Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Алеф. Шчасьлівыя тыя, у якіх шлях беззаганны, якія ходзяць паводле закону ГОСПАДА.
2 Шчасьлівыя тыя, што захоўваюць сьведчаньні Ягоныя, якія ўсім сэрцам шукаюць Яго,
3 якія ня робяць беззаконьня, і ходзяць шляхам Ягоным.
4 Ты загадаў, каб пільна захоўвалі загады Твае.
5 О, каб жа я ўмацаваў шлях мой, каб захоўваць пастановы Твае!
6 Тады я ня буду асаромлены, калі буду глядзець на ўсе прыказаньні Твае.
7 Буду славіць Цябе ў шчырасьці сэрца, калі буду вучыцца судам праведнасьці Тваёй.
8 Пастановы Твае я буду захоўваць, толькі не пакідай мяне!
9 Бэт. Якім чынам юнак захавае ў чыстасьці сьцежку сваю? [Калі] будзе захоўваць [яе] паводле слова Твайго.
10 Усім сэрцам маім я шукаю Цябе, ня дай мне адхіліцца ад прыказаньняў Тваіх!
11 У сэрцы маім я хаваю слова Тваё, каб не зграшыць супраць Цябе.
12 Дабраслаўлёны Ты, ГОСПАДЗЕ! Навучы мяне пастановам Тваім!
13 Вуснамі маімі абвяшчаю ўсе прысуды вуснаў Тваіх.
14 На шляху сьведчаньняў Тваіх я радуюся больш, чым ад усялякіх каштоўнасьцяў.
15 Пра пастановы Твае буду разважаць і буду глядзець на сьцежкі Твае.
16 У пастановах Тваіх будзе ўцеха мая, не забудуся слова Твайго.
17 Гімэль. Рабі добрае слузе Тайму, каб я жыў і захоўваў слова Тваё.
18 Расчыні вочы мае, і буду глядзець на цудоўныя дзеяньні закону Твайго!
19 Я — прыхадзень на зямлі; не хавай ад мяне прыказаньні Твае!
20 Зьнемаглася душа мая, прагнучы ўвесь час судоў Тваіх.
21 Ты ўтаймаваў свавольнікаў, якія праклятыя, бо ўхіляюцца ад прыказаньняў Тваіх.
22 Аддалі ад мяне ганьбу і пагарду, бо я захоўваю сьведчаньні Твае.
23 Нават калі засядуць князі і будуць змаўляцца супраць мяне, слуга Твой будзе разважаць пра пастановы Твае.
24 Бо сьведчаньні Твае — пацеха мая і рада.
25 Далет. Прыліпла да пылу душа мая; ажыві мяне паводле слова Твайго.
26 Пра шляхі мае я апавядаў, і Ты адказаў мне; навучы мяне пастановам Тваім.
27 Дай мне зразумець шлях загадаў Тваіх, і я буду разважаць пра цуды Твае.
28 Сьлёзы ліе душа мая ад смутку, узьнімі мяне паводле слова Твайго!
29 Шлях хлусьні аддалі ад мяне і закон Твой няхай будзе літасьцівы да мяне.
30 Я выбраў шлях вернасьці, суды Твае паставіў [перад вачыма].
31 Я прыляпіўся да сьведчаньняў Тваіх; ГОСПАДЗЕ, ня дай мне асароміцца!
32 Шляхам прыказаньняў Тваіх я пабягу, бо Ты пашыраеш сэрца маё.
33 Ге. Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху пастановаў Тваіх, і я буду пільнавацца яго аж да канца.
34 Дай мне разуменьне, і буду пільнавацца закону Твайго і захоўваць яго ўсім сэрцам.
35 Вядзі мяне па сьцежцы прыказаньняў Тваіх, бо ў гэтым упадабаньне маё.
36 Нахіляй сэрца маё да сьведчаньняў Тваіх, а не да прыбытку.
