Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 19 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І задрыжэў валадар, і пайшоў у верхняе памяшканьне брамы, і плакаў. А калі ішоў, гаварыў: «Сыне мой, Абсаломе! Абсаломе, сыне мой, сыне мой! Лепш бы я памёр, чым ты! Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»
2 І паведамілі Ёаву: «Валадар плача і ў жалобе дзеля Абсалома».
3 Так вось перамога замянілася ў той дзень у жалобу для ўсяго народа, бо народ пачуў у той дзень вестку: «Валадар сумуе дзеля сына свайго».
4 У той дзень уваходзіў народ у горад цішком, як уваходзяць людзі асаромленыя, якія ў час бою кінуліся ўцякаць.
5 А валадар закрыў твар свой і галасіў моцным голасам: «Сыне мой, Абсаломе! Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»
6 І ўвайшоў Ёаў да валадара ў дом, і сказаў: «Ты асароміў сёньня ўсіх слугаў тваіх, якія захавалі жыцьцё тваё і жыцьцё сыноў тваіх і дачок тваіх, жыцьцё жонак тваіх і наложніцаў тваіх.
7 Ты любіш тых, якія ненавідзяць цябе, і ў нянавісьці маеш тых, што любяць цябе. Ты сёньня паказаў, што ня дбаеш пра начальнікаў тваіх і пра слугаў тваіх. Пераканаўся я сёньня, што калі б Абсалом застаўся пры жыцьці, а мы ўсе паўміралі, гэта было б добрым у вачах тваіх.
8 І цяпер падыміся, выйдзі і прагавары да сэрца слугаў тваіх. Прысягаю табе на ГОСПАДА, што калі ня выйдзеш, ніхто не застанецца ў гэтую ноч пры табе. Гэта будзе горш табе, чым усе беды, якія нахлынулі на цябе ад юнацтва твайго аж да цяперашніх дзён».
9 І ўстаў валадар, і сеў у браме, і ўсяму народу было паведамлена, што валадар сядзіць у браме. І сабралася вялікае мноства людзей перад валадаром, а Ізраіль уцёк у намёты свае.
10 І спрачаўся ўвесь народ у-ва ўсіх пакаленьнях Ізраіля, і гаварыў: «Валадар вызваліў нас з рук ворагаў нашых, і ён вызваліў нас з рук Філістынцаў. І цяпер уцёк з зямлі перад Абсаломам.
11 А Абсалом, якога мы памазалі, каб ён валодаў намі, загінуў у баі. Чаму цяпер маўчыце і не варочаеце валадара?»
12 І паслаў валадар па Цадока і Абіятара, святароў, кажучы: «Прамаўляйце да старшыняў Юды і кажыце ім: “Чаму вы марудзіце, каб вярнуць валадара ў дом свой? Слова ўсяго Ізраіля дайшло ўжо да валадара, у дом ягоны.
13 Вы — браты мае, вы — костка мая і цела маё. Чаму вы марудзіце, каб вярнуць валадара?”
14 А Амасе скажыце: “Ці ты ня косць мая і цела маё? Няхай гэта і гэта зробіць і гэта дадасьць, калі ты ў мяне ня будзеш заўсёды начальнікам войска на месцы Ёава”».
15 І прыхіліў ён сэрцы ўсіх сыноў Юды, быццам аднаго чалавека. І паслалі яны да валадара пасланцоў, якія казалі: «Вярніся ты і ўсе слугі твае».
16 І вярнуўся валадар, і прыйшоў аж да Ярдану. А Юда прыйшоў у Гільгал, і пераняў валадара, каб перавесьці яго праз Ярдан.
17 Таксама Шымэй, сын Гера, Бэн’ямінец з Бахурыму, пасьпяшаўся з людзьмі Юды на сустрэчу з валадаром Давідам.
18 А з ім была тысяча Бэн’ямінцаў, і Сіба, слуга сям’і Саўла, і пятнаццаць сыноў ягоных, і дваццаць слугаў з ім. І пераправіліся яны праз Ярдан перад валадаром.
19 І перайшлі яны брод, каб пераправіць дом валадара і зрабіць так, як падабаецца яму. І Шымэй, сын Гера, упаў на твар перад валадаром, калі той меў пераправіцца праз Ярдан,
20 і сказаў валадару: «Не ўважай за злачынства мне, гаспадару мой, і не памятай на крыўду слугі твайго ў той дзень, калі гаспадар мой, валадар, выходзіў з Ерусаліму. І не бяры гэтага да сэрца свайго.
21 Я, слуга твой, прызнаю віну сваю і дзеля таго першы з усёй сям’і Язэпа выходжу на спатканьне гаспадара майго, валадара».
22 А Абішай, сын Цэруі, у адказ сказаў: «Ці ж ня будзе забіты Шымэй за тое, што праклінаў памазанца ГОСПАДАВА?»
