Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 6 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сабраў Давід усіх выбранцоў з войска Ізраіля ў ліку трыццаці тысячаў.
2 І падняўся Давід, і пайшоў з усім народам, які пры ім быў, да Баалу Юдэйскага, каб адтуль прывезьці Каўчэг Божы, над якім клікалі імя ГОСПАДА Магуцьцяў, Які сядзіць на херувімах.
3 І паставілі яны Каўчэг Божы на новы воз, і вынесьлі яго з дому Абінадава, які стаяў на ўзгорку. А Уза і Ахія, сыны Абінадава, вялі воз:
4 Уза ішоў побач з Каўчэгам, а Ахія — наперадзе яго.
5 А Давід і ўвесь Ізраіль скакалі перад ГОСПАДАМ з усёй сілы пры гуках песьняў, граючы на цытрах, гарфах, бубнах, гусьлях і цымбалах.
6 Калі прыйшлі яны на ток Нахона, Уза выцягнуў руку ў бок Каўчэгу Божага і прытрымаў яго, бо валы тузануліся і нахілілі яго.
7 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць Узы, і ўдарыў яго там Бог за правіну, і ён памёр там пры Каўчэгу Божым.
8 І засмуціўся Давід, што ГОСПАД пакараў Узу, і назваў тое месца Пэрэц-Уза, і так яно завецца аж па сёньняшні дзень.
9 У той дзень Давід спалохаўся ГОСПАДА, кажучы: «Як да мяне прыйдзе Каўчэг ГОСПАДА?»
10 І не хацеў Давід везьці Каўчэг ГОСПАДА да сябе ў горад Давідаў, але накіраваў яго ў дом Абэд-Эдому з Гату.
11 І прабыў Каўчэг ГОСПАДА ў доме Абэд-Эдому з Гату тры месяцы, і дабраславіў ГОСПАД Абэд-Эдома і ўвесь дом ягоны.
12 І паведамілі валадару Давіду: «Дабраславіў ГОСПАД Абэд-Эдома і ўсё ягонае дзеля Каўчэгу Божага». І пайшоў Давід, і перанёс Каўчэг Божы з дому Абэд-Эдома ў горад Давідавы з радасьцю.
13 І калі тыя, што несьлі Каўчэг, праходзілі шэсьць крокаў, ён складаў у ахвяру вала або тлустае цяля.
14 І скакаў Давід з усёй сілы перад ГОСПАДАМ. І быў апрануты Давід у ільняны эфод.
15 І Давід і ўвесь дом Ізраіля з радасьцю несьлі Каўчэг ГОСПАДА пры гуку трубаў.
16 Калі Каўчэг ГОСПАДА быў унесены ў горад Давіда, вось Міхаль, дачка Саўла, гледзячы праз вакно, убачыла Давіда, які падскокваў і скакаў перад ГОСПАДАМ, і збрыдзілася ім у сэрцы сваім.
17 І прынесьлі Каўчэг ГОСПАДА, і паставілі яго на месцы ягоным, на сярэдзіне намёту, які паставіў для яго Давід. І склаў Давід перад ГОСПАДАМ ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя.
18 А калі скончыў Давід складаць ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя, ён дабраславіў народ у імя ГОСПАДА Магуцьцяў.
19 І раздаў ён усяму мноству Ізраіля, кожнаму асобна, як мужчыну, так і жанчыне, па адным бохане хлеба, і па кавалку мяса, і па адной аладцы з разынкамі. І ўсе людзі разыйшліся ў дамы свае.
20 І вярнуўся Давід, каб дабраславіць дом свой. І выйшла на спатканьне Давіда Міхаль, дачка Саўла, і сказала: «О, як праславіўся сёньня валадар Ізраіля, агаліўшыся на вачах нявольніцаў слугаў сваіх, быццам агаляецца нейкі пусты чалавек!»
21 І сказаў Давід Міхалі: «Перад ГОСПАДАМ, Які выбраў мяне замест бацькі твайго і дому ягонага, каб паставіць мяне валадаром над народам ГОСПАДА, над Ізраілем, перад ГОСПАДАМ буду таньчыць,
22 і ўпакаруся яшчэ болей, і стануся яшчэ больш паніжаны ў вачах тваіх, але ў вачах нявольніцаў, пра якіх ты гаворыш, тым болей буду шанаваны».
23 І таму Міхаль, дачка Саўла, была бязьдзетнай да сьмерці сваёй.

Другая кніга Самуэля, 6 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.