Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 25 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 I зноў узяў Абрагам жонку, а імя ейнае — Кетура.
2 I нарадзіла яна яму Зімрана, і Ёкшана, і Мэдана, і Мадыяна, і Ішбака, і Шуаха.
3 А Ёкшан нарадзіў Шэву і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Ашурым, і Летушым, і Леўмім.
4 А сынамі Мадыяна — Эфа, і Эфэр, і Ханох, і Авіда, і Эльдаа. Усе яны — сыны Кетуры.
5 I аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку.
6 А сынам наложніцаў, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дары, і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю.
7 I вось дні гадоў жыцьця Абрагама, якія ён пражыў — сто семдзесят пяць гадоў.
8 I супачыў, і памёр Абрагам у старасьці добрай, стары і насычаны [жыцьцём], і быў далучаны да народу свайго.
9 I пахавалі яго Ісаак і Ізмаэль, сыны ягоныя, у пячоры Махпэля на полі Эфрона, сына Цахара, Хетыта, што насупраць Мамрэ.
10 Гэта тое поле, якое купіў Абрагам у сыноў Хета. Там пахаваныя Абрагам і Сара, жонка ягоная.
11 I сталася пасьля сьмерці Абрагама, дабраславіў Бог Ісаака, сына ягонага, і жыў Ісаак каля Бэер-Ляхай-Рой.
12 Вось радавод Ізмаэля, сына Абрагама, якога нарадзіла Абрагаму Агар Эгіпцянка, нявольніца Сары.
13 I вось імёны сыноў Ізмаэля, паводле імёнаў іхных, паводле родаў іхніх: першародны Ізмаэля Наваёт, Кедар, Адбээль, Міўсам,
14 Мішма, Дума, Маса,
15 Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.
16 Гэта сыны Ізмаэля, і гэта імёны іхнія ў паселішчах іхніх і ў табарах іхніх, дванаццаць князёў плямёнаў сваіх.
17 А гадоў жыцьця Ізмаэля — сто трыццаць сем гадоў. І ён супачыў, і памёр, і быў далучаны да народу свайго.
18 І жылі яны ад Хавілі да Шура, які насупраць Эгіпту, калі ідзеш у Асірыю. Перад абліччам усіх братоў сваіх пасяліўся ён.
19 А гэта радавод Ісаака, сына Абрагама. Абрагам нарадзіў Ісаака.
20 I было Ісааку сорак гадоў, калі ён узяў Рэбэку, дачку Бэтуэля Арамейца з Падан-Араму, сястру Лявана Арамейца, сабе за жонку.
21 I прасіў Ісаак ГОСПАДА пра жонку сваю, бо яна была бясплодная; і ГОСПАД быў упрошаны ім, і зачала Рэбэка, жонка ягоная.
22 I штурхаліся сыны ў нутры ейным, і яна сказала: «Калі так, дык чаму ў мяне?» I пайшла спытацца ў ГОСПАДА.
23 I сказаў ГОСПАД ёй: «Два народы ў жываце тваім, і два народы з нутра твайго вылучацца; і адзін народ будзе мацнейшым за другі, і старэйшы будзе служыць малодшаму».
24 I споўніліся дні ейныя, каб нарадзіць, і вось, двайняты ў жываце ейным.
25 I выйшаў першы, чырвоны, увесь, як кажух, касматы; і назвалі імя ягонае Эзаў.
26 Потым выйшаў брат ягоны, і рука ягоная трымала пяту Эзава, і назвалі імя ягонае Якуб. А Ісааку было шэсьцьдзесят гадоў, калі яны нарадзіліся.
27 I вырасьлі хлопчыкі, і быў Эзаў спрытным паляўнічым, чалавекам поля, а Якуб быў чалавекам рахманым, які жыў у намётах.
28 I любіў Ісаак Эзава, бо ўпаляванае ім [было] ў вуснах ягоных; а Рэбэка любіла Якуба.
29 I варыў Якуб страву, і Эзаў прыйшоў з поля, і быў ён стомлены.
30 I сказаў Эзаў Якубу: «Дай мне крыху чырвонай, гэтай чырвонай [стравы], бо я стомлены». Дзеля гэтага названае імя ягонае Эдом.
31 I сказаў Якуб: «Прадай мне сёньня першародзтва тваё».
32 I сказаў Эзаў: «Вось, я ледзь не паміраю, і на што гэта мне першародзтва?»
33 I сказаў Якуб: «Прысягні мне сёньня». І той прысягнуў яму, і прадаў першародзтва сваё Якубу.
34 I Якуб даў Эзаву хлеб і страву з сачэвіцы, і ён еў, і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагрэбаваў Эзаў першародзтвам.

Кніга Быцьцё, 25 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.