1 Люблю ГОСПАДА, бо Ён пачуў голас мой і маленьне маё,
2 бо Ён прыхіліў да мяне вуха Сваё ў дзень, калі я клікаў [Яго].
3 Ахапілі мяне путы сьмерці; мукі пякельныя адшукалі мяне; я знайшоў трывогу і смутак.
4 І паклікаў я імя ГОСПАДА: “Збаў, прашу, ГОСПАДЗЕ, душу маю!”
5 Літасьцівы ГОСПАД і праведны, наш Бог міласьцівы.
6 ГОСПАД захоўвае неразумных; і калі зьнемагаю, Ён ратуе мяне.
7 Вярніся, душа мая, да супачынку твайго, бо ГОСПАД робіць добрае табе.
8 Бо Ты выратаваў душу маю ад сьмерці, вочы мае — ад сьлёзаў, ногі мае — ад падзеньня.
9 Буду хадзіць перад абліччам ГОСПАДА ў зямлі жывых.
Псальмы, псалом 114