Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Гаспадарстваў | 1 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I кароль Давід застараўся, уйшоў у гады, дык пакрывалі яго адзецьцямі, але ня мог ён угрэцца.
2 I сказалі яму слугі ягоныя: «Хай пашукаюць спадару нашаму, каралю, дзеўку дзявушчую, каб яна стала да караля, і будзе яму пелегавачкаю, і каб ляжала на ўлоньню тваім, — і будзе цёпла спадару нашаму, каралю».
3 I шукалі харошае дзеўкі ў вусіх граніцах Ізраельскіх, і знайшлі Авішаґу Шунамлянку, і прывялі яе да караля.
4 Дзеўка была надта харошал, і была пелегавачкаю каралю, і паслугавала яму; але кароль не пазнаў яе.
5 Адоня, сын Гаґіфін, вяльмуваўся, кажучы: «Я буду караляваць». I прыдбаў сабе цялежкі а коньнікаў а пяцьдзясят чалавекаў бегаць перад ім.
6 Ацец жа ніколі ня смуціў яго, кажучы: «Чаму ты гэтак зрабіў?» I ён быў таксама вельмі пазорны, і радзіўся яму просьле Аўсалома.
7 I змаўляўся ён ізь Ёавам Царуёнкам а з Авафаром сьвятаром, і яны памагалі Адоні.
8 Але сьвятар Садок а Веная Егоядзёнак а прарока Нафан а Шымэй а Рэі а дужыя Давідавы ня былі з Адоням.
9 I зарэзаў Адоня драбнога, і буйнога статку, і кормнага статку ля каменя Зогелеф, каторы ля жарала Роґель, і пазваў усіх братоў сваіх, сыноў каралёвых, і ўсіх Юдэян, слугаў каралёвых.
10 Прароку ж Нафана а Венаю а тых дужых а Салямона, брата свайго, не пазваў.
11 Тады Нафан сказаў Бат-Шэве, маці Салямонавай, кажучы: «Ці чула ты, што Адоня, сын Гаґіфін, каралюе, а Давід, наш спадар, ня ведае?
12 Дык цяпер хадзі, параджу табе раду, і ўратуеш душу сваю й душу сына свайго Салямона.
13 Ідзі і ўвыйдзі да караля Давіда, і скажы яму: “Ці не прысягаў ты, спадару мой, каролю, служэбцы сваёй, кажучы: ‘Сын твой Салямон будзе каралём просьле мяне, і ён сядзе на пасадзе маім’? Дык чаму ж каралюе Адоня?”
14 I вось, як ты яшчэ будзеш гутарыць там із каралём, увыйду й я за табою й дапоўню словы твае».
15 Бат-Шэва прышла да караля да пакою; кароль быў вельма стары, і Авішаґа Шунамлянка паслугавала каралю;
16 I нахінулася Бат-Шэва, і пакланілася каралю; і сказаў кароль: «Чаго табе?»
17 Яна сказала яму: «Спадару мой! ты прысягаў служэбцы сваёй СПАДАРОМ, Богам сваім, што: “Сын твой Салямон будзе караляваць просьле мяне і ён сядзе на пасадзе маім”.
18 А цяпер, вось, Адоня закараляваў, і ты, спадар мой, кароль, ня ведаеш.
19 I зарэзаў ён множасьць валоў а кормных а драбнога статку, і пазваў усіх сыноў каралеўскіх а сьвятара Авафара а вайводцу Ёава; Салямона ж, слугу твайго, не пазваў.
20 Але ты, спадару мой, — кароль, і вочы ўсіх Ізраялян на табе, каб ты наказаў ім, хто сядзе на пасадзе спадара майго караля просьле яго.
21 I будзе, як спадар мой, кароль, супачыне з айцамі сваімі, мяне а майго сына Салямона будуць мець за грэшнікаў».
22 I вось, яшчэ яна гутара з каралём, Нафан прарока прышоў.
23 I азнаймілі каралю, кажучы: «Во Нафан прарока». I уйшоў ён да караля, і пакланіўся каралю відам да зямлі.
24 I сказаў Нафан: «Спадару мой каролю! ты сказаў: “Адоня будзе караляваць просьле мяне і ён сядзе на пасадзе маім”?
25 Бо ён цяпер зышоў, і зарэзаў множасьць валоў, кормных а драбнога статку, і пазваў усіх сыноў каралеўскіх а вайводцаў а сьвятара Авафара, і вось, яны ядуць і п’юць у яго, і кажуць: “Хай жывець кароль Адоня!”
26 А мяне, мяне, слугу твайго, а сьвятара Садока а Венаю Ёгоядзёнка а твайго слугу Салямона не пазваў.
27 Ці не ад спадара майго, караля, сталася гэта, і ты не наказаў слузе свайму, хто сядзе на пасадзе спадара майго, караля, просьле яго?»
