Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Езэкіеля | 44 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 І прывёў мяне назад да навоннае брамы сьвятыні, зьверненае на ўсход, і яна была заперта.
2 І сказаў імне СПАДАР: «Брама гэтая будзе заперта, ня будзе адпірацца, і ні водная людзіна ня ўвыйдзе ёю; бо СПАДАР, Бог Ізраеляў, увыйшоў ёю, і затым яна заперта.
3 Што да князя, то князь мае сядзець у ёй, каб есьці хлеб перад СПАДАРОМ; ён мае ўходзіць пераз ґанак брамы і тэй жа дарогаю выходзіць».
4 Дык ён прывёў мяне дарогаю паўночнае брамы к дому, і я глядзеў, і вось, слава СПАДАРОВА напоўніла дом СПАДАРОЎ, і паў я на від свой.
5 І сказаў імне СПАДАР: «Сыну людзкі! прылажы сэрца сваё, і Глядзі ачыма сваімі, і слухай вушыма сваімі ўсе, што Я кажу тэ праз уставы дому СПАДАРОВАГА і ўсі правы яго; і зацем добра ўход да дому і кажны выхад ізь сьвятыні.
6 І скажы бунтоўнаму дому Ізраеляваму: “Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ‘Досыць вам усіх агідаў вашых, доме Ізраеляў,
7 Калі вы ўводзіце сыноў чужаземцаў, неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных целам, каб былі ў сьвятыні Маёй, плюгавіць яе, дом Мой; калі вы абракалі хлеб Мой, тук а кроў, а яны ўзрушалі змову Маю, звыш усіх агідаў вашых;
8 І вы не стаялі на варце над сьвятымі рэчмі Маімі, але пастанавілі іх стаяць на варце ў сьвятыні Маёй’.
9 Гэтак Спадар СПАДАР: ‘Ніякі чужаземец, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны целам, ня мае ўвыйсьці да сьвятыні Мае, які-колечы чужаземец, што меж сыноў Ізраелявых.
10 І Левіты, што здаліліся ад Мяне, як Ізраель блудзіў, каторыя адышлі ад Мяне, ідучы да балваноў сваіх, панясуць бяспраўе сваё.
11 Яны будуць паслугачымі ў сьвятыні Маёй, нагляднікамі ў брамах дому й служачы дому; яны будуць рэзаць усепаленьні а аброк людзём; яны ж стануць перад імі, каб паслугаваць ім.
12 За тое, што яны паслугавалі ім перад балванамі сваімі і былі Ізраелю спатыкненьням да бяспраўя, Я ўзьняў руку сваю на іх, — агалашае Спадар СПАДАР, — і яны будуць несьці бяспраўе сваё.
13 І яны ня маюць бліжыцца, да Мяне, сьвятарстваваць Імне ані бліжыцца да ўсіх сьвятасьцяў Маіх у Сьвятым Сьвятых, але будуць несьці сорам свой і агіды свае, якія рабілі.
14 Але Я прызначыў іх за вартаўнікоў дому, да ўсяе работы яго і да ўсёга, што ў ім робіцца.
15 Але сьвятарове Левіты, сынове Садокавы, што стаялі на варце ў сьвятыні Маёй, як сынове Ізраелявы зблудзілі ад Мяне, яны маюць бліжыцца да Мяне, служыць Імне, і яны стануць перад Імною, абракаць Імне тук а кроў, — агалашае Спадар СПАДАР. —
16 Яны ўвыйдуць у сьвятыню Маю, і яны дабліжацца да столу Майго, служыць Імне і стаяць на варце Маёй.
17 І будзе, як яны ўвыйдуць у брамы нутранога панадворку, што маюць быць адзеўшыся ў лянное адзецьце, і ніякага ваўнянага ня мае быць на іх, пакуль яны служаць у брамах нутранога панадворку а ў доме.
18 Яны будуць мець лянныя турбаны на галавах сваіх і лянныя нагавіцы на сьцёгнах сваіх; ня маюць папяразавацца ў часе паценьня.
19 І як яны выходзяць на навонны панадворак, на навонны панадворак да люду, то маюць зьдзець адзецьці свае, у каторых служылі, і палажыць іх у сьвятыя пакоі, і адзецца ў іншае адзецьце, і не пасьвяцяць люду сваім адзецьцям.
20 І ня маюць галіць галавы свае ані насіць даўгія валасы, маюць толькі стрыгчы галавы свае.
21 І віна ня мае піць ніхто ізь сьвятароў, як ім надабе ўходзіць на нутраны панадворак.
22 І ўдавы ані разьведзенае ня маюць яны браць за жонкі сабе, але зь дзевак насеньня дому Ізраелявага альбо ўдаву, што засталася ўдавою ад сьвятара, няхай бяруць.
23 Яны маюць вучыць люд Мой розьніцы меж сьвятым і будзеным і абяшчаць розьніцу меж нячыстым і чыстым.
24 І ў сьпярэчцы маюць стаць на суд, і подле судоў Маіх хай судзяць, і маюць дзяржаць правы Мае а ўставы мае на ўсіх урочыстых зборах Маіх, і маюць сьвяціць сыботы Мае.
25 І ня маюць падходзіць да памерлага, каб ня сплюгавіцца; але дзеля айца альбо дзеля маці, альбо дзеля сына, альбо дзеля дачкі, дзеля брата альбо дзеля сястры, што ня была замужам, яны сьмеюць плюгавіцца.
26 І, як ён ачысьціцца, маюць адлічыць яму сем дзён.
27 І дня, як ён ідзець да сьвятыні, у нутраным панадворку служыць у сьвятыні, ён мае абрачы аброк за грэх, — агалашае Спадар СПАДАР. —
28 І гэта будзе ім спадак: спадак іхны Я; і не давайце ім дзяржавы ў Ізраелю: Я дзяржава іхная.
29 Яны будуць есьці хлебны аброк а аброк за грэх а аброк віны; і ўсе, аканаванае ў Ізраелю, будзе іхнае:
30 І пяршына ўсіх першых пладоў усяго, і ўсі дары з усіх дароў вашых сьвятаром будуць; і пяршыну ўсіх цестаў вашых аддавайце сьвятару, каб дабраславенства супачывала на доме вашым.
31 Сьвятарове ня маюць есьці ніякае здыхаты альбо разарванага ані з птушак, ані із статку.

Кніга прарокі Езэкіеля, 44 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.