Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 8 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І ўзгадаў Бог пра Ноя і пра ўсіх зьвяроў, і пра ўсю скаціну, што былі з ім у каўчэгу, і прывёў Бог вецер на зямлю, і супакоіліся воды.
2 І зачыніліся жаролы бездані і вокны нябесныя, і спыніўся дождж з неба.
3 І вярталіся воды з зямлі, сьцякаючы і вяртаючыся, і паменшалі воды па заканчэньні ста пяцідзесяці дзён.
4 І спыніўся каўчэг у сёмы месяц, у сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарат.
5 І воды сьцякалі і меншалі аж да дзясятага месяца, а ў дзясяты месяц, у першы дзень месяца, сталі бачныя вяршыні гораў.
6 І сталася па заканчэньні сарака дзён Ной адчыніў вакно каўчэгу, якое зрабіў.
7 І выпусьціў ён крумкача, і той лятаў туды і сюды, і варочаўся, аж пакуль ня высахла вада на зямлі.
8 І выпусьціў ён ад сябе галубку, каб убачыць, ці зыйшлі воды з аблічча зямлі.
9 І не знайшла галубка месца спачынку для ног сваіх, і вярнулася да яго ў каўчэг, бо воды былі яшчэ на абліччы ўсёй зямлі. І ён выцягнуў руку сваю, і схапіў яе, і забраў да сябе ў каўчэг.
10 І пачакаў ён яшчэ сем дзён, і зноў выпусьціў галубку з каўчэгу.
11 І вярнулася галубка да яго ўвечары, і вось, сьвежы аліўкавы лісток у дзюбе ў яе. І зразумеў Ной, што зыйшлі воды з зямлі.
12 І пачакаў ён яшчэ іншых сем дзён, і выпусьціў галубку, і яна ўжо больш да яго не вярнулася.
13 І сталася, у шэсьцьсот першым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца воды на зямлі павысыхалі. І Ной адкрыў дах каўчэгу, і убачыў, што, вось, высахла аблічча зямлі.
14 А ў другім месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца зямля абсохла.
15 І сказаў Бог Ною, кажучы:
16 «Выйдзі з каўчэгу ты і жонка твая, і сыны твае, і жонкі сыноў тваіх з табою.
17 Усіх зьвяроў, якія з табою з кожнага цела, як з птушак, так i са скаціны, і з усіх паўзуноў, што рухаюцца па зямлі, вывядзі з сабою. І няхай разыходзяцца яны на зямлі, няхай плодзяцца і множацца на зямлі».
18 І выйшаў Ной, і сыны ягоныя, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных з ім.
19 Усе зьвяры, усе паўзуны, усе птушкі і ўсё, што рухаецца па зямлі, паводле родаў сваіх, выйшлі з каўчэгу.
20 І збудаваў Ной ахвярнiк ГОСПАДУ, і ўзяў з кожнай скаціны чыстай і з кожнай птушкі чыстай, і склаў іх у ахвяру цэласпаленьня на ахвярнiку.
21 І адчуў ГОСПАД пах прыемны, і сказаў ГОСПАД у сэрцы Сваім: «Ня буду больш праклінаць зямлю з-за чалавека, бо настаўленьне сэрца чалавечага злое ад маладосьці яго. І больш ня буду забіваць усяго жывога, як гэта зрабіў.
22 Яшчэ ў-ва ўсе дні зямлі ня спыняцца сяўба і жніво, сьцюжа і сьпякота, лета і зіма, дзень і ноч».

Кніга Быцьцё, 8 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.