Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 3 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І працягвалася ваяваньне паміж домам Саўла і домам Давіда. Давід ставаўся дужэйшым, а дом Саўла слабеў.
2 І нарадзіліся ў Давіда сыны ў Хеўроне. Першародным быў Амнон ад Ахінаамы з Езрээлю,
3 а другім быў Хілеаў ад Абігайль, жонкі Наваля з Кармэлю, а трэцім — Абсалом, сын Маахі, дачкі Тальмая, валадара Гешуру;
4 а чацьвёртым — Адонія, сын Хагіты, а пятым — Шэфатыя, сын Абіталі;
5 а шостым — Ітрэам ад Эглі, жонкі Давіда. Яны нарадзіліся Давіду ў Хеўроне.
6 І калі працягвалася вайна паміж домам Саўла і домам Давіда, Абнэр, сын Нэра, трымаўся дому Саўла.
7 У Саўла была наложніца на імя Рыцпа, дачка Аі. І сказаў Ішбаал Абнэру: «Чаму ты ўвайшоў да наложніцай бацькі майго?»
8 Абнэр дужа ўзлаваўся дзеля словаў Ішбаала і сказаў: «Ці ж я — сабачая галава з Юды? Сёньня я зьяўляю міласэрнасьць дому Саўла, бацькі твайго, братам ягоным і сябрам ягоным, і цябе не аддаў у рукі Давіда, а ты сварышся на мяне сёньня дзеля гэтае жанчыны?
9 Няхай гэта зробіць Бог з Абнэрам, і яшчэ дадасьць, калі я не зраблю Давіду так, як ГОСПАД запрысяг яму,
10 і забяру валадарства ад дома Саўла, і пастаўлю пасад Давіда над Ізраілем і над Юдам, ад Дану аж да Бээр-Шэвы».
11 І той ня мог адказаць Абнэру нічога, бо баяўся яго.
12 І паслаў Абнэр весьнікаў ад сябе да Давіда, каб сказалі яны: «Чыя гэта зямля?», і яшчэ сказалі: «Заключы запавет са мной, і рука мая будзе з табою, каб прывесьці да цябе ўвесь народ Ізраіля».
13 Давід адказаў: «Добра, я заключу з табой запавет, але толькі прашу цябе аб адной рэчы, кажучы: “Ты ня ўбачыш аблічча майго, калі не прывядзеш Міхаль, дачку Саўла, калі прыйдзеш убачыць мяне”».
14 І паслаў Давід весьнікаў да Ішбаала, сына Саўла, сказаць яму: «Зьвярні мне жонку маю Міхаль, якую набыў я за сто абрэзаных скуравінак Філістынскіх».
15 І паслаў Ішбаал пасланцоў, і ўзяў яе ад мужа ейнага, Палціэля, сына Ляіша.
16 І ішоў за ёй муж ейны, плачучы аж да Бахурыму, але Абнэр сказаў яму: «Вяртайся дамоў!» І ён вярнуўся.
17 І зьвярнуўся Абнэр да старшыняў Ізраіля, кажучы: «Ужо даўно хацелі вы мець валадаром сваім Давіда.
18 Дык зьдзейсьніце гэта цяпер, бо ГОСПАД сказаў Давіду: “Рукою слугі Майго Давіда Я выратую народ Мой, Ізраіля, з рук Філістынцаў і ўсіх ворагаў ягоных”».
19 Падобна гаварыў Абнэр і Бэн’ямінцам. І пайшоў Абнэр у Хеўрон, каб пераказаць Давіду ўсё, чаго жадаў Ізраіль і ўвесь дом Бэн’яміна.
20 І прыйшоў да Давіда ў Хеўрон з дваццацьцю ваярамі, і Давід справіў банкет Абнэру і людзям ягоным, што былі з ім.
