Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 16 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Калі Давід зыйшоў крыху з вяршыні гары, пераняў яго Сіба, слуга Мэфібашэта з наладаванымі двума асламі, а на іх дзьвесьце хлябоў і сто зьвязак разынак, і сто аладак фіговых, і буклак віна.
2 І спытаўся валадар у Сібы: «Што гэта значыць?» Сіба адказаў: «Гэтыя аслы — для дому валадара, а хлябы і плады — на ежу слугам тваім, а віно — каб піў той, хто зьняможацца ў пустыні!»
3 І спытаўся валадар: «А дзе сын гаспадара твайго?» Сіба адказаў валадару: «Ён застаўся ў Ерусаліме, бо сказаў: “Сёньня вяртае мне дом Ізраіля валадарства бацькі майго”».
4 І сказаў валадар Сібу: «Тваё ўсё, што належала Мэфібашэту». А Сіба сказаў, кланяючыся: «Няхай я знайду ласку ў цябе, гаспадару мой, валадар».
5 І прыйшоў валадар Давід у Бахурым, і акурат выйшаў адтуль чалавек з роду дома Саўла, імем Шымэй, сын Гера. Ён ішоў і праклінаў яго,
6 і кідаў камяні ў Давіда і ў-ва ўсіх слугаў валадара Давіда, хоць увесь народ і ўсе ваяры ішлі побач валадара з правага і левага боку.
7 І Шымэй зьневажаў валадара, кажучы: «Ідзі, ідзі прэч, крывавы чалавек, сын Бэліяла!
8 Павярнуў на цябе ГОСПАД усю кроў дому Саўла, бо забраў ты валадарства ў яго. Таму аддаў ГОСПАД валадарства Абсалому, сыну твайму. І прыціскаюць цябе ліхоты твае, бо ты — злачынца крыважэрны».
9 І сказаў Абішай, сын Цэруі, валадару: «Чаму праклінае гэты здохлы сабака гаспадара майго, валадара? Пайду і адсяку яму галаву».
10 А валадар сказаў: «Што мне і вам, сыны Цэруі? Калі ён праклінае і калі яму ГОСПАД загадаў, каб праклінаў Давіда, хто асьмеліцца сказаць: “Чаму ты так зрабіў?”»
11 І сказаў валадар Абішаю і ўсім слугам сваім: «Калі сын мой, які выйшаў з нутра майго, цікуе на жыцьцё маё, то тым больш гэты сын Бэн’яміна. Не перашкаджайце яму праклінаць паводле загаду ГОСПАДА.
12 Можа, ГОСПАД гляне на гора маё і аднагародзіць мне дабром за сёньняшняе зьневажаньне».
13 І ішоў валадар і людзі ягоныя дарогаю далей. А Шымэй ішоў бокам гары, праклінаючы і кідаючы камяні ў яго, і абсыпаючы зямлёй.
14 І прыйшоў валадар і ўвесь народ ягоны, змучаныя, да водаў, і там адпачылі.
15 Тым часам Абсалом і ўвесь народ Ізраіля з ім увайшлі ў Ерусалім. І Ахітафэль быў разам з ім.
16 І Хушай, Аркеец, сябра Давіда, прыйшоў да Абсалома, і сказаў яму: «Няхай жыве валадар, няхай жыве валадар!»
17 І сказаў яму Абсалом: «Ці такая ласка твая да сябра твайго? Чаму ты не пайшоў з сябрам тваім?»
18 Адказаў Хушай Абсалому: «Ніякім чынам! Бо каго выбраў ГОСПАД і гэты народ, і ўвесь Ізраіль, з тым і я застануся.
19 А да таго, каму я маю служыць? Ці ж ня сыну валадарскаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду паслухмяны табе».
20 І сказаў Абсалом Ахітафэлю: «Дайце раду, што маем рабіць?»
21 І сказаў Ахітафэль Абсалому: «Увайдзі да наложніцаў бацькі твайго, якіх ён пакінуў пільнаваць дом, каб, калі пачуе ўвесь Ізраіль, што ты стаўся ненавісным бацьку твайму, умацаваліся рукі ўсіх прыхільнікаў тваіх».
22 І паставілі намёт Абсалому на даху, і ён на вачах усяго Ізраіля ўвайшоў да наложніцаў бацькі свайго.
23 А парада Ахітафэля, якую ён даваў, у гэты час была быццам слова Бога. Бо такая была ўсякая парада Ахітафэля, як быў ён з Давідам, так і цяпер з Абсаломам.

Другая кніга Самуэля, 16 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.