Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 47 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І прыйшоў Язэп, і паведаміў фараону, і сказаў: «Бацька мой, і браты мае, і авечкі іхнія, і валы іхнія, і ўсё, што ў іх, прыйшлі з зямлі Ханаан, і вось, яны ў зямлі Гашэн».
2 I з-паміж братоў сваіх ён узяў пяць чалавек і паставіў іх перад фараонам.
3 I сказаў фараон братам ягоным: «Які ваш занятак?» І яны сказалі фараону: «Пастухі авечак слугі твае, і мы, і бацькі нашыя».
4 I сказалі яны фараону: «Вандраваць у зямлі гэтай мы прыйшлі, бо няма пашы для авечак слугаў тваіх, бо вялікі голад у зямлі Ханаан. І цяпер, просім, дазволь пасяліцца слугам тваім у зямлі Гашэн».
5 I сказаў фараон Язэпу, кажучы: «Бацька твой і браты твае прыйшлі да цябе.
6 Зямля Эгіпецкая перад абліччам тваім. У найлепшым месцы зямлі пасялі бацьку свайго і братоў сваіх. Няхай жывуць яны ў зямлі Гашэн. I калі ведаеш, што ёсьць паміж імі здольныя людзі, пастаў іх даглядчыкамі над статкамі, якія ў мяне».
7 I прывёў Язэп Якуба, бацьку свайго, і паставіў яго перад абліччам фараона. І дабраславіў Якуб фараона.
8 I сказаў фараон Якубу: «Колькі дзён [маюць] гады жыцьця твайго?»
9 I сказаў Якуб фараону: «Дзён гадоў вандраваньня майго — сто трыццаць гадоў. Кароткія і ліхія былі дні гадоў жыцьця майго, і не дасягнулі яны да дзён гадоў жыцьця бацькоў маіх у днях вандраваньня іхняга».
10 I дабраславіў Якуб фараона, і выйшаў ад аблічча фараона.
11 I пасяліў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх, і даў ім уласнасьць у зямлі Эгіпецкай, у найлепшай частцы зямлі той, у зямлі Рамсэс, як загадаў фараон.
12 I жывіў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх, і ўвесь дом бацькі свайго хлебам адпаведна [ліку] дзяцей.
13 А хлеба не было на ўсёй зямлі, бо голад быў вельмі цяжкі, і была вычарпаная зямля Эгіпецкая і зямля Ханаанская з прычыны голаду.
14 I сабраў Язэп усё срэбра, якое знайшлося ў зямлі Эгіпецкай і ў зямлі Ханаанскай, за збожжа, якое куплялі, і прынёс Язэп срэбра ў дом фараона.
15 I скончылася срэбра ў зямлі Эгіпецкай і ў зямлі Ханаанскай. I прыйшоў увесь Эгіпет да Язэпа, кажучы: «Дай нам хлеба! Навошта мы маем памерці перад табою, бо скончылася срэбра».
16 І сказаў Язэп: «Дайце статак ваш, і я буду даваць вам [хлеб] за статак ваш, калі скончылася срэбра».
17 I яны прыводзілі статак свой да Язэпа, і даваў ім Язэп хлеб за коней, і за статкі авечак, і за статкі валоў, і за аслоў; і жывіў іх хлебам за ўвесь статак іхні ў той год.
18 I скончыўся той год; і прыйшлі да яго у наступным годзе, і сказалі яму: «Ня ўтоім ад пана нашага, што скончылася срэбра, і статкі скаціны нашай — у пана нашага. Не засталося нічога ў нас перад абліччам пана нашага, акрамя целаў нашых і грунтоў нашых.
19 Навошта маем памерці перад вачыма тваімі, і мы, і грунты нашыя? Купі нас і грунты нашыя за хлеб; і будзем мы і грунты нашыя нявольнікамі фараона, а ты дай нам зерня, і мы будзем жыць, і не памрэм, і грунты не спусьцеюць».
20 I набыў Язэп усе грунты ў Эгіпце для фараона, бо прадалі Эгіпцяне кожны поле сваё, бо прыціснуў іх голад. I зямля стала фараонавай.
21 А народ ён перавёў у гарады ад [аднаго] канца мяжы Эгіпту аж да [другога] канца яго.
22 Толькі грунты сьвятароў не набыў, бо частка сьвятароў [была] ад фараона, і яны жывіліся са сваёй часткі, якую даў ім фараон; таму яны і не прадалі грунты свае.
23 I сказаў Язэп народу: «Вось, я купіў сёньня вас і грунты вашыя для фараона. Вось вам зерне, і засявайце зямлю.
24 І калі будзе жніво, давайце пятую частку фараону, а чатыры часткі застануцца вам засеяць поле і на харчаваньне вам і тым, хто ў дамах вашых, і на харчаваньне дзецям вашым».
25 А яны сказалі: «Ты захаваў нам жыцьцё. Няхай мы знойдзем ласку ў вачах пана нашага, і будзем слугамі фараону».
26 I паставіў гэта Язэп як пастанову, якая дагэтуль у зямлі Эгіпецкай, што для фараона пятая частка [ураджаю], толькі грунты сьвятароў [належаць] ім самім, ня сталі яны фараонавымі.
27 I жыў Ізраіль у зямлі Эгіпецкай, у зямлі Гашэн, і мелі ўласнасьць у ёй, і пладзіліся, і памножыліся вельмі.
28 I жыў Якуб у зямлі Эгіпецкай сямнаццаць гадоў; і было дзён Якуба, гадоў жыцьця ягонага — сто сорак сем гадоў.
29 I наблізіліся дні Ізраілю, каб памерці, і паклікаў ён сына свайго Язэпа, і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў вачах тваім, прашу, палажы руку сваю пад сьцягно маё і зрабі мне міласэрнасьць і праўду, што не пахаваеш мяне ў Эгіпце.
30 Але буду я ляжаць з бацькамі сваімі. Вынясі мяне з Эгіпту і пахавай мяне ў магіле іхняй». I той сказаў: «Зраблю паводле слова твайго».
31 I сказаў [Якуб]: «Прысягні мне». I прысягнуў яму. I схіліўся Ізраіль на верх ложка.

Кніга Быцьцё, 47 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.