Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 32 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 А Якуб пайшоў дарогаю сваёй. I сустрэлі яго анёлы Божыя.
2 I сказаў Якуб, убачыўшы іх: «Гэта табар Божы». I назваў імя месца таго: Маханаім.
3 I паслаў Якуб пасланцоў перад сабою да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, на поле Едому.
4 I загадаў ім, кажучы: «Гэтак скажаце пану майму Эзаву: “Так кажа слуга твой Якуб. У Лявана я жыў, і заставаўся аж дагэтуль.
5 I сталася, што маю вала і асла, і авечку, і слугу, і нявольніцу, і я паслаў сказаць пану майму, каб знайсьці ласку ў вачах тваіх”».
6 I вярнуліся пасланцы да Якуба, кажучы: «Мы прыйшлі да брата твайго, да Эзава, і ён таксама ідзе насустрач табе, і чатырыста чалавек з ім».
7 I спалохаўся Якуб вельмі, і быў стрывожаны, і падзяліў людзей, якія былі з ім, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два табары,
8 I сказаў: «Калі Эзаў прыйдзе на адзін табар і выб’е яго, табар, які застанецца, ўцячэ».
9 I сказаў Якуб: «Божа бацькі майго Абрагама і Божа бацькі майго Ісаака, ГОСПАДЗЕ, Ты сказаў мне: “Вярніся ў зямлю тваю, да родзічаў тваіх, і Я зраблю, каб было добра табе”.
10 Я ня варты ўсёй міласэрнасьці і ўсёй праўды, якую Ты ўчыніў для слугі Твайго, бо я з кіем маім перайшоў Ярдан гэты, а цяпер стаю з двума табарамі.
11 Выратуй, прашу, мяне з рукі брата майго, з рукі Эзава, бо я баюся яго, каб ён не прыйшоў, і не забіў мяне, і матак разам з сынамі.
12 Ты сказаў: “Робячы дабро, буду рабіць дабро табе, і зраблю насеньне тваё як пясок марскі, якога нельга палічыць дзеля мноства [яго]”».
13 I начаваў там у тую ноч, і ўзяў з таго, што прыйшло ў рукі яму, дары для Эзава, брата свайго:
14 козаў дзьвесьце, казлоў дваццаць, авечак дзьвесьце і бараноў дваццаць,
15 вярблюдзіцаў дойных з вярблюдзянятамі іхнімі трыццаць, кароў сорак і валоў дзесяць, асьліцаў дваццаць і асьлянят дзесяць.
16 I даў у рукі слугам сваім кажную чараду асобна, і сказаў слугам сваім: «Перайдзіце перада мною, і трымайце адлегласьць паміж чарадой і чарадой».
17 I загадаў першаму, кажучы: «Калі сустрэне цябе Эзаў, брат мой, і спытаецца ў цябе, кажучы: “Чый ты і куды ідзеш? І чыё гэта перад абліччам тваім?”
18 ты скажаш: “Слугі твайго Якуба. Гэты дар пасланы пану майму Эзаву. І вось, таксама ён [ідзе] за намі”».
19 І загадаў тое самае другому, і трэйцяму, і ўсім, якія ішлі за чародамі, кажучы: «Паводле словаў гэтых кажыце Эзаву, калі знойдзеце яго,
20 і скажаце таксама: “Вось, слуга твой Якуб [ідзе] за намі”». Бо ён казаў: «Умалю аблічча ягонае дарам, які ідзе перада мною, і потым убачу аблічча ягонае. Можа, ён узьніме аблічча маё».
21 I перайшоў дар перад ім, а ён начаваў у тую ноч у табары.
22 I ўстаў ён у тую ноч, і ўзяў дзьве жонкі свае, і дзьве нявольніцы свае, і адзінаццаць дзяцей сваіх, і перайшоў у брод Ябок.
23 I ўзяў іх, і перавёў іх праз ручай, і перавёў, што было ў яго.
24 I застаўся Якуб сам адзін. І дужаўся з ім Муж да ўзыходу зараніцы.
25 I Той убачыў, што не пераможа яго, і дакрануўся да сустава сьцягна ягонага, і пашкодзіў сустаў сьцягна Якуба, калі дужаўся з ім,
26 і сказаў: «Пусьці Мяне, бо ўзыйшла зараніца». I сказаў [Якуб]: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне».
27 I Ён сказаў яму: «Якое імя тваё?» А ён сказаў: «Якуб».
28 I сказаў: «Не Якуб будуць называць ужо імя тваё, але Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам і з людзьмі, і перамог».
29 I спытаўся Якуб, і сказаў: «Скажы, калі ласка, імя Тваё». I Ён сказаў: «Навошта ты пытаешся імя Маё?» I дабраславіў яго там.
30 I назваў Якуб імя таго месца: Пэніэль, бо [казаў]: «Я бачыў Бога абліччам да аблічча, і захаваная душа мая».
31 I ўзыйшло сонца, калі ён праходзіў Пэніэль, і ён накульгваў на сьцягно сваё.
32 Дзеля гэтага не ядуць сыны Ізраіля жылы цягліцы, якая на суставе сьцягна, аж да сёньня, бо Ён дакрануўся да суставу сьцягна Якуба, да жылы цягліцы.

Кніга Быцьцё, 32 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.