Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 23 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Вось гэта апошнія словы Давіда: «Сказаў Давід, сын Есэя, сказаў чалавек, які высока пастаўлены, памазанец Бога Якубавага, сьпявак псальмаў Ізраіля.
2 Дух ГОСПАДА гаворыць праз мяне, і слова Ягонае — у вуснах маіх.
3 Сказаў Бог Ізраіля, гаварыў мне Скала Ізраіля: “Валадар справядлівы над людзямі, які пануе ў страху Божым,
4 як яснасьць заранкі пры ўзыходе сонца, як раніца без хмурынак, як бляск пасьля дажджу, і як трава, што расьце з зямлі”.
5 Ці не такі дом мой перад Богам? Бо заключыў Ён са мною запавет вечны, устаноўлены і пэўны. Ад Яго збаўленьне маё і ўсё жаданьне маё.
6 Людзі ліхія будуць выкінуты, як церні, якіх не бяруць рукою.
7 А калі хто хоча дакрануцца іх, няхай узброіцца жалезам або цаўём дзіды, і паліць іх агнём дашчэнту».
8 Вось імёны слаўных волатаў Давіда: Ёшэб-Башшэбэт з Тахкемону, начальнік між трох; ён падняў на дзіду сваю васемсот чалавек, забітых адным разам.
9 Пасьля яго Элеазар, сын Додо, сына Ахоха, між трох волатаў. Быў ён з Давідам, калі Ізраільцяне сабраліся да бою, а Філістынцы зьневажалі іх. І пабеглі Ізраільцяне,
10 і ён адзін стаяў і біў Філістынцаў, ажно самлела рука яму і прыліпла да мяча. І ГОСПАД даў вялікую перамогу ў той дзень, і народ вярнуўся, каб рабаваць забітых.
11 Пасьля яго Шамма, сын Агэ з Арару. Аднойчы сабраліся Філістынцы ў Лехі, і быў там палетак, поўны сачэвіцы. І людзі ўцяклі перад Філістынцамі,
12 і ён стаў адзін сярод поля, і выратаваў іх, а Філістынцаў пабіў. І ГОСПАД даў вялікую перамогу.
13 Гэтыя трое спасярод трыццаці пад час жніва прыйшлі да Давіда ў пячору Адулям у той час, калі дружына Філістынцаў разлажылася табарам у лагчыне Рэфаім.
14 Давід быў у крэпасьці, а дружына Філістынцаў — у Бэтлееме.
15 І захацеў Давід піць, і сказаў: «Хто дасьць мне напіцца вады са студні, якая ў Бэтлееме каля брамы!»
16 Тады трое гэтых волатаў напалі на табар Філістынцаў і набралі вады ў Бэтлееме са студні, якая каля брамы, і прынесьлі напіцца Давіду. Але ён не захацеў піць яе і выліў у ахвяру ГОСПАДУ,
17 і сказаў: «Няхай міласьцівы мне будзе ГОСПАД, каб зрабіць гэта. Ці ж буду я піць кроў гэтых людзей, якія пайшлі, разыкуючы жыцьцём». І не захацеў піць [ваду]. Вось гэта зрабілі тры волаты.
18 І Абішай, брат Ёава, сын Цэруі, быў начальнікам трыццаці. Ён падняў на дзіду сваю трыста, якіх забіў. І быў ён у славе сярод тых трох.
19 Спаміж трыццаці ён быў найслаўнейшы, і быў начальнікам іхнім, але тым тром не дараўняў.
20 І Бэная, сын Егаяды з Кабцээлю, быў ваяром мужным. Ён забіў двух сыноў Арыэля з Мааву, і ён сам пайшоў і забіў льва ў сярэдзіне ямы ў дзень завірухі.
21 Забіў ён таксама волата Эгіпцяніна. Эгіпцянін трымаў у руцэ дзіду, а ён пайшоў на яго з кіем, і, вырваўшы з рукі Эгіпцяніна дзіду, забіў яго ўласнаю дзідаю ягонай.
22 Гэта зрабіў Бэная, сын Егаяды, і быў ён у славе між трыццацьцю волатамі.
23 Быў ён найбольш паважаны, з тых трыццаці, але тым тром не дараўняў. І Давід паставіў яго начальнікам над вартай прыбочнай сваёю.
24 Да тых трыццаці належыў Асаэль, брат Ёава, Эльханан, сын Додо з Бэтлеему,
25 Шамма з Хароду і Эліка з Хароду,
26 Хэлец з Пэлету і Іра, сын Іккеша з Тэкоа,
27 Абіезэр з Анатоту і Мэбунай з Хушы,
28 Цальмон з Ахоху і Магарай з Нэтофы,
29 Хэлеб, сын Бааны, з Нэтофы, і Іттай, сын Рыбая з Ітбэа сыноў Бэн’яміна.
30 Бэная з Піратону і Гіддай з Нахале- Гаашу,
31 Абі-Альбон з Арабы і Азмавэт з Бахурыму,
32 Эліяхба з Шаальбону і сыны Яшэна, Ёнатан,
33 Арару, Ахіям, сын Шарара з Арару,
34 Эліфэлет, сын Ахасбая, сына Маахі, і Эліям, сын Ахітафэля з Гіло,
35 Гецарай з Кармэлю і Паарай з Арабу,
36 Ігаль, сын Натана з Цобы, і Бані з Гаду,
37 Цэлек з Амона, і Нахарай з Бээроту, зброяносец Ёава, сына Цэруі,
38 Іра з Ітра, Гарэб з Ітра,
39 і Урыя Хетыт; усіх — трыццаць сем.

Другая кніга Самуэля, 23 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.