Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 24 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 I Абрагам быў стары, і меў шмат дзён, і ГОСПАД дабраславіў Абрагама ў-ва ўсім.
2 I сказаў Абрагам слузе свайму, старэйшаму ў доме сваім, які меў уладу над усім, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад сьцягно маё,
3 і я прывяду цябе да прысягі на ГОСПАДА, Бога неба і Бога зямлі, што ты ня возьмеш жонкі сыну майму з дачок Хананейскіх, сярод якіх я жыву,
4 але пойдзеш у зямлю маю і да родзічаў маіх, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку».
5 I сказаў яму слуга: «Можа, не пажадае тая жанчына ісьці са мною сюды, у гэтую зямлю. Ці маю я завесьці сына твайго адсюль у тую зямлю, з якой ты выйшаў?»
6 I сказаў яму Абрагам: «Сьцеражыся, каб не завесьці туды сына майго.
7 ГОСПАД, Бог неба, Які ўзяў мяне з дому бацькі майго і з зямлі нараджэньня майго, і Які казаў да мяне, і Які прысягнуў мне, кажучы: “Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю”, — Ён пашле анёла Свайго перад абліччам тваім, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму.
8 А калі не пажаде тая жанчына ісьці з табою, ты будзеш вызвалены ад гэтае прысягі маёй; толькі сына майго не завядзі туды».
9 I палажыў слуга руку сваю пад сьцягно Абрагама, пана свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.
10 I ўзяў той слуга дзесяць вярблюдаў пана свайго, і пайшоў, і ўсялякае даброцьце пана ягонага [было] ў руцэ ягонай. І ўстаў ён, і пайшоў у Арам-Нагараім, ў горад Нахора.
11 I дазволіў ён вярблюдам укленчыць вонкі гораду каля студні вады пад вечар, у той час, калі выходзяць чэрпаць ваду.
12 I сказаў ён: «ГОСПАДЗЕ, Божа пана майго Абрагама! Зрабі, каб сталася [ласка] мне сёньня, і ўчыні міласэрнасьць пану майму Абрагаму.
13 Вось, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў гораду выходзяць чэрпаць ваду.
14 Няхай станецца, што тая дзяўчына, якой я скажу: “Нахілі збан свой, і я нап’юся”, і якая скажа: “Пі, я і вярблюды твае напаю”, вось гэта тая, якую Ты прызначыў слузе Твайму Ісааку, і з гэтага пазнаю, што Ты ўчыніў міласэрнасьць пану майму».
15 I сталася, перш, чым скончыў ён казаць, вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ў Бэтуэля, сына Мількі, жонкі Нахора, брата Абрагама, і збан ейны на плячы ў яе.
16 І [была] тая дзяўчына вельмі прыгожая з выгляду, дзяўчына, якую мужчына не пазнаў. І зыйшла яна да крыніцы, і напоўніла збан, і вярталася.
17 I пабег слуга насустрач ёй, і сказаў: «Дай мне глынуць крыху вады са збана твайго».
18 I сказала яна: «Пі, пане мой». I пасьпяшалася, і спусьціла збан на руку сваю, і дала яму напіцца.
19 I скончыла яна даваць яму піць, і сказала: «Таксама для вярблюдаў тваіх я буду чэрпаць, пакуль не нап’юцца».
20 I пасьпяшалася, і выліла збан свой у карыта, і пабегла зноў да студні чэрпаць, і чэрпала для ўсіх вярблюдаў ягоных.
21 І чалавек той моўчкі ўглядаўся на яе, каб спазнаць, ці даў ГОСПАД посьпех на шляху ягоным, ці не.
22 I сталася, як вярблюды напіліся, узяў чалавек той залатое колца ў паўсыкля вагою і два бранзалеты на рукі ейныя, вага якіх – дзесяць сыкляў золата,
23 і сказаў: «Чыя ты дачка? Скажы мне. Ці ёсьць у доме бацькі твайго месца для нас, каб начаваць?»
24 І яна сказала яму: «Я — дачка Бэтуэля, сына Мількі, якога яна нарадзіла Нахору».
25 I сказала яму: «Таксама саломы і корму шмат у нас, а таксама месца, каб начаваць».
26 I схіліўся чалавек той, і пакланіўся ГОСПАДУ,
27 і сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог пана майго Абрагама, Які не ўхіліў міласэрнасьці Сваёй і вернасьці Сваёй ад пана майго! Я — на шляху, якім прывёў мяне ГОСПАД да дому брата пана майго».
28 I пабегла дзяўчына, і расказала дома маці сваёй пра тое, што здарылася.
29 А ў Рэбэкі [быў] брат, імя ягонае — Ляван. I пабег Ляван вонкі да таго чалавека да крыніцы.
30 I сталася, калі ўбачыў ён колца і бранзалеты на руках у сястры сваёй і пачуў словы Рэбэкі, сястры сваёй, якая сказала: «Гэтак гаварыў са мною чалавек той», дык прыйшоў да чалавека таго, і вось, ён стаіць пры вярблюдах каля крыніцы.
31 I сказаў [Ляван]: «Увайдзі, дабраслаўлёны ГОСПАДАМ. Чаму ты стаіш на двары? Я падрыхтаваў дом і месца для вярблюдаў».
32 I ўвайшоў чалавек той у дом. I [Ляван] расьсядлаў вярблюдаў, і даў саломы і корму для вярблюдаў, і вады, каб памыць ногі ягоныя і ногі людзей, якія з ім.
33 I паставілі перад ім есьці; а ён сказаў: «Ня буду есьці, пакуль не скажу словы свае». I сказаў [Ляван]: «Кажы!»
34 І ён сказаў: «Я — слуга Абрагама.
