Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў | 1 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Пасьля сьмерці Егошуа раіліся сыны Ізраіля ў ГОСПАДА: «Хто з нас першы выступіць супраць Хананейцаў ваяваць з імі?»
2 ГОСПАД адказаў ім: «Няхай выступіць Юда, бо Я аддаў зямлю гэтую ў рукі ягоныя».
3 І сказаў Юда Сымону, брату свайму: «Увайдзі са мной у жэрабя маё і будзем разам ваяваць супраць Хананейцаў, а я ўвайду з табой у жэрабя тваё». І пайшоў з ім Сымон.
4 І пайшоў Юда, і аддаў ГОСПАД у рукі іхнія Хананейцаў і Пэрэзеяў, і ў Бэзэку выбілі яны дзесяць тысячаў мужчын.
5 У Бэзэку сустрэліся яны з Адоні-Бэзэкам і ваявалі з ім, і перамаглі Хананейцаў і Пэрэзеяў.
6 І Адоні-Бэзэк уцёк, але яны дагналі яго, і схапілі, і адрэзалі вялікія пальцы на руках і нагах ягоных.
7 Тады вось сказаў Адоні-Бэзэк: «Семдзясят валадароў з адрэзанымі вялікімі пальцамі на руках і нагах зьбіралі крошкі пад сталом маім. І як я рабіў, так і мне Бог адплаціў». І завялі яго ў Ерусалім, і там ён памёр.
8 І ваявалі сыны Юды з Ерусалімам, і захапілі яго, і выбілі мячом народ ягоны, а горад спалілі.
9 Потым падняліся і ваявалі супраць Хананейцаў, якія жылі ў гарах, у Нэгеве і ў Шэфэлі.
10 Пасьля пайшоў Юда супраць Хананейцаў, якія жылі ў Хеўроне, што раней называўся Кірыят-Арба, і пабіў Шэшая, Ахімана і Тальмая.
11 Адтуль пайшоў ён супраць жыхароў Дэбіру, старое імя якога было Кірыят-Сэфэр.
12 Халеў сказаў: «Хто нападзе на Кірыят-Сэфэр і здабудзе яго, таму дам за жонку Ахсу, дачку сваю».
13 І здабыў яго Атніэль, сын Кеназа, малодшага брата Халева, і Халеў аддаў яму за жонку Ахсу, дачку сваю.
14 Калі яна прыйшла, ён намовіў яе, каб прасіла ў бацькі свайго поля. І калі яна зьлезла з асла, сказаў ёй Халеў: «Што ты хочаш?»
15 А яна адказала: «Дабраславі мяне, бо даў ты мне сухую зямлю Нэгеў, дык дай мне і крыніцу з вадою». І даў ёй Халеў крыніцы на ўзвышшах і крыніцы ў даліне.
16 Сыны Кенэя, цесьця Майсея, выйшлі з гораду Пальмаў з сынамі Юды ў пустыню, што на поўдзень ад Араду, і там абжыліся з Амалекцамі.
17 І пайшоў Юда з братам сваім Сымонам, і разам напалі яны на Хананейцаў, якія жылі ў Цэфаце, перамаглі іх і наклалі на іх клятву, ад чаго названы быў горад гэты Харма.
18 Юда ўзяў таксама Газу і ваколіцы ейныя, Ашкелён і Экрон з ваколіцамі іхнімі.
19 І ГОСПАД быў з Юдам, таму захапіў ён горы, але ня мог выгнаць жыхароў даліны, бо мелі яны жалезныя калясьніцы.
20 Халеву аддалі Хеўрон, як загадаў Майсей, і выгнаў ён адтуль трох сыноў Анака.
21 А сыны Бэн’яміна ня выгналі з Ерусаліму жыхароў ягоных, Евусеяў; і яны жывуць па сёньняшні дзень разам з сынамі Бен’яміна.
22 Таксама сыны Язэпа пайшлі ў Бэтэль, і ГОСПАД быў з імі.
23 Калі яны выведвалі гэты горад, што раней называўся Люз,
24 убачылі выведчыкі чалавека, які выходзіў з гораду, і сказалі яму: «Пакажы нам уваход у горад, і мы акажам табе ласку».
25 Калі ён паказаў ім уваход, яны выбілі горад вострывам мяча, а чалавека таго і ўсіх сваякоў ягоных адпусьцілі.
26 Той жа, адпушчаны, пайшоў у зямлю Хетытаў і заснаваў там горад, і назваў яго Люзам, які гэтак называецца па сёньняшні дзень.
27 А Манаса не здабыў Бет-Шэан і Таанах з ваколіцамі іхнімі, і ня выгнаў жыхароў Дору, і Іблеаму, і Мэгіддо з вёскамі іхнімі, і засталіся Хананейцы на гэтай зямлі.
28 А калі Ізраільцяне ўмацаваліся, яны зрабілі Хананейцаў прыгоннымі, але іх ня выгналі.
29 Таксама Эфраім ня выгнаў Хананейцаў, што жылі ў Гезэры, і Хананейцы жылі сярод іх у Гезэры.
30 І Завулён ня выгнаў жыхароў Кітрону і Нагалалу, і Хананейцы жылі між іх, і сталіся ў іх прыгоннымі.
31 Таксама Асэр ня выгнаў жыхароў Акко, Сідону, Ахлябу, Ахзібу, Гэльбы, Афэка і Рэхоба.
32 І жыў Асэр сярод Хананейцаў, жыхароў той зямлі, бо ня выгнаў іх.
33 І Нэфталі ня выгнаў жыхароў Бэт-Шэмешу і Бэт-Анату, і жыў між Хананейцаў, жыхароў зямлі гэтае, і жыхары Бэт-Шэмешу і Бэт-Анату былі ў яго прыгоннымі.
34 Амарэйцы выпхнулі сыноў Дана ў горы і не далі ім месца, каб пашырыліся ў даліне.
35 Амарэйцы жылі ў Гар-Хэрэсе, у Аялоне і ў Шальбіме. І зацяжыла над імі рука дому Язэпа, бо сталіся яны яму прыгоннымі.
36 Межы Амарэйцаў цягнуліся ад узвышша Акраббім і ад Сэлі і вышэй.

Кніга Судзьдзяў, 1 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.