Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 3 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 А зьмей быў хітрэйшы за ўсіх зьвяроў палявых, якіх зрабіў ГОСПАД Бог. І сказаў ён жанчыне: «Ці ж гэта сказаў Бог: “Ня ешце з кожнага дрэва ў садзе”?»
2 І сказала жанчына зьмею: «Плады дрэваў саду можам есьці,
3 але пра плады дрэва, якое сярод саду, сказаў Бог: “Ня ешце з яго і не дакранайцеся да яго, каб вы не памерлі”».
4 І сказаў зьмей жанчыне: «Не памрацё сьмерцю!
5 Бо ведае Бог, што ў дзень, калі зьясьцё з яго, расплюшчацца вочы вашыя і станецеся як Бог, тымі, хто спазнае дабро і зло».
6 І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і прывабнае для вачэй, і пажаданае дрэва дзеля разуменьня, і ўзяла яна плод ягоны, і ела, і дала мужу свайму, які [быў] з ёю, і ён еў.
7 І расплюшчыліся вочы ў іх абодвух, і спазналі, што яны голыя, і сплялі лісты фігавыя, і зрабілі сабе перапаяскі.
8 І пачулі яны голас ГОСПАДА Бога, Які хадзіў у садзе ў ветры дня, і схаваліся чалавек і жонка ягоная ад аблічча ГОСПАДА Бога сярод дрэваў саду.
9 І паклікаў ГОСПАД Бог чалавека, і сказаў яму: «Дзе ты?»
10 І той сказаў: «Голас Твой я пачуў у садзе і спалохаўся, бо я — голы, і схаваўся».
11 І сказаў [Бог]: «Хто распавёў табе, што ты голы? Ці ня еў ты з дрэва, з якога Я загадаў табе ня есьці?»
12 І сказаў чалавек: «Жанчына, якую Ты даў, [каб была] са мною, яна дала мне з дрэва, і я еў».
13 І сказаў ГОСПАД Бог жанчыне: «Што ты гэта зрабіла?» І сказала жанчына: «Зьмей падмануў мяне, і я ела».
14 І сказаў ГОСПАД Бог зьмею: «За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты між усёй скаціны і ўсіх зьвяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш і будзеш пыл есьці ў-ва ўсе дні жыцьця твайго.
15 І Я кладу варожасьць паміж табой і жанчынай, паміж насеньнем тваім і насеньнем яе. Яно скрышыць табе галаву, а ты скрышыш яму пяту».
16 А жанчыне сказаў: «Памнажаючы, памножу мучэньні твае і цяжарнасьці твае, з болем будзеш нараджаць сыноў; і да мужа твайго пацяга твая, а ён будзе панаваць над табою».
17 А Адаму сказаў: «За тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і еў з дрэва, пра якое Я загадаў табе, кажучы: “Ня еш з яго”, праклятая зямля з-за цябе. У мучэньнях будзеш есьці з яе ў-ва ўсе дні жыцьця твайго.
18 Церні і асот будзе радзіць яна табе, і будзеш есьці траву палявую.
19 У поце аблічча твайго будзеш есьці хлеб, аж пакуль ня вернешся ў зямлю, бо з яе ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернешся».
20 І назваў чалавек імя сваёй жонцы — Ева, бо яна была маці усіх, што жывуць.
21 І зрабіў ГОСПАД Бог Адаму і жонцы ягонай адзеньне са скуры, і апрануў іх.
22 І сказаў ГОСПАД Бог: «Вось, чалавек стаўся як адзін з Нас, спазнаўшы дабро і зло. І цяпер няхай ня выцягне ён рукі сваёй і ня возьме таксама з дрэва жыцьця, і ня зьесьць, і ня будзе жыць вечна».
23 І выслаў яго ГОСПАД Бог з саду Эдэн, каб абрабляў зямлю, з якой быў узяты.
24 І выгнаў чалавека, і паставіў на ўсходзе ад саду Эдэн херувімаў і меч палымяны, які паварочваецца наўкола, каб сьцерагчы шлях да дрэва жыцьця.

Кніга Быцьцё, 3 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.