Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 14 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сталася за дзён Амрафэля, валадара Шынаару, і Арыёха, валадара Элясару, і Кедарляамэра, валадара Эляму, і Тыдаля, валадара Гаіму,
2 пачалі яны вайну супраць Бэры, валадара Садома, і Біршы, валадара Гаморы, і Шынава, валадара Адмы, і Шэмэвэра, валадара Цэвоіма, і валадара Бэлі або Цаару.
3 Усе яны злучыліся ў даліне Сыддым, яна [цяпер] Мора Салёнае.
4 Дванаццаць гадоў служылі яны Кедарляамэру, а ў трынаццатым годзе ўзбунтаваліся.
5 А ў чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедарляамэр і валадары, якія з ім, і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, і Зузімаў у Гаме, і Эмімаў у Шавэ-Кірыятаіме,
6 і Харэяў на гары іхняй Сэір аж да Эль-Парану, што ў пустыні.
7 І вярнуліся яны, і прыйшлі да Эн-Мішпату, які [цяпер] Кадэш, і пабілі ўсю краіну Амалека, а таксама Амарэяў, што жылі ў Хацацон-Тамары.
8 І выйшаў валадар Садома, і валадар Гаморы, і валадар Адмы, і валадар Цэвоіма, і валадар Бэлі або Цаару, і пашыхтаваліся ў даліне Сыддым да бою
9 з Кедарляамэрам, валадаром Эляму, і Тыдалем, валадаром Гаіму, і Амрафэлем, валадаром Шынаару, і Арыёхам, валадаром Элясару, чатыры валадары супраць пяці.
10 І былі ў даліне Сыддым ямы, ямы смалавыя. І ўцякалі валадары Садома і Гаморы, і ўпалі ў тыя [ямы], а астатнія ўцяклі на гору.
11 І ўзялі [пераможцы] ўсю маёмасьць Садома і Гаморы і ўсе запасы харчоў, і пайшлі.
12 І ўзялі яны Лёта, сына брата Абрама, і маёмасьць ягоную, і пайшлі. А ён жыў у Садоме
13 І прыйшоў адзін з тых, што ўцяклі, і паведаміў Абраму Гебраю, які жыў каля дубровы Мамрэ Амарэя, брата Эшколя і брата Анэра, якія заключылі запавет з Абрамам.
14 І пачуў Абрам, што ўзяты ў палон брат ягоны, і ўзброіў трыста васемнаццаць спраўных [слугаў] сваіх, народжаных у доме яго, і пусьціўся ў пагоню аж пад Дан.
15 І, падзяліўшыся, напаў на іх ноччу, ён і слугі ягоныя, і разьбіў іх, і гнаў іх аж да Ховы, што зьлева ад Дамаску.
16 І вярнуў ён усю маёмасьць, а таксама Лёта, брата свайго, і маёмасьць ягоную, а таксама жанчын і народ.
17 І выйшаў валадар Садома насустрач яму, калі ён вяртаўся пасьля пабіцьця Кедарляамэра і валадароў, што з ім былі, у даліну Шавэ, яна [цяпер] даліна Валадарская.
18 А Мэльхісэдэк, валадар Салему, вынес хлеб і віно, а ён быў сьвятаром Бога Найвышэйшага,
19 і дабраславіў яго, і сказаў: «Дабраслаўлёны Абрам праз Бога Найвышэйшага, Пана неба і зямлі.
20 І дабраслаўлёны Бог Найвышэйшы, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае». І даў яму [Абрам] дзесяціну з усяго.
21 І сказаў валадар Садома Абраму: «Аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе».
22 І сказаў Абрам валадару Садома: «Узьнімаю руку сваю да ГОСПАДА, Бога Найвышэйшага, Пана неба і зямлі,
23 што ані ніткі, ані раменьчыка ад сандалаў, нічога не вазьму з усяго таго, што тваё, каб ты не сказаў: “Я ўзбагаціў Абрама”,
24 за выняткам таго, што зьелі юнакі, ды апроч часткі для людзей, што хадзілі са мною; Анэр, Эшколь і Мамрэ няхай возьмуць частку сваю».

Кніга Быцьцё, 14 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.