28 I адказаў кароль Давід, і сказаў: «Гукніце імне Бат-Шэву». I ўвыйшла яна да караля, і стала перад каралём.
29 І прысяг кароль, і сказаў: «Жыў СПАДАР, каторы вывальняў душу маю з усялякае немарасьці!
30 Бо як я прысягнуў табе СПАДАРОМ, Богам Ізраелявым, кажучы, што Салямон, сын твой, будзе караляваць просьле мяне, і ён сядзе на пасадзе маім замест мяне, так я й зраблю гэта сядні».
31 I нахінулася Бат-Шэва відам да зямлі, і пакланілася каралю, і сказала: «Хай жывець спадар мой, кароль Давід, на векі!»
32 I сказаў кароль Давід: «Пагукайце да мяне сьвятара Садока а прароку Нафана а Венаю Ёгоядзёнка». I ўвыйшлі яны да караля.
33 I сказаў ім кароль: «Вазьміце із сабою слугаў спадара свайго, і пасадзіце Салямона, сына майго, на мула майго, і зьвязіце яго да Ґігону.
34 I хай памажа яго там Садок сьвятар а Нафан прарока за караля над Ізраелям, і затрубіце ў трубу, і гукніце: “Хай жывець кароль Салямон!”
35 I вы ўзыйдзіце за ім, і ён прыйдзе, і сядзе на пасадзе маім; ён будзе караляваць замест мяне; яму я расказаў быць правадыром над Ізраелям а Юдаю».
36 І адказаў Веная Ёгоядзёнак каралю, і сказаў: «Амін! — хай скажа так СПАДАР, Бог спадара майго караля!
37 Як быў СПАДАР Бог із спадаром маім каралём, так хай будзе Ён із Салямонам, і хай узьвяліча пасад ягоны болей за пасад спадара майго, караля Давіда!»
38 I пайшлі Садок сьвятар а Нафан прарока а Веная Ёгоядзёнак а Херэфеі а Пелефеі, і пасадзілі Салямона на мула караля Давіда, і павялі яго да Ґігону.
39 I ўзяў Садок сьвятар рог алейны з будану, і памазаў Салямона. I затрубілі ў трубу, і ўвесь люд гукнуў: «Хай жывець кароль Салямон!»
40 I ўзышоў увесь люд за ім, і дудзеў люд у дудкі, і радаваліся радасьцяй вялікай, ажно зямля ськяпалася ад гуку іхнага.
41 I пачуў Адоня а ўсі пазваныя, што зь ім, а яны канчалі есьці; а Ёаў пачуў гук трубы і сказаў: «Што гэта за гоман месцкі равучы?»
42 Яшчэ ён гукаў, як прышоў Ёнафан Авафаронак, сын сьвятароў. I сказаў Адоня: «Уйдзі; ты — чалавек дабрародны і нясеш добрую навіну».
43 I адказаў Ёнафан, і сказаў Адоні: «Але, спадар наш, кароль Давід, устанавіў Салямона за караля.
44 I паслаў кароль ізь ім Садока сьвятара а Нафана прароку а Венаю Ёгоядзёнка а Херэфеяў а Пелефеяў, і яны пасадзілі яго на мула каралеўскага.
45 I памазаў яго Садок сьвятар а Нафан прарока за караля ў Ґігоне, і ўзышлі стуль з радасьцяй, і загудзела места. Вось прычына гуку, каторы вы чулі.
46 I таксама ўжо сеў Салямон на каралеўскім пасадзе.
47 I таксама прышлі служцы каралёвы дабраславідь спадара нашага, караля Давіда, кажучы: “Хай учыне Бог лепшым імя Салямона за твае імя, і хай узьвяліча пасад ягоны болей за твой пасад”. I пакланіўся кароль на ложку сваім.
48 I таксама гэтак сказаў кароль: “Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, Каторы сядні даў седзячага на пасадзе маім, і вочы мае бачаць яго”».
49 Задрыжэлі і ўсталі ўсі пазваныя, што былі ўв Адоні, і пайшлі кажны сваёю дарогаю.
50 Адоня, баючыся Салямона, устаў а пайшоў а ўхапіўся за рогі аброчніка.
51 I наказалі Салямону, кажучы: «Вось, Адоня баіцца караля Салямона, і вось, ён ухапіўся за рогі аброчніка, кажучы: “Хай прысягне імне сядні кароль Салямон, што ён ня зробе сьмерці слузе свайму мячом”».
52 I сказаў Салямон: «Калі ён будзе чалавекам дабрародным, то ня зваліцца ні адзін із валасоў ягоных на зямлю; калі ж знойдзецца ў ім ліха, то памрэць».
53 I паслаў Салямон, і зьвялі яго ад аброчніка. I ён прышоў, і пакланіўся каралю Салямону. I сказаў яму Салямон: «Ідзі да дому свайго».

Першая кніга Гаспадарстваў, 1 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.