37 Адвярні вочы мае, каб на марнасьць не глядзелі; ажыві мяне на шляхах Тваіх!
38 Няхай паўстане слова Тваё для слугі Твайго, які [ходзіць у] страху Тваім.
39 Аддалі ад мяне ганьбу, якое баюся, бо суды Твае добрыя.
40 Вось, я прагну загадаў Тваіх; ажыві мяне праведнасьцю Тваёю.
41 Ваў. Няхай прыйдзе да мяне міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, і збаўленьне Тваё паводле слова Твайго,
42 каб я мог адказаць словам таму, хто зьневажае мяне, бо я спадзяюся на слова Тваё.
43 І не пазбаў вусны мае слова праўды зусім, бо я на суды Твае спадзяюся.
44 І я буду захоўваць закон Твой заўсёды, і на вякі вечныя,
45 і буду хадзіць па [прасторы] шырокім, бо загадаў Тваіх я шукаў.
46 І буду гаварыць пра сьведчаньні Твае перад валадарамі і ня буду асаромлены.
47 І буду мець уцеху ў прыказаньнях Тваіх, якія я ўзьлюбіў.
48 І буду ўздымаць рукі мае да прыказаньняў Тваіх, якія я ўзьлюбіў, і буду разважаць пра пастановы Твае.
49 Заін. Узгадай слова да слугі Твайго, на якое маю спадзявацца.
50 Гэта пацяшэньне маё ў нядолі маёй, бо слова Тваё ажыўляе мяне.
51 Свавольнікі вельмі зьдзекуюцца з мяне; але я ад закону Твайго ня ўхіляўся.
52 Узгадваў я, ГОСПАДЗЕ, суды Твае спрад вякоў, і гэта пацяшала мяне.
53 [Гнеў] палючы мяне агарнуў на бязбожнікаў, якія пакінулі закон Твой.
54 Пастановы Твае сталіся гімнам для мяне ў доме вандраваньня майго.
55 Імя Тваё, ГОСПАДЗЕ, я ўначы ўзгадваў і захоўваў закон Твой.
56 Гэтак сталася са мною, бо я пільнаваўся загадаў Тваіх.
57 Хэт. “Мая частка, ГОСПАДЗЕ, — сказаў я,— захоўваць слова Тваё”.
58 Я прынізіўся перад абліччам Тваім ад усяго сэрца; зьлітуйся нада мною паводле слова Твайго.
59 Я думаў пра шляхі мае, і зьвярнуў ногі мае да сьведчаньняў Тваіх.
60 Сьпяшаўся я і не марудзіў захоўваць прыказаньні Твае.
61 Путы бязбожнікаў аблуталі мяне, але закон Твой я не забыўся.
62 Сярод ночы я ўстаю, каб славіць Цябе за суды праведнасьці Тваёй.
63 Я — суполькнік для ўсіх, што баяцца Цябе і захоўваюць загады Твае.
64 Міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, напоўніла зямлю; навучы мяне пастановам Тваім!
65 Тэт. Дабро Ты зрабіў слузе Твайму, ГОСПАДЗЕ, паводле слова Твайго.
66 Добраму розуму і веданьню навучы мяне, бо я прыказаньням Тваім веру.
67 Перш, чым я стаўся спакораным, я блукаў; цяпер слова Тваё я захоўваю.
68 Ты добры і робіш добрае, навучы мяне пастановам Тваім!
69 Свавольнікі надумалі хлусьню супраць мяне; а я ўсім сэрцам буду пільнавацца загадаў Тваіх.
70 Сталася нячулым ад тлушчу сэрца іхняе; а я меў уцеху ў законе Тваім.
71 Добра мне, што я быў ўпакораны, каб навучыўся пастановам Тваім.
72 Лепшы для мяне закон вуснаў Тваіх, чым тысячы золата і срэбра.
73 Ёд. Рукі Твае зрабілі мяне і ўмацавалі; дай мне разуменьне, каб я навучыўся прыказаньням Тваім!
