Дому ГОСПАДА быў закладзены ў месяцы Зіў чацьвёртага году,
38 а ў шаснаццатым годзе, у месяцы Буль, значыцца, у восьмым месяцы, была скончаная сьвятыня з усімі прыналежнасьцямі ейнымі і з ўсім ўпарадкаваньнем яе. Будаваў ён сьвятыню сем гадоў.

Першая кніга Валадароў, 6 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.