Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 13 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І сталася пасьля таго. Абсалом, сын Давіда, меў вельмі прыгожую сястру імем Тамар. І закахаўся ў яе Амнон, сын Давіда.
2 І так мучыўся гэтым Амнон, што аж захварэў з прычыны сястры сваёй Тамар. А была яна яшчэ дзяўчынай, і Амнону здавалася цяжкім зрабіць штосьці з ёю.
3 Але Амнон меў сябра імем Ёнадаў, сына Шаммы, брата Давіда. Ёнадаў быў чалавек вельмі хітры.
4 І ён запытаўся яго: «Чаму ты худнееш з дня на дзень, сыне валадара? Чаму ня хочаш мне расказаць пра гэта?» Амнон сказаў яму: «Я кахаю Тамар, сястру Абсалома, брата майго».
5 Адказаў яму Ёнадаў: «Ляж у ложак і прыкінься хворым. Калі прыйдзе бацька твой наведаць цябе, ты скажы яму: “Дазволь, каб прыйшла сястра мая Тамар і дала мне есьці, і каб на вачах маіх зрабіла ежу, каб я бачыў і еў з рук яе”».
6 І Амнон лёг, і прыкінуўся хворым. Калі прыйшоў валадар, каб адведаць яго, Амнон сказаў валадару: «Няхай прыйдзе, прашу, Тамар, сястра мая, і няхай на вачах маіх сьпячэ дзьве аладкі, каб мог я прыняць ежу з рук яе».
7 І паслаў Давід у дом да Тамар, кажучы: «Схадзі ў дом Амнона, брата твайго, і сьпячы яму смачную ежу».
8 І пайшла Тамар ў дом брата свайго Амнона, а ён ляжаў. І ўзяла яна цеста, замясіла, і зрабіла аладкі на вачах ягоных, і сьпякла іх.
9 І ўзяла яна патэльню, і выклала перад ім, але ён не хацеў есьці. І сказаў Амнон: «Няхай усе выйдуць ад мяне». І ўсе выйшлі ад яго.
10 І Амнон сказаў Тамар: «Прынясі ежу ў спальню». І ўзяла Тамар аладкі, што сьпякла, і прынесла іх Амнону, брату свайму, у спальню.
11 І калі яна перад ім паклала іх, каб еў, ён схапіў яе і сказаў: «Хадзі, ляж са мной, сястра мая».
12 Яна адказала яму: «Не, брат мой, ня гвалць мяне, бо так у Ізраілі ня робіцца. Не рабі гэтай ліхоты.
13 Куды я дзенуся са зьнявагай сваёю? А ты станеш адным з мярзотнікаў у Ізраілі! Ты пагавары з валадаром, і ён не адмовіць табе мяне».
14 Ён аднак не паслухаў голасу яе. І быў ён мацнейшы за яе, і апаганіў яе, і ляжаў з ёю.
15 І адчуў Амнон да яе вялікую нянавісьць, і нянавісьць гэтая была большай, чым каханьне, якое раней да яе адчуваў. І сказаў ёй Амнон: «Уставай і ідзі адсюль».
16 Яна адказала яму: «Не рабі, выганяючы ад сябе, мне яшчэ большай крыўды ад той, якую мне зрабіў». Ён, аднак, не хацеў слухаць яе.
17 І паклікаў прыдзьвернага, які паслугаваў яму, і сказаў: «Выжані гэтую ад мяне на вуліцу і зачыні за ёю дзьверы».
18 Яна была апранутая ў сукню з доўгімі рукавамі, бо так апраналіся дочкі валадарскія, дзяўчыны. І вывеў яе слуга за дзьверы на вуліцу, і замкнуў за ёю дзьверы.
19 І Тамар пасыпала сабе галаву попелам, разадрала сукню сваю з доўгімі рукавамі, палажыла рукі на галаву і пайшла, галосячы.
20 І спытаўся ў яе Абсалом, брат ейны: «Ці Амнон, брат твой, быў з табою? Цяпер сястра мая, супакойся, бо ён —брат твой. Не бяры гэтага да сэрца свайго». І засталася збалелая Тамар ў доме Абсалома, брата свайго.
21 Калі пачуў пра гэта валадар Давід, ён вельмі ўзлаваўся.
22 А Абсалом не гаварыў Амнону ані добрага, ані ліхога, бо зьненавідзеў яго за тое, што ён згвалціў Тамар, сястру ягоную.
23 І прайшло пасьля гэтых падзеяў два гады. Абсалом стрыг авечак у Баал-Хацоры, недалёка Эфраіма, і запрасіў ён усіх сыноў валадара.
24 І прыйшоў Абсалом таксама да валадара, і сказаў: «Стрыгуць авечкі ў слугі твайго. Няхай прыйдзе валадар са слугамі сваімі да слугі свайго».
25 І сказаў валадар Абсалому: «Не запрашай, сын мой, каб мы ўсе прыйшлі да цябе і нарабілі табе турботаў». І ён дужа прасіў яго, а той не хацеў ісьці, але дабраславіў яго.
26 І сказаў Абсалом: «Калі ня хочаш сам прыйсьці, няхай прыйдзе, прашу, прынамсі Амнон, брат мой». І сказаў яму валадар: «Чаму ён меў бы ісьці з табой?»
27 Але Абсалом вельмі прасіў яго, і ён пусьціў з ім Амнона і ўсіх сыноў валадарскіх.
28 І загадаў Абсалом слугам сваім: «Глядзіце, калі Амнон павесялее ад віна, я загадаю вам: “Ударце Амнона”, і вы забіце яго! Ня бойцеся, бо гэта я загадваю вам. Набярыцеся сілы і будзьце адважнымі».
29 І зрабілі слугі Абсалома адносна Амнона, як ім загадаў Абсалом. А ўсе сыны валадарскія ўскочылі, і сеў кожны на мула свайго, і ўцяклі.
30 А калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла да Давіда вестка: «Абсалом замардаваў усіх сыноў валадара, і з іх не засталося аніводнага».
31 І ўстаў валадар, і разьдзёр адзеньне сваё, і ўпаў тварам на зямлю, і ўсе слугі ягоныя, якія паслугавалі яму, таксама разьдзёрлі адзеньне сваё.
32 А Ёнадаў, сын Шаммы, брата Давіда, сказаў: «Няхай ня думае гаспадар мой, што ўсе юнакі, сыны валадара, пазабіваныя. Толькі Амнон забіты, бо ў Абсалома быў гэты намер з таго дня, як Амнон згвалціў Тамар, сястру ягоную.
33 І няхай не бярэ сабе гаспадар мой, валадар, гэтае весткі да сэрца, што ўсе сыны валадара загінулі. Бо загінуў толькі Амнон».
34 І Абсалом уцёк. У той час юнак-вартавы падняў вочы, і заўважыў мноства людзей, якія зыходзілі са збочча гары дарогай ад Гаранаіму.
35 І сказаў Ёнадаў валадару: «Вось, ідуць сыны валадара! Так сталася, як слуга твой гаварыў».
36 І калі скончыў ён гаварыць, паказаліся сыны валадара, і ішлі яны з галашэньнем і плачам. Таксама валадар і ўсе слугі ягоныя плакалі ўголас.
37 А Абсалом уцёк і пайшоў да Тальмая, сына Аміхуда, валадара Гешуру. І [Давід] сумаваў па сыну ўвесь час.
38 Абсалом уцёк і пайшоў у Гешур, і быў там тры гады.
39 І перастаў валадар гневацца на Абсалома, бо ўжо супакоіўся па сьмерці Амнона.

Другая кніга Самуэля, 13 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.