Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


2 Самуэля | 14 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 Тады Ёаў, сын Цэруі, спасьцярогшы, што сэрца валадара прыхілілася да Абсалома,
2 паслаў у Тэкоа, і прывёў адтуль разумную жанчыну, і сказаў ёй: «Прыкінься, што ты ў жалобе і адзенься ў адзеньне жалобнае, і не намашчайся алеем, і будзеш як жанчына, якая ўжо доўга смуткуе па памёршым.
3 І пойдзеш ты да валадара, і скажаш яму вось гэта». І навучыў яе Ёаў, што мае яна сказаць валадару.
4 І жанчына з Тэкоа пайшла да валадара, упала на зямлю, і пакланілася яму, і сказала: «Дапамажы мне, валадару».
5 І сказаў ёй валадар: «Што за справу маеш?» Яна адказала: «Я — удава, а муж мой памёр.
6 Вось жа служка твая мела двух сыноў, і яны пасварыліся ў полі, і не было нікога, хто б іх разьвёў, і адзін з іх ударыў брата свайго так, што той памёр.
7 І вось, уся сям’я паднялася супраць служкі тваёй, дамагаючыся: “Аддай таго, хто забіў брата свайго, і мы заб’ем яго за душу брата ягонага, якога ён забіў, і зьнішчым спадкаемцу”. І намагаюцца яны затушыць апошнюю зьнічку маю, каб не засталося па мужу маім ані імя, ані патомства на абліччы зямлі».
8 І сказаў валадар жанчыне: «Вяртайся ў дом твой, а я выдам загад што да цябе».
9 І жанчына з Тэкоа сказала валадару: «Гаспадару мой, валадар, няхай віна гэта спадзе на дом бацькі майго, а валадар і пасад ягоны не вінаваты».
10 І сказаў ёй валадар: «Калі б хто гаварыў супраць цябе, прывядзі яго да мяне, і ён ужо ня будзе больш шкодзіць табе».
11 І сказала яна: «Згадай, валадару, на ГОСПАДА, Бога свайго, каб мсьціўца за кроў не павялічваў бяды і каб не загубілі яны сына майго». Ён сказаў: «На жыцьцё ГОСПАДА, не спадзе нават волас з галавы сына твайго на зямлю».
12 І сказала жанчына: «Ці можа служка твая сказаць гаспадару майму, валадару, яшчэ слоўца?» Ён сказаў: «Кажы».
13 І сказала жанчына: «Чаму ты так думаеш супраць народу Божага? Бо вось, калі валадар сказаў слова гэтае, ён абвінаваціў самога сябе, таму што валадар не вяртае выгнаньніка свайго.
14 Усе мы памром, і мы быццам вада, разьлітая на зямлі, якую не магчыма сабраць. Але Бог ня хоча загубіць душу, і Ён думае, як не адпіхнуць ад Сябе адкінутага.
15 І вось сёньня прыйшла я сказаць валадару, гаспадару майму, слова гэтае, бо той народ палохае мяне. І вось сказала служка твая: “Скажу я валадару, можа, ён споўніць просьбу служкі сваёй.
16 Можа, валадар выслухае, каб вызваліць служку сваю з рукі таго, хто хоча зьнішчыць мяне і сына майго, і пазбавіць нас спадчыны Божай”.
17 Бо вырашыла служанка твая: “Няхай слова гаспадара майго, валадара, супакоіць мяне. Як анёл Божы гаспадар мой, валадар, які выслухае тое, што добрае і што благое”. Няхай ГОСПАД, Бог твой, будзе з табою!»
18 І ў адказ сказаў валадар жанчыне: «Не хавай ад мяне таго, пра што я цябе спытаю». Жанчына сказала: «Няхай пытаецца ў мяне гаспадар мой, валадар».
19 І спытаўся валадар: «Ці не рука Ёава з табой у-ва ўсіх гэтых словах?» У адказ сказала жанчына: «На жыцьцё душы тваёй, гаспадару мой, валадар! Нельга ўхіліцца ані направа, ані налева ад усяго таго, пра што пытае гаспадар мой, валадар. Бо слуга твой Ёаў загадаў мне і ўлажыў у вусны мае ўсе словы гэтыя.
20 Каб прыповесьцю зьмяніць выгляд гэтай справе, слуга твой Ёаў навучыў мяне, але гаспадар мой мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што на зямлі адбываецца».
21 І зьвярнуўся валадар да Ёава: «Вось, ты зрабіў гэта. Дык ідзі і прывядзі юнака Абсалома».
22 Ёаў упаў тварам на зямлю і пакланіўся валадару, кажучы: «Сёньня даведаўся слуга твой, што мае ласку ў вачах тваіх, гаспадару мой, валадар, бо споўніў ты просьбу слугі твайго».
23 І ўстаў Ёаў, і пайшоў у Гешур, і прывёў Абсалома ў Ерусалім.
24 І сказаў валадар: «Няхай вернецца Абсалом у дом свой, але аблічча валадара ён ня ўбачыць».
25 А прыгажэйшага ад Абсалома не было мужчыны ў Ізраілі, які б як ён быў слаўны. Ад ног да галавы не было ў ім заганы.
26 А калі стрыг ён галаву сваю, а стрыг ён яе звычайна штогод, бо [валасы] былі цяжкія, і мусіў стрыгчыся, то валасы ягоныя важылі дзьвесце сыкляў вагі валадарскай.
27 І нарадзілася Абсалому тры сыны і адна дачка, на імя Тамар. І была яна вельмі прыгожая.
28 І сядзеў Абсалом у Ерусаліме два гады, але аблічча валадара ня бачыў.
29 І паслаў Абсалом да Ёава з просьбай, каб паслаў яго да валадара, але ён не хацеў прыйсьці да яго. І паслаў ён другі раз, але той не хацеў прыйсьці.
30 І сказаў ён слугам сваім: «Паглядзіце на поле, якое мае Ёаў побач майго, і расьце на ім ячмень. Ідзіце і спаліце яго агнём». І слугі Абсалома спалілі поле агнём.
31 І ўстаў Ёаў, і прыйшоў у дом Абсалома, і спытаў: «Чаму слугі твае спалілі ніву маю агнём?»
32 Абсалом адказаў Ёаву: «Я пасылаў да цябе, просячы, каб ты прыйшоў да мяне, каб паслаць цябе да валадара, і каб ты сказаў яму: “Навошта я вярнуўся з Гешуру? Лепш было мне там жыць”. Дык прашу цябе, дапамажы мне ўбачыць аблічча валадара. Калі я ў чым вінаваты, няхай ён заб’е мяне».
33 І пайшоў Ёаў да валадара, і сказаў яму. І паклікаў ён Абсалома, і той увайшоў да валадара, і ўпаў на твар перад ім. І пацалаваў валадар Абсалома.

Другая кніга Самуэля, 14 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.