Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 22 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 I сталася пасьля гэтых падзеяў, і Бог выспрабоўваў Абрагама, і сказаў яму: «Абрагаме!» I ён сказаў: «Вось я!»
2 I сказаў [Бог]: «Вазьмі сына свайго, адзінага свайго, якога ты любіш, Ісаака; і ідзі ў зямлю Морыя, і там складзі яго на ахвяру цэласпаленьня на адной з гораў, пра якую Я скажу табе».
3 І ўстаў Абрагам рана раніцаю, і асядлаў асла свайго, узяў двух юнакоў сваіх з сабою і Ісаака, сына свайго, і насек дроваў на цэласпаленьне, і ўстаў, і пайшоў на месца, пра якое сказаў яму Бог.
4 На трэці дзень узьняў Абрагам вочы свае і ўбачыў тое месца здалёк.
5 I сказаў Абрагам юнакам сваім: «Застаньцеся тут з аслом; а мы з хлопцам пойдзем аж туды, і паклонімся, і вернемся да вас».
6 I ўзяў Абрагам дровы на цэласпаленьне, і ўзлажыў на Ісаака, сына свайго; і ўзяў у рукі агонь і вялікі нож, і пайшлі абодва разам.
7 I сказаў Ісаак Абрагаму, бацьку свайму: «Ойча мой!» Той сказаў: «Вось я, сыне мой». Ён сказаў: «Вось агонь і дровы, а дзе ягня на цэласпаленьне?»
8 I сказаў Абрагам: «Бог угледзіць Сабе ягня на цэласпаленьне, сыне мой». I ішлі абодва разам.
9 I прыйшлі на месца, пра якое казаў яму Бог; і збудаваў там Абрагам ахвярнік, і разлажыў дровы, і зьвязаў Ісаака, сына свайго, і палажыў яго на ахвярнік, зьверху на дровы.
10 I выцягнуў Абрагам руку сваю, і ўзяў вялікі нож, каб закалоць сына свайго.
11 I паклікаў яго анёл ГОСПАДА з неба, і сказаў: «Абрагаме! Абрагаме!» Той сказаў: «Вось я!»
12 I сказаў [ГОСПАД]: «Не выцягвай рукі сваёй на хлопца і не рабі яму нічога, бо цяпер Я ведаю, што ты баішся Бога і не пашкадаваў дзеля Мяне сына свайго, адзінага свайго».
13 I ўзьняў Абрагам вочы свае, і ўбачыў, і вось баран ззаду, увязаны ў хмызах рагамі сваімі. I пайшоў Абрагам, і ўзяў барана, і ахвяраваў яго на цэласпаленьне замест сына свайго.
14 I назваў Абрагам імя месца гэтага: «ГОСПАД угледзіць». Дзеля гэтага і цяпер кажуць: «На гары ГОСПАД дасьць угледзець».
15 I паклікаў анёл ГОСПАДА Абрагама другі раз з неба,
16 і сказаў: «На Сябе Самога прысягаю, кажа ГОСПАД, за тое, што ты гэта зрабіў, і не пашкадаваў сына свайго, адзінага свайго,
17 дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу насеньне тваё, як зоркі нябесныя і як пясок на беразе мора; і успадкаеміць насеньне тваё брамы ворагаў сваіх.
18 I будуць дабраслаўлёныя ў насеньні тваім усе народы зямлі за тое, што ты паслухаў голасу Майго».
19 I вярнуўся Абрагам да юнакоў сваіх, і ўсталі, і пайшлі разам да Бээр-Шэвы. I жыў Абрагам у Бээр-Шэве.
20 I сталася пасьля гэтых падзеяў, паведамілі Абрагаму, кажучы: «Вось, нарадзіла таксама Мілька сыноў Нахору, брату твайму:
21 Уца, першароднага ягонага, і Буза, брата ягонага, і Кемуэля, бацьку Арама.
22 і Кесэда, і Хазо, і Пільдаша, і Ідлафа, і Бэтуэля».
23 А Бэтуэль нарадзіў Рэбэку. Васьмёх гэтых нарадзіла Мілька Нахору, брату Абрагама.
24 I наложніца ягоная, імя якой Рэўма, нарадзіла таксама Тэваха, і Гахама, і Тахаша, і Маху.

Кніга Быцьцё, 22 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.