Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Божа, хвала мая, не маўчы!
2 Бо вусны бязбожныя і вусны здрадлівыя расчыніліся супраць мяне, гавораць са мною языком хлусьлівым.
3 І словамі нянавісьці атачылі мяне, і ваююць супраць мяне без прычыны.
4 За любоў маю яны супрацьстаяць мне; а я малюся.
5 Яны заплацілі мне злом за дабро, і нянавісьцяй — за любоў маю.
6 Пастаў над ім бязбожніка, і шатан няхай стане праваруч яго;
7 калі будзе суджаны, няхай будзе як бязбожнік, а малітва ягоная няхай станецца грэхам.
8 Няхай дні ягоныя будуць кароткія, а ўрад ягоны няхай возьме іншы.
9 Няхай сыны ягоныя будуць сіротамі, а жонка ягоная — удавою.
10 Няхай выгнаныя, будуць выгнанцамі сыны ягоныя, і няхай жабруюць і шукаюць [хлеба] на руінах сваіх!
11 Няхай захопіць ліхвяр усё, што яму належыць, і няхай чужынцы захопяць працу ягоную.
12 Няхай ня будзе нікога, хто яму зьявіць міласэрнасьць, і няхай ня будзе таго, хто зьлітуецца над сіротамі ягонымі.
13 Насеньне ягонае няхай будзе зьнішчана; у пакаленьні наступным няхай будзе выкрэсьленае імя ягонае!
14 Няхай будзе ўзгаданае беззаконьне бацькоў ягоных перад ГОСПАДАМ, і грэх маці ягонай няхай ня будзе змыты!
15 Няхай будуць яны перад ГОСПАДАМ заўсёды, і няхай Ён вынішчыць на зямлі памяць пра яго,
16 бо ён не памятаў, каб чыніць міласэрнасьць, і перасьледаваў чалавека беднага і прыгнечанага, і з сэрцам зламаным, каб забіць яго.
17 Любіў ён праклён, і ён прыйдзе на яго! Не было даспадобы яму дабраслаўленьне, і яно будзе далёка ад яго!
18 І ён апранецца праклёнам, быццам шатай сваёй, і ён увойдзе, як вада, у нутро ягонае, і як алей, — у косткі ягоныя!
19 Няхай будзе яму як адзеньне, у якое ён адзяецца, і як пас, якім заўсёды падпярэзваецца!
20 Гэткая будзе плата ад ГОСПАДА тым, што супрацьстаяць мне, і тым, што благое гавораць супраць душы маёй!
21 А Ты, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе, учыні са мною дзеля імя Твайго, і, бо добрая міласэрнасьць Твая, выратуй мяне,
22 бо я бедны і прыгнечаны, і сэрца маё ў нутры маім зранена.
23 Я зыходжу, як цень, што зьнікае; ганяюць мяне, як саранчу.
24 Калені мае ад посту хістаюцца, і цела маё ссохла без алею.
25 І я стаўся ганьбаю для іх, яны глядзяць на мяне, ківаючы галовамі сваімі.
26 Дапамажы мне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Збаў мяне паводле міласэрнасьці Тваёй!
27 І даведаюцца яны, што гэта рука Твая, што Ты, ГОСПАДЗЕ, зрабіў гэта!
28 Яны праклінаюць, а Ты дабраславі! Яны паўстаюць [супраць мяне], і будуць асаромленыя, а слуга Твой няхай узрадуецца!
29 Няхай апрануцца ў зьнявагу тыя, што супрацьстаяць мне, і ахінуцца, быццам плашчом, у сорам свой!
30 Я буду гучна славіць ГОСПАДА вуснамі маімі і сярод мноства [народу] буду хваліць Яго,
31 бо Ён стаіць праваруч прыгнечанага, каб збавіць яго ад тых, што асуджаюць душу ягоную.

Псальмы, псалом 108

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.