21 І сказаў Абнэр Давіду: «Я ўстану і пайду, і зьбяру да цябе, гаспадара майго, валадара, увесь Ізраіль; і ўвойдуць яны з табой ў запавет, і будзеш ты валадарыць над усім, як жадае душа твая». І адпусьціў Давід Абнэра, і ён пайшоў у супакоі.
22 У тую пару слугі Давіда і Ёаў вярталіся з паходу з вялікай здабычаю. А Абнэра не было ўжо разам з Давідам у Хеўроне, бо Давід адпусьціў яго, і ён пайшоў у супакоі!
23 Калі Ёаў і войска, якое было з ім, вярнуліся, паведамілі Ёаву: «Абнэр, сын Нэра, быў у валадара, і ён адпусьціў яго, і ён пайшоў у супакоі».
24 І прыйшоў Ёаў да валадара, і сказаў яму: «Што ты зрабіў? Вось жа прыйшоў да цябе Абнэр. Дык чаму ты адпусьціў яго і ён адыйшоў у супакоі?
25 Ці ты ня ведаеш Абнэра, сына Нэра? Напэўна, прыйшоў ён, каб падмануць цябе, і даведацца пра намеры твае, уваход твой і выхад, і даведацца, што ты робіш».
26 І выйшаў Ёаў ад Давіда, і паслаў пасланцоў за Абнэрам, і яны вярнулі яго ад Бор-Гасіры, а Давід ня ведаў пра гэта.
27 І вярнуўся Абнэр у Хеўрон, а Ёаў адвёў яго асобна да сярэдзіны брамы быццам хоча з ім таемна пагаварыць, і ўдарыў яго там ў жывот. І памёр [Абнэр] за кроў Асаэля, брата Ёава.
28 Калі пра гэта пачуў Давід, ён сказаў: «Не вінаваты ані я, ані валадарства маё на вякі перад ГОСПАДАМ за кроў Абнэра, сына Нэра.
29 Няхай спадзе яна на галаву Ёава і на ўвесь дом бацькі ягонага; няхай не спыняецца ў доме Ёава хворы на выцёкі, пракажоны, той, які ходзіць з кіём, забіты ад мяча і той, хто патрабуе хлеба».
30 Ёаў і брат ягоны Абішай замардавалі Абнэра за тое, што ён забіў Асаэля, брата іхняга, у Гібэоне ў час бою.
31 І сказаў Давід Ёаву і ўсяму народу, які быў з ім: «Разьдзярыце адзеньне вашае і апраніцеся ў рызьзё, і лямантуйце дзеля Абнэра». І валадар Давід ішоў за целам ягоным.
32 Калі Абнэра хавалі ў Хеўроне, валадар гучна плакаў над магілай Абнэра, і плакаў таксама ўвесь народ.
33 І плакаў валадар, і галасіў дзеля Абнэра, кажучы: «Ці ж сьмерцю нікчэмнага мусіў паміраць Абнэр?
34 Рукі твае не былі зьвязаныя, і ногі твае не былі закутыя ў кайданы, і ты загінуў, як гінуць ад злодзеяў». І ўвесь народ пачаў яшчэ болей плакаць над ім.
35 І прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі быў яшчэ ясны дзень, але пакляўся Давід, кажучы: «Няхай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ дадасьць, калі я перад заходам сонца пакаштую хлеба або чаго іншага».
36 І ўвесь народ чуў гэта, і спадабалася гэта яму, як і ўсё, што рабіў валадар, было добрым у вачах усяго народу.
37 І пераканаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраіль у той дзень, што Абнэр, сын Нэра, быў забіты не праз валадара.
38 І сказаў валадар: «Вось, ведайце, што сёньня ўпаў правадыр і вялікі муж у Ізраілі.
39 Я цяпер яшчэ кволы, хоць і памазаны на валадара, а гэтыя людзі, сыны Цэруі, мацнейшыя за мяне. Няхай адплаціць ГОСПАД злачынцы паводле ліхоты ягонай».

Другая кніга Самуэля, 3 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.