Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Гаспадарстваў | 13 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I вось, подле слова СПАДАРОВАГА, чалавек Божы прышоў зь Юдэі да Бэт-Элю, а Еровоам стаяў ля аброчніка, каб кадзіць.
2 I загукаў да аброчніка, подле слова СПАДАРОВАГА, і сказаў: «Аброчніча, аброчніча! гэтак кажа СПАДАР: “Вось, народзіцца сын дому Давідаваму, імя ягонае Ёся, і абрачэць на табе сьвятароў узвышшаў, што кадзяць на табе, і людзкія косьці спаляць на табе”».
3 I даў знак таго дня, сказаўшы: «Во знак таго, што гэта казаў СПАДАР: “Вось, гэты аброчнік раськепіцца, і рассыпецца попел, каторы на ім”».
4 I сталася, як кароль пачуў слова чалавека Божага, загуканае да аброчніка ў Бэт-Элю, што выцягнуў Еровоам руку сваю ад аброчніка, кажучы: «Схапіце яго!» I ссохла рука ягоная, каторую ён выцягнуў на яго, і ня мог ён павярнуць яе назад да сябе.
5 I аброчнік раськяпіўся, і попел із аброчніка рассыпаўся, подле знаку, каторы даў чалавек Божы подле слова СПАДАРОВАГА.
6 I сказаў кароль чалавеку Божаму: «Умалі від СПАДАРА, Бога свайго, і памаліся за мяне, і зьвернецца рука мая да мяне». I ўмаліў чалавек Божы від СПАДАРОЎ, і рука каралёва зьвярнулася да яго, і сталася, як уперад.
7 I казаў кароль чалавеку Божаму: «Зайдзіся з імною да дому, і пасілкуйся ежаю, і я дам табе падарак».
8 Але чалавек Божы сказаў каралю: «Хоць бы ты даваў імне поў дому свайго, я не пайду з табою, і ня буду есьці хлеба, і ня буду піць вады ў гэтым месцу;
9 Бо так расказана імне словам СПАДАРОВЫМ, кажучы: “Ня еж хлеба, і ня пі вады, і не зварачайся тэю дарогаю, катораю ты йшоў”».
10 I пайшоў ён іншаю дарогаю, і не пайшоў назад тэю дарогаю, катораю прышоў да Бэт-Элю.
11 I адзін прарока стары жыў у Бэт-Элю. I прышоў сын ягоны, і паведаў яму ўсе стацьцё, што зрабіў сядні чалавек Божы ў Бэт-Элю; словы, якія ён казаў каралю, пераказалі айцу свайму.
12 I казаў ім айцец іхны: «Кудэй ён пайшоў?» I паказалі сыны ягоныя, кудэй пайшоў чалавек Божы, што прыходзіў зь Юдэі.
13 І сказаў ён сыном сваім: «Асядлайце імне асла». I асядлалі яму асла, і ён усьсеў на яго,
14 I паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго седзячага пад дубам, і сказаў яму: «Ці ты чалавек Божы, што прышоў зь Юдэі?» I сказаў тый: «Я».
15 I сказаў яму: «Зайдзіся з імною да дому і зьеж хлеба».
16 I тый сказаў: «Я не магу зьвярнуцца з табою і йсьці з табою, ня буду есьці хлеба й ня буду піць у цябе вады ў гэтым месцу;
17 Бо слова было імне словам СПАДАРОВЫМ: “Ня еж хлеба, і ня пі там вады, і не зварачайся тэю дарогаю, катораю ты йшоў”».
18 I сказаў яму: «I я прарока такі ж, як ты, і ангіл казаў імне словам СПАДАРОВЫМ, кажучы: “Зьвярні яго із сабою да дому свайго, і хай есьць ён хлеб і п’ець ваду”». — Ён брахаў яму.
19 I тый зьвярнуўся зь ім, і пад’еў хлеба ў ягоным доме, і напіўся вады.
20 I, як яны сядзелі за сталом, Было слова СПАДАРОВА да прарокі, што зьвярнуў яго.
21 I загукаў ён да чалавека Божага, што быў прышоўшы зь Юдэі, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР: “За тое, што ты спрацівіўся вуснам СПАДАРА й не зьдзяржаў расказаньня, каторае расказаў табе СПАДАР, Бог твой,
22 Але зьвярнуўся, еў хлеб і піў ваду ў тым месцу, праз каторае Ён сказаў табе: ‘Ня еж хлеба й ня пі вады’, — мертвае цела твае ня ўвыйдзе ў гроб айцоў тваіх”».
23 I было просьле тога, як тый пад’еў хлеба, і просьле тога, як напіўся: ён асядлаў асла прароку, каторага ён зьвярнуў.
24 I паехаў тый. I пераняў яго на дарозе леў, і задушыў яго. I ляжала мертвае цела ягонае, кіненае на дарозе; асёл жа стаяў ля яго, і леў стаяў ля мертвага цела.
25 I вось, праходзячыя міма людзі абачылі труп, кінены на дарозе, і лява, ля трупа стаячага, і пайшлі, і гукалі ў месьце, у каторым жыў прарока-стары.
26 I пачуў прарока, што зьвярнуў яго з дарогі, і сказаў: «Гэта тый чалавек Божы, каторы спрацівіўся вуснам СПАДАРОВЫМ; СПАДАР аддаў яго ляву, каторы разарваў яго, задушыў, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён сказаў яму».
27 I сказаў сыном сваім: «Асядлайце імне асла». I асядлалі яны.
28 Ён паехаў і знайшоў труп ягоны, кінены на дарозе; асёл жа а леў стаялі ля трупа; леў ня зьеў трупа і не разарваў асла.
29 I падняў прарока мертвае целя чалавека Божага, і палажыў яго на асла, і павёз яго назад. I пайшоў прарока-стары да места, каб плакаць па ім і пахаваць яго.
30 I палажыў мертвае цела ягонае да гробу свайго, і плакаў па ім: «Ах, браце мой!»
31 Просьле пахаваньня яго, ён сказаў сыном сваім, кажучы: «Як я памру, пахавайце мяне ў гробе, у каторым пахаваны чалавек Божы; ля касьцей ягоных палажыце мае косьці;
32 Бо здойсьніцца слова, каторае ён із расказаньня СПАДАРОВАГА агаласіў на аброчік у Бэт-Элю й на ўсі дамы ўзвышша, каторыя ў местах Самарскіх.
33 I просьле гэтага здарэньня Еровоам ня зышоў із свае ліхое дарогі, але зьвярнуўся й далей рабіў зь люду сьвятароў узвышшаў; хто хацеў, таго ён пасьвячаў, і тый станавіўся сьвятаром узвышшаў.
34 I было гэтае стацьцё на грэх дому Еровоамоваму, і на згубу, і на зьнішчэньне яго зь віду зямлі.

Першая кніга Гаспадарстваў, 13 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.