Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Навучаньне Асафа. Зважай, народзе мой, на закон мой, прыхіліце вушы свае да словаў вуснаў маіх!
2 Адчыню я вусны мае ў прыповесьці, буду апавядаць загадкі старадаўныя.
3 Што чулі мы і даведаліся, і што бацькі нашыя расказалі нам,
4 гэтага не схаваем ад сыноў іхніх, абвяшчаючы пакаленьню наступнаму хвалу ГОСПАДА і магутнасьць Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён учыніў.
5 І Ён ўзьняў сьведчаньне ў Якубе, і паклаў Закон у Ізраілю, пра якія загадаў бацькам нашым, каб яны паведамілі [гэта] сынам сваім,
6 каб ведала пакаленьне наступнае, сыны, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвясьцілі [гэта] сынам сваім.
7 І ўскладуць на Бога надзею сваю, і не забудуцца пра дзеяньні Божыя, і прыказаньні Ягоныя будуць захоўваць,
8 і ня будуць падобныя да бацькоў сваіх, пакаленьня бунтаўнікоў і непакорных, пакаленьня, якое не трывалае ў сэрцы сваім і дух іхні ня верны Богу.
9 Сыны Эфраіма, узброеныя лукамі, павярнулі назад у дзень бітвы.
10 Яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць паводле Закону Ягонага.
11 І забыліся пра дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён ім даў бачыць.
12 Перад бацькамі іхнімі ўчыніў Ён цуды ў зямлі Эгіпецкай, на полі Цоан.
13 Ён расьсёк мора і перавёў іх [праз яго], і паставіў воды, як капу.
14 І вёў іх удзень воблакам, і ўсю ноч — сьвятлом вогненным.
15 Ён рашчапіў скалы ў пустыні і напаіў іх, быццам з вялікай бездані;
16 І вывеў струмяні са скалаў, і пацяклі рэкамі воды.
17 Але яны і надалей грашылі супраць Яго, бунтаваліся супраць Найвышэйшага ў сухой [зямлі].
18 Яны выпрабоўвалі Бога ў сэрцах сваіх, жадаючы спажывы для душаў сваіх.
19 І гаварылі супраць Бога, кажучы: “Хіба Бог можа прыгатаваць стол у пустыні?”
20 Вось, Ён ударыў скалу, і люнулі воды, і ручаі пацяклі; але ці можа Ён даць таксама хлеба і паставіць мяса для народа Свайго?”
21 Дык пачуў ГОСПАД, і абурыўся, і ўзгарэўся агонь на Якуба, і ўзьняўся гнеў на Ізраіля,
22 бо яны ня верылі Богу і не спадзяваліся на збаўленьне Ягонае.
23 І Ён загадаў хмарам высока, і адчыніў дзьверы неба,
24 і спаслаў дажджом ім манну, і даў ім збожжа нябеснага.
25 Хлеб дужых еў чалавек; Ён спаслаў ім ежы ўдосталь.
26 Ён рушыў вецер усходні ў небе і сілай Сваёю навёў вецер паўднёвы;
27 і спаслаў дажджом на іх мяса, быццам пыл, і птушак крылатых — як пясок ля мора.
28 І скінуў іх пасярод табару іхняга, навакол сялібаў іхніх.
29 І елі яны, і насыціліся добра, і тое, што яны жадалі, Ён даў ім.
30 Яшчэ не пазбавіліся яны жаданьня свайго, яшчэ спажыва іхняя была ў вуснах іхніх,
31 як гнеў Божы ўзьняўся на іх, і забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраіля паваліў.
32 Пры ўсім гэтым яны далей грашылі і ня верылі ў цуды Ягоныя.
33 І сканчваліся ў марнасьці дні іхнія, і гады іхнія — ў страху.
34 Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і імкнуліся да Бога,
35 і ўзгадвалі, што Бог — скала іхняя, і Бог Найвышэйшы — Абаронца іхні.
36 І яны лісьлівілі Яму вуснамі Сваімі, і языком сваім хлусілі перад Ім,
37 і сэрца іхняе не было трывалым у Ім, і не былі яны верныя запавету Ягонаму.
