1 Пасьля сьмерці Саўла і пасьля перамогі над Амалекам Давід вярнуўся і спыніўся на два дні ў Цыклягу.
2 На трэйці дзень зьявіўся нейкі чалавек з табару, з атачэньня Саўла ў падзёртым адзеньні і з пасыпанай зямлёй галавой. Ён падыйшоў да Давіда і пакланіўся тварам да зямлі.
3 Давід спытаўся ў яго: «Адкуль ты прыйшоў?» Ён адказаў Давіду: «Я ўцёк з табару Саўла».
4 Сказаў яму Давід: «Што сталася? Скажы мне». Ён сказаў: «Людзі паўцякалі з месца бою, і шмат народу загінула, таксама Саўл і Ёнатан, сын ягоны, загінулі».
5 І спытаўся Давід у юнака, які яму расказваў: «Адкуль ты ведаеш, што памёр Саўл і Ёнатан, сын ягоны?»
6 Юнак, які прынёс яму гэтую вестку, сказаў яму: «Я выпадкова ўзыйшоў на гару Гільбоа, і акурат Саўл ляжаў прабіты на дзідзе сваёй, а ўжо коньнікі і калясьніцы даганялі яго.
7 Ён, аглянуўшыся і ўбачыўшы мяне, паклікаў мяне. Я яму адказаў: “Вось я”.
8 Ён спытаўся ў мяне: “Хто ты?” Я сказаў яму: “Я — Амалекіцянін”.
9 І ён сказаў мне: “Падыйдзі да мяне, і забі мяне, бо туга сьмяротная ахапіла мяне, але душа мая ўсё яшчэ ў-ва мне”.
10 Я падыйшоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ня будзе ён жыць пасьля падзеньня свайго, і ўзяў я вянок з галавы ягонай і нараменьнік, і прынёс іх гаспадару майму».
11 І схапіўся Давід за шаты свае, і разьдзёр іх, і ўсё людзі, каторыя былі з ім.
12 І галасілі яны, і плакалі, і посьцілі аж да вечара дзеля Саўла і дзеля Ёнатана, сына ягонага, і дзеля народу ГОСПАДА, і дзеля дому Ізраіля, якія пагінулі ад мяча.
13 І сказаў Давід юнаку, які пра гэта паведаміў яму: «Адкуль ты?» Ён адказаў: «Я — сын прыхадня, Амалекіцяніна».
14 І сказаў яму Давід: «Як ты адважыўся падняць руку і забіць памазанца ГОСПАДАВАГА?»
15 І паклікаў Давід аднаго з юнакоў, і загадаў: «Падыйдзі і забі яго». І той забіў яго, і ён памёр.
16 І сказаў Давід: «Кроў твая на галаву тваю, бо сказанае табою сьведчыла супраць цябе, калі ты казаў: “Я забіў памазанца ГОСПАДАВАГА”».
17 І аплакваў Давід Саўла і Ёнатана, сына ягонага, гэтым жалобным сьпевам,
18 і загадаў навучыць яму сыноў Юды, і ён быў запісаны ў Кнізе Справядлівага, і сказаў ён:
19 «Слаўныя твае, Ізраілю, пагінулі на гарах тваіх. Як жа маглі пагінуць такія волаты?!
20 Не расказвайце гэтага ў Гаце, не абвяшчайце пра гэта на вуліцах Ашкелёну, каб часам не цешыліся з гэтага дочкі Філістынскія, каб не радаваліся дочкі неабрэзаных.
21 Горы Гільбоа! Няхай не спадзе на вас ані раса, ані дождж, і няхай ня будзе на вас палёў урадлівых, бо там апаганены шчыт волатаў, шчыт Саўла, быццам ня быў ён памазаны алеем.
22 Без крыві забітых, бяз тлушчу мужных лук Ёнатана ніколі не вяртаўся назад, і меч Саўла не вяртаўся дарма.
23 Саўла і Ёнатана, якія любілі адзін аднаго і жылі ў згодзе, сьмерць таксама не разлучыла. Скарэйшыя за арлоў і дужэйшыя за ільвоў яны былі.
24 Дочкі Ізраільскія, плачце дзеля Саўла, які апранаў вас у раскошныя шаты чырвоныя, які даваў вам аздобы залатыя для ўпрыгожваньня вашага.
25 Як жа маглі загінуць у баі такія волаты! Ёнатан забіты на ўзгорках тваіх.
26 О, як шкадую цябе, браце мой Ёнатан! Ты быў мне вельмі дарагі. Любоў твая была для мяне даражэй за любоў жаночую.
27 Як палеглі волаты, загінула зброя баявая!»
Другая кніга Самуэля, 1 глава