74 Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне і ўзрадуюцца, бо я на слова Тваё спадзяюся.
75 Ведаю, ГОСПАДЗЕ, што праведныя суды Твае, і слушна Ты ўпакорыў мяне.
76 Няхай, прашу, міласэрнасьць Твая пацяшае мяне паводле слова Твайго да слугі Твайго.
77 Няхай прыйдзе да мяне літасьць Твая, каб я жыў, бо закон Твой — пацеха мая.
78 Няхай будуць асаромлены свавольнікі, бо яны падманліва блыталі мяне; а я буду разважаць пра загады Твае.
79 Няхай да мяне навернуцца тыя, што баяцца Цябе, і тыя, што ведаюць сьведчаньні Твае.
80 Няхай будзе сэрца маё беззаганным у [выкананьні] пастановаў Тваіх, каб я ня быў асаромлены.
81 Каф. Зьнемагае душа мая без збаўленьня Твайго; на слова Тваё спадзяюся.
82 Зьнемагаюць вочы мае бяз слова Твайго, кажучы: “Калі ж Ты пацешыш мяне?”
83 Я стаўся, як мех [скураны] ў дыме; але пастановаў Тваіх не забыўся.
84 Колькі будзе дзён слугі Твайго, калі Ты ўчыніш суд над тымі, што перасьледуюць мяне?
85 Выкапалі свавольнікі яму для мяне, але гэта пярэчыць закону Твайму.
86 Усё прыказаньні Твае — верныя; [з дапамогай] хлусьні перасьледуюць мяне, дапамажы Ты мне!
87 Амаль вынішчылі мяне на зямлі; а я не пакінуў загадаў Тваіх.
88 Праз міласэрнасьць Тваю захавай мне жыцьцё, і буду захоўваць сьведчаньні вуснаў Тваіх.
89 Лямэд. На вякі, ГОСПАДЗЕ, слова Тваё сьцьверджана на небе!
90 З пакаленьня ў пакаленьне вернасьць Твая; Ты ўгрунтаваў зямлю, і яна стаіць.
91 Паводле прысуду Твайго стаяць яны да гэтага дня, бо ўсё гэта — слугі Твае.
92 Калі б закон Твой ня быў ўцехай маёй, даўно б я згінуў у нядолі маёй.
93 На вякі не забудуся загадаў Тваіх, бо імі Ты захаваў мне жыцьцё.
94 Я — Твой! Збаў мяне, бо я шукаю загады Твае.
95 Цікуюць на мяне бязбожнікі, каб зьнішчыць мяне; а я пра сьведчаньні Твае разважаю.
96 Я бачыў заканчэньне ўсякай дасканаласьці; але прыказаньні Твае ня маюць канца.
97 Мэм. Як я люблю закон Твой! Увесь дзень ён у думках маіх!
98 Зрабілі мяне мудрэйшым за ворагаў маіх прыказаньні Твае, бо яны на вякі са мною.
99 Я стаўся больш разважлівым за ўсіх, што вучылі мяне, бо сьведчаньні Твае ў думках маіх.
100 Я стаўся разумнейшым за старых, бо пільнуюся загадаў Тваіх.
101 Ад усякай сьцежкі благой я стрымліваў ногі мае, каб захоўваць слова Тваё.
102 Ад прысудаў Тваіх я ня адступаўся, бо Ты мяне навучаеш.
103 Як салодкія словы Твае паднябеньню майму, саладзей за мёд вуснам маім!
104 Пра загады Твае буду разважаць, дзеля гэтага ненавіджу ўсякую сьцежку хлусьні.
105 Нун. Слова Тваё — сьветач для ног маіх і сьвятло на сьцежцы маёй.
106 Я прысягнуў і я падняўся, каб захоўваць суды праведнасьці Тваёй.
107 Я вельмі моцна прыгнечаны; ГОСПАДЗЕ, ажыві мяне паводле слова Твайго!