38 А Ён, спагадлівы [да іх], дараваў ім беззаконьне іхняе і ня зьнішчыў іх, і неаднакроць супыняў гнеў Свой і не абуджаў ўсю ярасьць Сваю,
39 бо памятаў, што яны — цела, вецер, які адыходзіць і ня вернецца.
40 Як часта яны бунтаваліся супраць Яго ў пустыні, засмучалі Яго ў [зямлі] бязьлюднай!
41 І зьвярталіся, і выпрабоўвалі Бога і абражалі Сьвятога Ізраіля.
42 Не памяталі яны рукі Ягонай, дня, калі Ён іх вызваліў ад прыгнёту,
43 калі знакі Свае рабіў у Эгіпце, і цуды Свае на полі Цоан.
44 І Ён перамяніў рэкі іхнія і ручаіны іхнія у кроў, што не маглі піць,
45 спаслаў на іх мухаў, што іх кусалі, і жабаў, што іх губілі.
46 І аддаў вусеням ураджаі іхнія, а працу іхнюю — саранчы.
47 Пабіў градам вінаградныя лозы іхнія, фігавыя дрэвы іхнія — шэраньню.
48 І аддаў граду скаціну іхнюю, а статкі іхнія — маланкам;
49 І спаслаў на іх жар гневу Свайго, абурэньне, і ярасьць, і трывогі, навалу злых анёлаў.
50 Выпрастаў сьцежку гневу Свайму, ня захоўваў ад сьмерці душы іхнія, і жыцьцё іхняе пошасьці аддаў.
51 І забіў усіх першародных у Эгіпце, пачаткі сілы ў намётах Хама.
52 І вывеў, як авечкі, народ Свой, і вёў іх як статак праз пустыню.
53 І вёў іх у бясьпецы, і яны не палохаліся, а ворагаў іхніх мора накрыла.
54 І прыйшлі яны да межаў сьвятасьці Ягонай, да гары, што набыла правіца Ягоная;
55 і Ён выгнаў перад абліччам іхнім народы, і кінуў шнур, [каб падзяліць] спадчыну іхнюю, і пасяліў у намётах іхніх калены Ізраіля.
56 Але яны выпрабоўвалі Бога Найвышэйшага і бунтаваліся супраць Яго, і сьведчаньняў Ягоных не захоўвалі,
57 і яны адступаліся і здраджвалі, як і бацькі іхнія, выварачваліся, быццам той лук здрадлівы.
58 І яны злавалі Яго ўзгоркамі сваімі і балванамі сваімі раздражнялі Яго.
59 Пачуў [гэта] Бог і абурыўся, і вельмі пагрэбаваў Ізраілем.
60 І Ён пакінуў сялібу ў Шыло, намёт, у якім жыў сярод людзей;
61 і аддаў у палон моц Сваю, і славу Сваю — ў рукі прыгнятальніка.
62 І аддаў пад меч народ Свой, і на спадчыну Сваю абурыўся.
63 Юнакоў ягоных агонь зьядаў, і дзяўчаты ягоныя не былі ўшанаваныя.
64 Сьвятары ягоныя падалі ад мяча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.
65 І быццам зо сну прачнуўся Госпад, як той волат, якога разьвесяліла віно,
66 і Ён выбіў прыгнятальнікаў дашчэнту, на вечную ганьбу аддаў іх.
67 І Ён адкінуў намёт Язэпа, і ня выбраў калена Эфраіма,
68 а выбраў калена Юды, гару Сыён, якую палюбіў.
69 І пабудаваў Ён як [пад неба] высокую сьвятыню Сваю; і як зямлю заснаваў яе навякі.
70 І выбраў Давіда, слугу Свайго, і ўзяў яго ад абораў авечых.
71 Ад котных авечак забраў яго, каб пасьвіў Якуба, народ Ягоны, і Ізраіля, спадчыну Ягоную.
72 І той пасьвіў іх у беззаганнасьці сэрца свайго і ў разважлівасьці рук сваіх вадзіў іх.

Псальмы, псалом 77

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.