1 Для Салямона. Божа, дай суд Твой валадару, і праведнасьць Тваю — сыну валадара.
2 Няхай судзіць ён народ Твой паводле справядлівасьці, і ўбогіх Тваіх — паводле права.
3 Няхай прынясуць горы супакой народу, і ўзгоркі — праведнасьць.
4 Няхай ён судзіць убогіх з народу, выбаўляе сыноў беднякоў і скрышыць прыгнятальнікаў.
5 Няхай баяцца Цябе пакуль будзе сонца і перад абліччам месяца, з пакаленьня ў пакаленьне.
6 Няхай зыходзіць, як дождж на атаву, як кроплі дажджу, што зямля ад іх вільгатнее.
7 Няхай закрасуе праведнік у дні ягоныя, і будзе мноства супакою, аж пакуль месяц стаіць.
8 І няхай ён мае ўладу ад мора да мора і ад ракі аж да краю зямлі.
9 Перад абліччам ягоным упадуць жыхары пустыні, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл.
10 Валадары Таршышу і астравоў дары яму панясуць; валадары Шэбы і Сэбы прынясуць яму даніну.
11 І паклоняцца яму ўсе валадары, усе народы будуць служыць яму.
12 Бо ён ратуе беднага, калі той галосіць, і прыгнечанага, і таго, у каго няма дапамогі.
13 Ён літуецца над гаротным і бедным і выбаўляе душы бедакоў.
14 Ад ашуканства і гвалту вызваляе душы іхнія, і ў вачах ягоных кроў іхняя вельмі каштоўная.
15 І будзе ён жыць, і даваць яму будуць золата Шэбы, і будуць маліцца за яго заўсёды, і будуць дабраслаўляць яго ўсе дні.
16 І будзе дастатак збожжа на зямлі, на вяршынях гор; будуць шумець, як Лібан, каласы ягоныя, і мяшчане заквітнеюць, як трава на зямлі.
17 І будзе імя ягонае на вякі, перад абліччам сонца будзе трываць імя ягонае, і будуць дабраслаўлёныя ў ім усе народы, і будуць шчасьлівыя ў ім.
18 Дабраслаўлёны ГОСПАД Бог, Бог Ізраіля, Які Сам робіць цуды.
19 І дабраслаўлёнае імя славы Яго на вякі, і няхай напоўніцца славай Яго ўся зямля! Амэн, амэн!
20 Канец малітвы Давіда, сына Есэя.
Псальмы, псалом 71