108 Мей упадабаньне, прашу, ГОСПАДЗЕ, у дабраахвотных [абяцаньнях] вуснаў маіх, і навучы мяне судам Тваім.
109 Душа мая заўсёды ў руцэ маёй, і закону Твайго я не забываюся.
110 Наставілі бязбожнікі пастку супраць мяне, але я не ўхіліўся ад загадаў Тваіх.
111 Я ўспадкаеміў сьведчаньні Твае на вякі, бо яны — радасьць сэрца майго.
112 Я нахіляю сэрца маё, каб рабіла паводле пастановаў Тваіх на вякі, аж да канца.
113 Самэх. Двудушных я ненавіджу, а закон Твой люблю.
114 Ты — заслона мая і шчыт мой, на слова Тваё спадзяюся.
115 Адыйдзіце ад мяне, злачынцы, каб я мог захоўваць прыказаньні Бога майго.
116 Падтрымай мяне паводле слова Твайго, і буду жыць, і ня буду асаромлены ў надзеі маёй.
117 Умацуй мяне, і буду збаўлены, і буду ўглядацца ў пастановы Твае заўсёды.
118 Ты адапхнуў ўсіх, якія ўхіляюцца ад пастановаў Тваіх, бо хлусьлівы падман іхні.
119 Быццам жужаль Ты выкідаеш усіх бязбожнікаў зямлі; дзеля гэтага я ўзьлюбіў сьведчаньні Твае.
120 Дрыжыць ад страху перад Табою цела маё, і судоў Тваіх я баюся.
121 Аін. Я чыніў суд і праведнасьць; не аддай мяне прыгнятальнікам маім!
122 Заступіся за слугу Твайго на дабро [яму]; каб не прыгняталі мяне свавольнікі.
123 Зьнемагаюць вочы мае, [выглядаючы] збаўленьне Тваё і слова праведнасьці Тваёй.
124 Учыні са слугою Тваім паводле міласэрнасьці Тваёй, і навучы мяне пастановам Тваім.
125 Я — слуга Твой; дай мне разуменьне, каб пазнаў сьведчаньні Твае.
126 Час дзейнічаць для ГОСПАДА, [бо] яны парушылі закон Твой.
127 Дзеля гэтага я люблю прыказаньні Твае больш, чым золата, золата найчысьцейшае.
128 Дзеля гэтага ўсе загады Твае, усе лічу слушнымі, кожную сьцежку хлусьні ненавіджу.
129 Пэ. Цудоўныя сьведчаньні Твае, дзеля гэтага душа мая пільнуецца іх.
130 Адкрыцьцё словаў Тваіх асьвятляе, дае разуменьне неразумным.
131 Расчыняю я вусны мае і ўздыхаю, бо прагну прыказаньняў Тваіх.
132 Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною, паводле суду [Твайго] для тых, што любяць імя Тваё.
133 Стопы мае ўмацуй Ты ў слове Тваім і ня дай беззаконьню авалодаць мною.
134 Выбаў мяне ад крыўды чалавека, і буду захоўваць загады Твае.
135 Аблічча Тваё няхай сьвеціць над слугою Тваім, і навучы мяне пастановам Тваім.
136 Струмяні водаў цякуць з вачэй маіх, бо [людзі] не захоўваюць закон Твой.
137 Цадэ. Ты праведны, ГОСПАДЗЕ, і справядлівыя суды Твае.
138 Ты загадаў [чыніць] праведнасьць, сьведчаньні Твае і вернасьць вялікую.
139 Зьядае мяне руплівасьць мая, бо забыліся на словы Твае прыгнятальнікі мае.
140 Слова Тваё вельмі чыстае, і слуга Твой узьлюбіў яго.
141 Малы я і пагарджаны, але загадаў Тваіх я не забываюся.
142 Праведансьць Твая — праведнасьць на вякі, і закон Твой — праўда.