23 Але Давід сказаў: «Што мне і вам, сыны Цэруі, што вы становіцеся для мяне сёньня супраціўнікамі? Ці сёньня павінен хто-колечы паміраць у Ізраілі? Я дакладна ведаю, што сёньня я стаўся валадаром над Ізраілем».
24 І сказаў валадар Шымэю: «Не памрэш!» І запрысягнуў яму валадар.
25 І Мэфібашэт, сын Саўла, таксама выйшаў на спатканьне валадара. Ня мыў ён ног і рукі, ня стрыг барады, і ня мыў адзеньня свайго з таго дня, у які валадар выехаў, і аж да дня, калі вярнуўся ў супакоі.
26 Калі ён прыйшоў на спатканьне валадара ў Ерусалім, сказаў яму валадар: «Чаму не пайшоў ты са мною, Мэфібашэт?»
27 Ён у адказ сказаў: «Гаспадару мой, валадар, ашукаў мяне слуга мой! Я, слуга твой, сказаў слузе свайму: “Вазьму сабе асла, сяду на яго і паеду з валадаром”, бо кульгавы слуга твой.
28 Але ён ачарніў слугу твайго перад гаспадаром маім, валадаром. Ты ж, гаспадару мой, валадар, як анёл Божы, таму рабі, што табе падабаецца.
29 Увесь дом бацькі майго варты быў сьмерці перад гаспадаром маім, валадаром, але ты пасадзіў слугу твайго між тых, што ядуць са стала твайго. Якое ж маю права вінаваціць каго перад валадаром?»
30 І сказаў яму валадар: «Навошта гаворыш ты ўсё гэта. Я сказаў, каб ты і Сіба падзялілі паміж сабою поле».
31 Мэфібашэт сказаў валадару: «Няхай ён бярэ нават усё, калі гаспадар мой, валадар, вярнуўся ў супакоі ў дом свой!»
32 Таксама Барзілай Гілеадзец прыйшоў з Рагеліму і праводзіў валадара праз Ярдан, каб разьвітацца з ім за Ярданам.
33 А Барзілай быў вельмі стары, меў ён восемдзясят гадоў. Ён заагледзеў валадара харчамі, калі ён быў у Маханаіме, бо быў чалавекам вельмі багатым.
34 І сказаў валадар Барзілаю: «Хадзі са мною, і я буду апякавацца табою ў Ерусаліме».
35 Барзілай сказаў валадару: «Колькі засталося ўжо мне жыць, каб ісьці з валадаром у Ерусалім?
36 Маю сёньня восемдзясят гадоў. Ці хопіць мне розуму, каб разабраўся я, што салодкае, а што горкае? Ці можа задаволіць слугу твайго ежа і пітво? Або ці магу я яшчэ слухаць сьпевакоў і сьпявачак? Навошта слуга твой мае быць лішнім цяжарам гаспадару майму, валадару?
37 Крыху пяройдзе слуга твой з табой праз Ярдан, але за што нагароджваць, валадару, мяне такою ласкаю?
38 Дазволь слузе твайму вярнуцца, каб памерці ў горадзе сваім, побач магілы бацькі свайго і маці сваёй. Але слуга твой, Кімгам, няхай пойдзе з табою, гаспадару мой, валадар, і ты зрабі яму, як табе падабаецца».
39 І сказаў валадар: «Кімгам няхай ідзе са мною, і я зраблю яму, што добрае ў вачах тваіх, і ўсё, аб чым будзеш мяне прасіць, ты атрымаеш».
40 І калі ўжо ўвесь народ пераправіўся праз Ярдан, валадар пацавлаваў Барзілая і дабраславіў яго, і ён вярнуўся да сябе.
41 І вырушыў валадар у Гільгал, і разам з ім Кімгам. І праводзіў валадара ўвесь народ Юды, а таксама палова народу Ізраіля.
42 У той час да валадара зыйшліся ўсе Ізраільцяне і сказалі яму: «Чаму браты нашыя, сыны Юды, укралі цябе і пераправілі валадара і дом ягоны праз Ярдан, і ўсіх людзей Давіда разам з ім?»
43 І адказалі ўсе людзі Юды людзям Ізраіля: «Бо ён нам бліжэйшы. Чаму гневаецеся на нас з гэтае прычыны? Ці мы зьелі што ў валадара? Ці, можа, даў ён нам дары?»
44 І адказалі людзі Ізраіля людзям Юды: «Дзесяць частак маем мы ў валадара, а таму і ў Давіда мы лепшыя за вас. Дык чаму вы пагарджаеце намі? Хіба ня мы першыя сказалі слова, каб вярнуць валадара нашага?» Але слова людзей Юды было мацнейшым, чым слова людзей Ізраіля.

Другая кніга Самуэля, 19 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.