Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 17 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сказаў Ахітафэль Абсалому: «Я выбяру сабе дванаццаць тысячаў ваяроў і ў гэтую ноч пайду на Давіда,
2 і нападу на яго, пакуль ён змучаны і пакуль у яго рукі аслабеўшы, і напалохаю яго. І ўвесь народ, які з ім, я заб’ю, і самаго валадара.
3 І тады я прывяду ўвесь народ да цябе. Як ня будзе жыцьця толькі аднаго чалавека, тады ўвесь народ будзе жыць у супакоі».
4 І спадабалася гэтая парада Абсалому і ўсім старшыням Ізраіля.
5 І сказаў Абсалом: «Паклічце Хушая Аркейца і паслухаем, што ён нам скажа».
6 І прыйшоў Хушай да Абсалома, і Абсалом спытаўся ў яго: «Вось такую параду даў Ахітафэль. Ці маем споўніць параду ягоную, ці не? Ты скажы!»
7 І сказаў Хушай Абсалому: «Нядобрая парада, якую даў табе гэтым разам Ахітафэль».
8 І сказаў Хушай: «Ты ведаеш бацьку твайго і ваяроў, якія з ім. Гэта людзі мужныя, і яны разьюшаныя, як дзікая мядзьведзіца, пазбаўленая дзяцей сваіх у лесе. А бацька твой — ваяр спраўны, і ён ня сьпіць з людзьмі сваімі.
9 Вось і цяпер ён хаваецца ў якой пячоры або ў іншым месцы. І калі хто загіне пры першым нападзе на іх, дык напэўна пачуюць і скажуць: “Сталася вялікая параза народу, які стаіць за Абсалома”.
10 І тады спалохаецца наймужнейшы, які мае сэрца льва, бо ўвесь Ізраіль ведае, які спраўны бацька твой і якія волаты тыя, што з ім.
11 І мне вось здаецца, што такая парада слушная: няхай зьбярэцца да цябе ўвесь Ізраіль ад Дана да Бээр-Шэвы, шматлікі, як пясок на беразе мора, і ты сам пойдзеш ў бой.
12 І мы прыйдзем да яго, дзе б ён ні знаходзіўся, і нападзем на яго, як звычайна раса падае на зямлю, і не пакінем тады нікога з усіх людзей, якія з ім.
13 А калі ён схаваецца ў горадзе, тады ўсе Ізраільцяне прынясуць пад той горад вяроўкі, і мы сьцягнем яго ў раку, так што не застанецца ад яго ані камяня».
14 Тады Абсалом і ўсе Ізраільцяне сказалі: «Лепшая парада Хушая Аркейца, чым парада Ахітафэля». Бо ГОСПАД вырашыў ухіліць лепшую параду Ахітафэля, каб навёў ГОСПАД на Абсалома няшчасьце.
15 І сказаў Хушай сьвятарам Цадоку і Абіятару: «Такую вось параду даў Ахітафэль Абсалому і старшыням Ізраіля, а я гэткую даў параду.
16 І цяпер пашліце хутка і паведаміце Давіда: “Не заставайся ў гэтую ноч на раўніне ў пустыні, але не марудзь і ідзі далей, каб не загінуў валадар і ўсе людзі, якія з ім”».
17 А Ёнатан і Ахімаас стаялі ў Эн-Рагелі, і чакалі, пакуль прыйшла служка і пераказала ім весткі, і тады яны пайшлі і пераказалі валадару Давіду, бо яны не маглі заходзіць у горад, каб ня бачылі іх.
18 Але ўбачыў іх нейкі юнак і паведаміў Абсалому. Тады яны абодва хутка пайшлі далей і прыйшлі ў дом нейкага чалавека ў Бахурыме. Ён меў студню на панадворку, і яны спусьціліся ў яе.
19 А жанчына ўзяла і расьцягнула посьцілку над адтулінай студні і насыпала зерня на яе, і так схавала іх.
20 І прыйшлі слугі Абсалома ў дом жанчыны, і спыталіся ў яе: «Дзе Ахімаац і Ёнатан?» Адказала ім жанчына: «Пайшлі адсюль праз ваду». І тыя шукалі іх, і не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерусалім.
21 І калі тыя адыйшліся, выйшлі яны са студні і, прыйшоўшы да валадара Давіда, сказалі: «Зьбірайцеся хутка і перапраўцеся праз раку, бо вось такую параду дае Ахітафэль».
22 І ўстаў Давід, і ўвесь народ ягоны, і переправіліся праз Ярдан да сьвітаньня, і не застаўся ніводны, хто не паспеў бы пераправіцца праз раку.
23 Тым часам Ахітафэль, бачачы, што не была выканана парада ягоная, асядлаў асла свайго і вярнуўся ў горад свой і ў дом свой, і, даў загад адносна дому свайго, і павесіўся, і памёр, і быў пахаваны ў магіле бацькі свайго.
24 А Давід прыйшоў у Маханаім, а Абсалом пераправіўся праз Ярдан, ён і ўсе Ізраільцяне з ім.
25 На месца Ёава Абсалом паставіў начальнікам над войскам Амасу. Амаса быў сынам чалавека, які называўся Етра, Ізмаэлец, які ўвайшоў да Абігайлі, дачкі Нахаша, сястры Цэруі, якая была маці Ёава.
26 І расклаўся Ізраіль і Абсалом табарам у зямлі Гілеад.
27 Калі Давід прыйшоў у Маханаім, Шобі, сын Нахаша з Раббы сыноў Амона, і Махір, сын Аміэля з Лёдэбару, і Барзілай, Гілеадзец з Рагэліму,
28 прынесьлі яму ложак, і посуд, і гаршчкі гліняныя, пшаніцу і ячмень, муку, зерне пражанае, фасолю, сачэвіцу,
29 мёд, масла, сыры авечыя і лой кароўскі. І прынесьлі гэта Давіду і людзям ягоным на ежу, бо казалі: «Народ гэты галодны, змучаны і засьмягшы ў пустыні».

Другая кніга Самуэля, 17 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.