Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Судзьдзяў Ізраэлявых | 1 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I было, па сьмерці Ігошуі, і папыталіся сынове Ізраелявы ў СПАДАРА, кажучы: «Хто ўзыйдзе нам спачатку на Канааняніна, каб ваяваць ізь ім?»
2 I сказаў СПАДАР: «Юда ўзыйдзе; вось, Я даў зямлю ў руку ягоную».
3 I сказаў Юда Сымону, брату свайму: «Узыйдзі з імною да жэрабя майго, і будзем ваяваць із Канаанянінам; і пайду таксама я з табою да жэрабя твайго». I пайшоў зь ім Сымон.
4 I ўзышоў Юда, і даў СПАДАР Канааняніна а Ферэзэя ў руку іхную, і пабілі яны іх у Везэку дзесяць тысячаў чалавекаў.
5 I знайшлі яны Адоні-Везэка ў Везэку, і ваявалі зь ім, і паразілі Канааняніна а Ферэзэя.
6 I ўцёк Адоні-Везэк; а яны пагналіся за ім, і схапілі яго, і адцялі вялікія палцы на руках ягоных і на нагах ягоных.
7 I сказаў Адоні-Везэк: «Семдзясят каралёў з адцятымі на руках а на нагах іхных вялікімі палцамі зьбіралі пад сталом маім; як рабіў я, так імне аддаў Бог». I прывялі яго да Ерузаліму, і ён памер там.
8 I ваявалі сынове Юдзіны супроці Ерузаліму, і ўзялі яго, і зразілі яго лязом мяча, і места аканавалі цяплу.
9 I потым зышлі сынове Юдзіны ваяваць із Канаанянінам, жыхарам гораў, і на паўдню і на нізіне.
10 I пайшоў Юда на Канааняніна, каторы жыў у Гэўроне, імя ж Гэўрону ўперад Кіраф-Арба, і зразілі Шэшая а Агімана а Фалмая.
11 I пайшоў стуль ён супроці жыхараў Дэвіру; імя Дэвіру ўперад Кіраф-Сэфер.
12 I сказаў Калеў: «Хто зразе Кіраф-Сэфер і зваюе яго, то аддам яму Ахсу, дачку сваю, за жонку».
13 I зваяваў яго Офнель Кенаёнак, сын брата Калевавага, меншага за яго; і даў яму Ахсу, дачку сваю, за жонку.
14 I было, як яна мела ісьці, што яна намовіла яго прасіць у вайца ейнага тое поле, і яна ссунулася з асла. I сказаў ёй Калеў: «Чаго табе?»
15 I сказала яму: «Дай імне дабраславенства, бо зямлю паўднявую ты даў імне, то дай імне й жаролы водаў». I даў ёй Калеў жаролы вышнія й жаролы дольнія.
16 I сынове Кіняніна, сьця Масеявага, узышлі зь места пальмаў із сынамі Юдзінамі на пустыню Юдзіну, каторая на паўдня ад Араду, і пайшоў, і асяліўся зь людам.
17 I пайшоў Юда із Сымонам, братам сваім, і зразілі Канааняніна, жыхара Цэфафа, і аканавалі яго, і названа места гэтае Горма.
18 Юда заваяваў Ґазу а граніцы яе, і Ашкелон у граніцах яго, і Екрон у граніцах яго.
19 I быў СПАДАР ізь Юдаю, і ён апанаваў гару. Але не прагнаў жыхараў даліны, бо зялезныя цялежкі былі ў іх.
20 I аддалі Калеву Гэўрон, як казаў Масей, і выгнаў стуль трох сыноў Енаковых.
21 Але Евусэя, жыхара Ерузаліму, ня выгналі сынове Веняміновы, і жыў Евусэй із сынамі Веняміновымі ў Ерузаліме дагэтуль.
22 I ўзышлі сынове Язэпавы, таксама яны, на Бэт-Эль, і СПАДАР быў ізь імі.
23 I шпегаваў дом Язэпаў Бэт-Эль, імя ж места ўперад: Луз.
24 I абачылі старожы чалавека, каторы выходзіў зь места, і сказалі яму: «Пакажы нам уход у места, і мы зробім із табою міласэрдзе».
25 I ён паказаў ім уход у места, і зразілі яны места лязом мяча, а чалавека таго і ўсю радню ягоную адпусьцілі.
26 I пайшоў чалавек тый да зямлі Гэцічаў, і збудаваў места, і назваў імя яго Луз. Гэта імя яго дагэтуль.
27 I ня выгнаў Манас жыхараў Веф-Шэану а местачкаў ягоных, і жыхараў Фаанаху а местачкаў ягоных, жыхараў Дору а местачкаў ягоных, і жыхараў Іўлеаму а местачкаў ягоных, і жыхараў Мегіда а местачкаў ягоных, і зычыў Канаанянін жыць у зямлі гэтай.
28 I было, як Ізраель падужэў, тады зрабіў ён Канааняніна даньнікам, але выгнаць ня выгнаў яго.
29 I Яхрэм ня выгнаў Канааняніна, што жывець у Ґезэру, і жыў Канаанянін сярод іх у Ґезэру.
30 Завулон ня выгнаў жыхараў Кітрону і жыхараў Нагалолу, і жыў Канаанянін сярод яго, і сталі даньнікамі.
31 Ашэр ня выгнаў жыхараў Акка а жыхараў Сыдону а Аглаву а Ахзыву а Гэлвы а Афіку а Рэгову.
32 I жыў Ашэр сярод Канааняніна, жыхара зямлі тае, бо ня выгнаў іх.
33 I Неффалім ня выгнаў жыхараў Веф-Шэмешу а жыхараў Веф-Анафу, і жыў сярод Канааняніна, жыхара зямлі тае; а жыхары Веф-Шэмешу а Веф-Анафу былі даньнікамі ім.
34 I сьціскалі Аморэі сыноў Дановых у гары, бо не давалі ім зыходзіць на даліну.
35 I зычылі Аморэі жыць на гары Гэрэс, ув Айялоне а Шаалвіме; і стала цяжкою рука сыноў Язэпавых, і сталі яны даньнікамі.
36 Граніцы ж Аморэяў ад узгор’я Акравіму і ад скалы й далей.

Кніга Судзьдзяў Ізраэлявых, 1 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.