Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 34 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 I выйшла Дзіна, дачка Леі, якую яна нарадзіла Якубу, паглядзець на дочак зямлі той.
2 I ўбачыў яе Сыхем, сын Гамора Хівея, князя зямлі той, і ўзяў яе, і ляжаў з ёю, і згвалціў яе.
3 I прыляпілася душа ягоная да Дзіны, дачкі Якуба, і ён пакахаў дзяўчыну, і гаварыў да сэрца дзяўчыны.
4 I сказаў Сыхем Гамору, бацьку свайму, кажучы: «Вазьмі мне дзяўчыну гэтую за жонку».
5 I Якуб пачуў, што зганьблена Дзіна, дачка ягоная, а сыны ягоныя былі пры статку на полі, і маўчаў Якуб, пакуль не прыйшлі яны.
6 I выйшаў Гамор, бацька Сыхему, да Якуба паразмаўляць з ім.
7 А сыны Якуба прыйшлі з поля, і, пачуўшы, засмуціліся мужы, і гневаліся вельмі, бо ганьбу зрабіў [Сыхем] Ізраілю, лёгшы з дачкою Якуба, бо гэтак ня робіцца.
8 I гаварыў Гамор з імі, кажучы: «Сыхем, сын мой, прыляпіўся душою сваёю да дачкі вашае. Дайце, прашу, яе яму за жонку.
9 І пасваячцеся з намі, дочак вашых дайце нам, а дочак нашых бярыце сабе.
10 I з намі жывіце, і зямля гэтая будзе перад абліччам вашым, жывіце і гандлюйце ў ёй, і бярыце яе [на ўласнасьць]».
11 I сказаў Сыхем бацьку ейнаму і братам ейным: «Каб я знайшоў ласку ў вачах вашых, і што скажаце мне, я дам.
12 Павялічце мне вельмі вена і дары, і я дам, што вы скажаце мне, толькі дайце мне дзяўчыну за жонку».
13 I адказалі сыны Якуба Сыхему і Гамору, бацьку ягонаму, падступна, і гаварылі так, бо ён зганьбіў Дзіну, сястру іхнюю.
14 I сказалі ім: «Ня можам зрабіць гэтага, выдаць сястру нашую чалавеку, які мае скуравінку, бо ганьба гэта для нас.
15 Толькі тады мы пагодзімся з вамі, калі вы будзеце, як мы, каб быў абрэзаны ў вас кожны мужчына.
16 I будзем даваць дочак нашых вам, а дочак вашых браць сабе, і будзем жыць з вамі, і будзем адзін народ.
17 А калі не паслухаеце нас, каб абрэзацца, мы возьмем дачку нашую і адыйдзем».
18 I былі добрымі словы іхнія ў вачах Гамора і ў вачах Сыхема, сына Гамора.
19 I не затрымаўся юнак той зрабіць гэтую справу, бо ён жадаў дачку Якуба. А ён быў найбольш шанаваны ў-ва ўсім доме бацькі свайго.
20 I прыйшоў Гамор і Сыхем, сын ягоны, да брамы гораду свайго, і гаварылі жыхарам гораду свайго, кажучы:
21 «Гэтыя людзі прыязныя да нас. Няхай яны жывуць у зямлі гэтай і гандлююць у ёй. І зямля гэтая прасторная перад абліччам іхнім. Дочак іхніх возьмем сабе за жонак, а дочак нашых дамо ім.
22 Толькі пры адной [умове] пагодзяцца з намі людзі гэтыя, каб жыць з намі і быць адным народам, калі у нас будуць абрэзаныя ўсе мужчынскага [роду], як яны абрэзаны.
23 Статкі іхнія, і маёмасьць іхняя, і ўся скаціна іхняя, ці ж ня нашая [будзе]? Толькі пагодзімся з імі, і яны будуць жыць з намі».
24 I паслухалі Гамора і Сыхема, сына ягонага, усе, што выходзілі з брамы гораду свайго; і былі абрэзаныя ўсе мужчынскага [роду], усе, што выходзілі з брамы гораду свайго.
25 I сталася на трэйці дзень, калі яны былі ў вялікім болю, узялі два сыны Якуба, Сымон і Левій, браты Дзіны, кожны меч свой, і ўвайшлі ў горад, [які пачуваўся] бясьпечна, і забілі ўсіх мужчынаў.
26 I Гамора, і Сыхема, сына ягонага, забілі лязом мяча, і ўзялі Дзіну з дому Сыхема, і выйшлі.
27 Сыны Якуба прыйшлі да забітых і зрабавалі горад за тое, што зганьбілі сястру іхнаю.
28 I авечак іхніх, і валоў іхніх, і аслоў іхніх, і тое, што было ў горадзе і што было ў полі, яны ўзялі.
29 I ўсё багацьце іхняе, і ўсіх дзяцей іхніх, і жанчынаў іхніх ўзялі ў палон, і зрабавалі ўсё, што было ў дамах.
30 I сказаў Якуб Сымону і Левію: «Вы зрабілі зьнішчэньне мне, зрабіўшы мяне агідным для жыхароў зямлі гэтае, Хананейцаў і Пэрэзэяў, а ў мяне людзей няшмат, і зьбяруцца на мяне, і паб’юць мяне, і будуць зьнішчаны я і дом мой».
31 А яны сказалі: «Ці ж можна рабіць з сястрою нашаю як з блудніцаю?»

Кніга Быцьцё, 34 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.