143 Прыгнёт і гора знайшлі мяне; прыказаньні Твае — пацеха мая.
144 Праведнасьць сьведчаньняў Тваіх — на вякі; дай мне разуменьне, і буду жыць.
145 Коф. З усяго сэрца я клічу, адкажы мне, ГОСПАДЗЕ, каб я пільнаваўся пастановаў Тваіх.
146 Я клічу Цябе, збаў мяне, і буду захоўваць сьведчаньні Твае!
147 Я апярэджваю сьвітаньне і галашу, на слова Тваё, на слова Тваё спадзяюся.
148 Вочы мае апярэджваюць варту [начную], каб мне разважаць пра слова Тваё.
149 Голас мой пачуй паводле міласэрнасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ, паводле суду Твайго ажыві мяне.
150 Набліжаюцца [да мяне] тыя, што імкнуцца да брыдоты; яны ад закону Твайго адступіліся.
151 Але блізка Ты, ГОСПАДЗЕ, і ўсе прыказаньні Твае — праўда.
152 Здаўна я ведаю сьведчаньні Твае, што Ты на вякі заснаваў іх.
153 Рэш. Глянь на нядолю маю і выратуй мяне, бо я пра закон Твой не забываўся.
154 Барані мяне ў справе маёй і выбаў мяне, паводле слова Твайго ажыві мяне.
155 Далёка ад бязбожнікаў збаўленьне, бо яны не шукалі пастановаў Тваіх.
156 Літасьць Твая вялікая, ГОСПАДЗЕ; паводле суду Твайго ажыві мяне.
157 Шмат тых, што перасьледуюць мяне і прыгнятаюць мяне; але ад сьведчаньняў Тваіх я не ўхіляўся.
158 Я бачыў адступнікаў і брыдзіўся тымі, якія не захоўвалі слова Твайго.
159 Глянь, ГОСПАДЗЕ, як я люблю загады Твае; паводле міласэрнасьці Тваёй ажыві мяне.
160 Аснова слова Твайго — праўда, і на вякі кожны прысуд праведнасьці Тваёй.
161 Шын. Князі перасьледуюць мяне без прычыны, але слова Твайго баіцца сэрца маё.
162 Я радуюся са слова Твайго як той, хто знайшоў вялікі прыбытак.
163 Хлусьню ненавіджу і брыджуся ёю, закон Твой люблю.
164 Сямкротна ў дзень я хвалю Цябе за прысуды праведнасьці Тваёй.
165 Вялікі супакой Ты даеш тым, якія любяць закон Твой, і яны не спатыкнуцца.
166 Я ўзіраюся на збаўленьне Тваё, ГОСПАДЗЕ, і выконваю прыказаньні Твае.
167 Захоўвала душа мая сьведчаньні Твае, і я моцна ўзьлюбіў іх.
168 Я захоўваю загады Твае і сьведчаньні Твае, бо ўсе шляхі мае перад Табою.
169 Таў. Няхай дойдзе галашэньне маё да аблічча Твайго, ГОСПАДЗЕ! Паводле слова Твайго дай мне разуменьне.
170 Няхай прыйдзе маленьне маё перад аблічча Тваё! Паводле слова Твайго выратуй мяне!
171 Вусны мае будуць апавядаць хвалу, бо Ты вучыш мяне пастановам Тваім.
172 Язык мой будзе адказваць пра слова Тваё, бо ўсе прыказаньні Твае праведныя.
173 Няхай станецца рука Твая дапамогай маёй, бо я выбраў загады Твае.
174 Я прагну збаўленьня Твайго, ГОСПАДЗЕ, і закон Твой — пацеха мая.
175 Няхай жыве душа мая, каб хваліць Цябе, і суды Твае няхай дапамогуць мне.
176 Я заблукаў як авечка, што згубілася, адшукай Ты слугу Твайго, бо прыказаньняў Тваіх я не забываўся.

Псальмы, псалом 118

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.