35 I ГОСПАД дабраславіў пана майго вельмі, і ён стаў вялікі. І Ён даў яму авечак і валоў, і срэбра, і золата, і слугаў, і нявольніцаў, і вярблюдаў, і аслоў.
36 I нарадзіла Сара, жонка пана майго, сына пану майму пасьля, у старасьці сваёй, і ён аддаў яму ўсё, што ў яго.
37 I ўзяў з мяне прысягу пан мой, кажучы: “Не бяры жонкі сыну майму з дачок Хананейскіх, сярод якіх я жыву, у зямлі іхняй,
38 але пойдзеш у дом бацькі майго і да сям’і маёй, і возьмеш жонку сыну майму”.
39 I сказаў я пану майму: “Можа, ня пойдзе жанчына тая са мною”.
40 I сказаў ён мне: “ГОСПАД, перад абліччам Якога я хадзіў, пашле анёла Свайго з табою і дасьць посьпех на шляху тваім, і ты возьмеш жонку сыну майму з сям’і маёй і з дому бацькі майго.
41 Тады будзеш ты вызвалены ад прысягі маёй, калі прыйдзеш да сям’і маёй, і калі яны не дадуць табе, ты будзеш вызвалены ад прысягі!”
42 І прыйшоў я сёньня да крыніцы, і сказаў: “ГОСПАДЗЕ, Божа пана майго Абрагама! Калі ёсьць воля Твая, дай посьпех на шляху маім, па якім іду.
43 Вось, я стаю каля крыніцы вады, і няхай будзе, што тая дзяўчына, якая выйдзе чэрпаць, і я скажу ёй: "Дай мне напіцца крыху вады са збана твайго",
44 а яна скажа мне: "Таксама ты пі, і я таксама для вярблюдаў начэрпаю", яна [будзе] тою жанчынаю, якую прызначыў ГОСПАД сыну пана майго”.
45 Перш чым скончыў я гаварыць у сэрцы сваім, вось, Рэбэка выйшла, і збан ейны на плячы ў яе. І зыйшла яна да крыніцы, і начэрпала; і я сказаў ёй: “Дай мне напіцца!”
46 І яна пасьпяшалася, і спусьціла збан з сябе, і сказала: “Пі, і таксама вярблюдаў тваіх я напаю”. I я піў, і вярблюдаў яна напаіла.
47 І я запытаўся ў яе і сказаў: “Чыя ты дачка?” Яна сказала: “Дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілька”. I надзеў я колца ў нос ейны, і бранзалеты на рукі ейныя.
48 I я схіліўся, і пакланіўся ГОСПАДУ, і дабраславіў ГОСПАДА, Бога пана майго Абрагама, Які прывёў мяне шляхам праўды, каб узяў я дачку брата пана майго для сына ягонага.
49 I калі вы жадаеце ўчыніць міласэрнасьць і вернасьць пану майму, скажыце мне, а калі не, скажыце мне, і я павярну направа альбо налева».
50 I адказалі Ляван і Бэтуэль, і сказалі: «Ад ГОСПАДА выйшла слова гэтае, мы ня можам казаць табе ані ліхога, ані добрага.
51 Вось, Рэбэка перад абліччам тваім, вазьмі і пайдзі, і няхай будзе яна жонкаю сыну пана твайго, як казаў ГОСПАД».
52 I сталася, калі пачуў слуга Абрагама словы іхныя, пакланіўся да зямлі ГОСПАДУ.
53 I выняў слуга рэчы срэбныя, і рэчы залатыя, і шаты, і даў Рэбэцы; і каштоўныя рэчы даў брату ейнаму і маці ейнай.
54 I елі, і пілі ён і людзі, якія з ім, і пераначавалі. I ўсталі раніцаю, і ён сказаў: «Адпусьціце мяне да пана майго».
55 I сказаў брат ейны і маці ейная: «Няхай застанецца з намі дзяўчына на дзён дзесяць, потым пойдзе».
56 І ён сказаў ім: «Не затрымлівайце мяне. ГОСПАД даў посьпех на шляху маім, адпусьціце мяне, і я пайду да пана майго».
57 I яны сказалі: «Паклічам дзяўчыну і спытаемся ў яе».
58 I паклікалі Рэбэку, і сказалі ёй: «Ці пойдзеш з гэтым чалавекам?» Яна сказала: «Пайду!»
59 I адпусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і няньку ейную, і слугу Абрагама, і людзей ягоных.
60 I дабраславілі Рэбэку, і сказалі ёй: «Сястра наша, ты станься тысячай тысячаў, і няхай насеньне тваё успадкаеміць брамы ворагаў сваіх!»
61 I ўстала Рэбэка і служкі ейныя, і селі на вярблюдаў, і пайшлі за тым чалавекам. I ўзяў слуга Рэбэку, і пайшоў.
62 І прыйшоў Ісаак з [дарогі] ад Бээр-Ляхай-Рой, а ён жыў у зямлі Нэгеў.
63 I выйшаў Ісаак падумаць у поле пад вечар, і ўзьняў вочы свае, і ўбачыў, і вось, вярблюды прыходзяць.
64 I ўзьняла Рэбэка вочы свае, і ўбачыла Ісаака, і сьсела з вярблюда.
65 I сказала слузе: «Хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам?» I сказаў слуга: «Гэта пан мой». I яна ўзяла вэлюм, і засланілася.
66 I распавёў слуга Ісааку ўсе справы, якія ён зрабіў.
67 I ўвёў яе Ісаак у намёт Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку, і яна стала яму жонкаю, і ён кахаў яе. І суцешыўся Ісаак па маці сваёй.

Кніга Быцьцё, 24 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.