Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 18 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Давід, агледзеўшы людзей сваіх, паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў.
2 Пасьля падзяліў Давід людзей сваіх на тры дружыны: адну дружыну даручыў Ёаву, другую — Абішаю, сыну Цэруі, трэйцюю — Іттаю з Гату. І сказаў валадар народу: «Я таксама пайду з вамі».
3 Але народ адказаў: «Не, ты ня пойдзеш, бо калі мы адступім, на нас ня зьвернуць увагі. І хоць бы загінула палова нас, не лічылася б гэта, а ты адзін — тое, што нас дзесяць тысячаў. Дык лепш, калі ты будзеш дапамагаць нам з гораду».
4 І сказаў ім валадар: «Я зраблю тое, што вам здаецца добрым». І стаў валадар у браме, а ўсё войска праходзіла сотнямі і тысячамі.
5 І загадаў валадар Ёаву, Абішаю і Іттаю: «Лагоднымі будзьце з юнаком Абсаломам». І ўвесь народ чуў загад валадара, дадзены начальнікам адносна Абсалома.
6 І выйшла войска на бой на раўніне супраць Ізраіля, і пачаўся бой ў лесе Эфраіма.
7 І войска Давіда пабіла там народ Ізраіля. І была ў той дзень страшэнная параза, і палегла дваццаць тысячаў чалавек.
8 І бой пашырыўся на ўсю ваколіцу, і лес у той дзень выгубіў народу больш, чым меч.
9 І сталася, што Абсалом, едучы на муле, сутыкнуўся са слугамі Давіда. І мул пабег пад вялікі і сукаваты дуб, і Абсалом учапіўся валасамі за галіны, і павіс між небам і зямлёй, а мул пабег далей.
10 Нехта ўбачыў гэта і паведаміў Ёаву: «Бачыў я Абсалома, які вісіць на дубе».
11 І сказаў Ёаў чалавеку, які пра гэта паведаміў яму: «Калі ты бачыў яго, чаму ты не забіў яго на тым месцы? Я даў бы табе дзесяць срэбнікаў і адзін пояс».
12 А ён адказаў Ёаву: «Нават калі б на рукі мае ты палажыў і тысячу срэбнікаў, я ніколі не падняў бы рукі сваёй на сына валадарскага. Чулі ж мы, як валадар загадаў табе, Абішаю і Іттаю: “Захавайце мне юнака Абсалома”.
13 І калі б я супраць сумленьня свайго ўчыніў няпраўду, а ніякая справа не схаваецца ад валадара, ці ты сам ня выступіў бы супраць мяне».
14 І сказаў Ёаў: «Не хачу марудзіць з табою». І ўзяў ён у рукі свае тры стралы, і ўбіў іх у сэрца Абсалома, калі ён яшчэ жывы вісеў на дуб.
15 І падбегла дзесяць юнакоў, зброяносцы Ёава, і забілі яго.
16 І затрубіў Ёаў у рог, і народ спыніўся перасьледаваць Ізраіля, бо Ёаў стрымаў людзей.
17 І яны прынесьлі Абсалома, і кінулі яго ў лесе ў вялікую яму, і накідалі на ім вялікую кучу камянёў. А Ізраільцяне ўцяклі ў намёты свае.
18 Калі яшчэ жыў, Абсалом паставіў сабе слуп ў даліне валадарскай, бо ён казаў: «Я ня маю сына, які б захаваў памяць пра імя маё». І назваў ён помнік імем сваім. І да гэтага дня называецца ён Яд-Абсалом.
19 І сказаў Ахімаац, сын Цадока: «Пабягу і паведамлю валадара, што ГОСПАД зьявіў яму справядлівасьць, вызваляючы яго ад рукі ворагаў ягоных».
20 І сказаў яму Ёаў: «Ня будзеш ты ў гэты дзень весьнікам добрай весткі, але паведаміш іншым разам. Бо сёньня нядобрае прынясеш, таму што сын валадара забіты».
21 І сказаў Ёаў Кушцу: «Ідзі і скажы валадару, што ты бачыў». Ён пакланіўся Ёаву і пабег.
22 У другі раз Ахімаац, сын Цадока, сказаў Ёаву: «Што б ні было, я таксама пабягу за Кушцам!» А Ёаў сказаў: «Чаму ты хочаш бегчы, сын мой, калі няма добрай весткі».
23 Ён адказаў: «Што б ні сталася, пабягу». І Ёаў сказаў яму: «Бяжы!» І Ахімаац, пабегшы напрасткі, выперадзіў Кушца.
24 А Давід сядзеў паміж дзьвюма брамамі. І вартаўнік, які хадзіў па даху брамы над мурам, падняўшы вочы, заўважыў, што нейкі мужчына бяжыць самотны.
25 Ён крыкнуў і гэтак паведаміў валадару. І валадар сказаў: «Калі адзін, то прыносіць добрую вестку». А той бег і набліжаўся.
26 І ўбачыў вартаўнік другога чалавека, які бег, і закрычаў ён прыдзьвернаму: «Нейкі чалавек бяжыць самотна». А валадар сказаў: «Гэта таксама з добрай весткай».
27 І паведаміў вартаўнік: «Пазнаю, што хада першага як бег Ахімааца, сына Цадока». І сказаў валадар: «Ён — чалавек добры, прыходзіць з добрай вескай».
28 І закрычаў Ахімаац, і сказаў валадару: «Мір!» І, пакланіўшыся валадару да зямлі, сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог твой, Які даў табе людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго, валадара!»
29 Валадар спытаўся: «Ці добра з юнаком Абсаломам?» Ахімаац адказаў: «Бачыў я вялікае замяшаньне, калі слуга валадара Ёаў пасылаў слугу твайго, але ня ведаю, што там было».
30 І загадаў валадар: «Адыйдзіся і стань там». І той адыйшоў, і стаў збоку.
31 І прыйшоў акурат Кушац і сказаў: «Добрую прыношу вестку, гаспадару мой, валадар. Бо зьявіў сёоньня табе ГОСПАД справядлівасьць, выбаўляючы цябе з рук усіх тых, якія збунтаваліся супраць цябе».
32 І спытаўся валадар у Кушца: «Ці добра з юнаком Абсаломам?» І адказаў яму Кушац: «Няхай будзе з ворагамі гаспадара майго, валадара, і з усімі, якія зламысна паўсталі супраць цябе, тое самае, што і юнаку гэтаму».

Другая кніга Самуэля, 18 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.