Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 37 глава

Пераклад Антонія Бокуна


1 І жыў Якуб у зямлі вандраваньня бацькі свайго, у зямлі Ханаан.
2 Вось радавод Якуба. Язэп, маючы сямнаццаць гадоў, пасьвіў авечкі з братамі сваімі. І быў ён юнаком, разам з сынамі Більгі і сынамі Зільпы, жонак бацькі свайго. I прыносіў Язэп ліхія весткі пра іх да бацькі іхняга.
3 А Ізраіль любіў Язэпа больш за ўсіх сыноў сваіх, бо ён быў сын старасьці ягонае; і ён справіў яму каляровую шату.
4 I ўбачылі браты ягоныя, што бацька іхні любіць яго больш за ўсіх братоў, і зьненавідзелі яго, і не маглі гаварыць з ім спакойна.
5 I сьніў Язэп сон, і расказаў братам сваім, і яны яшчэ больш зьненавідзелі яго.
6 І ён сказаў ім: «Паслухайце, калі ласка, сон гэты, які я сьніў:
7 I вось, мы вяжам снапы сярод поля; і вось, устаў сноп мой, і так стаяў; і вось, абступілі яго снапы вашыя і пакланіліся снапу майму».
8 I сказалі яму браты ягоныя: «Няўжо валадарачы, ты будзеш валадарыць над намі? Ці, пануючы, будзеш панаваць над намі?» I яшчэ больш зьненавідзелі яго за сны ягоныя і за словы ягоныя.
9 I сьніў ён яшчэ другі сон, і расказаў яго братам сваім, і сказаў: «Вось, я сьніў яшчэ сон: і вось, сонца, і месяц, і адзінаццаць зорак кланяліся мне».
10 I ён распавёў бацьку свайму і братам сваім; і насварыўся на яго бацька ягоны, і сказаў яму: «Што гэта за сон, які ты сьніў? Ці ж прыходзячы, прыйду я, і маці твая, і браты твае, каб пакланіцца табе да зямлі?»
11 I зайздросьцілі яму браты ягоныя, а бацька ягоны захоўваў гэтае слова.
12 I пайшлі браты ягоныя пасьвіць авечкі бацькі свайго ў Сыхем.
13 I сказаў Ізраіль Язэпу: «Ці ж браты твае ня пасьвяць у Сыхеме? Ідзі, я пашлю цябе да іх». А ён сказаў яму: «Вось я!»
14 I сказаў яму: «Пайдзі, прашу, паглядзі, ці ў супакоі браты твае і ці ў супакоі авечкі, і прынясі мне вестку». I паслаў яго з даліны Хеўрон; і ён пайшоў у Сыхем.
15 I знайшоў яго [нейкі] чалавек, а вось, ён блукаў у полі, і спытаўся ў яго той чалавек, кажучы: «Што шукаеш?»
16 А ён сказаў: «Я шукаю братоў маіх. Прашу, скажы мне, дзе яны пасьвяць?»
17 I сказаў чалавек той: «Яны вырушылі адсюль, бо я чуў, як яны казалі: “Хадзем у Датан”». I пайшоў Язэп за братамі сваімі, і знайшоў іх у Датане.
18 I яны ўбачылі яго здалёк, перш, чым ён наблізіўся да іх, і змовіліся супраць яго, каб усьмерціць яго.
19 I сказалі адзін да аднаго: «Вось, гэты гаспадар сноў ідзе.
20 I цяпер хадзем, і заб’ем яго, і кінем яго ў нейкую яму, і скажам: “Злы зьвер зьеў яго”, і паглядзім, што будзе з ягоных сноў».
21 I пачуў [гэта] Рубэн, і выбавіў яго з рук іхніх, і сказаў: «Не забівайма душы».
22 I сказаў ім Рубэн: «Не разьлівайце крыві, кіньце яго ў гэтую яму, якая ў пустыні, а рукі не выцягніце на яго», каб выбавіць яго ад рукі іхняй, каб вярнуць яго бацьку ягонаму.
23 I сталася, калі Язэп прыйшоў да братоў сваіх, яны зьнялі з Язэпа адзеньне ягонае, шату каляровую, якая была на ім.
24 I ўзялі яго, і кінулі яго ў яму; а яма была пустая, не было ў ёй вады.
25 I селі яны есьці хлеб, і ўзьнялі вочы свае, і ўбачылі, і вось, караван Ізмаэльцаў ідзе з Гілеаду, і вярблюды іхныя нясуць пахнідлы, бальзам і ладан, ідучы, каб завезьці гэта ў Эгіпет.
26 I сказаў Юда братам сваім: «Якая карысьць, што мы заб’ем брата нашага і схаваем кроў ягоную?
27 Пойдзем і прадамо яго Ізмаэльцам, і рукі нашыя няхай ня будуць на ім; бо ён — брат наш, цела наша». I паслухалі [яго] браты ягоныя.
28 I праходзілі тыя людзі, купцы Мадыянскія, а яны выцягнулі Язэпа з ямы, і прадалі Язэпа Ізмаэльцам за дваццаць срэбнікаў; і тыя завялі Язэпа ў Эгіпет.
29 I вярнуўся Рубэн да ямы, і вось, няма Язэпа ў яме. I разарваў ён адзеньне сваё,
30 і вярнуўся да братоў сваіх, і сказаў: «Хлопца няма, а я, куды я пайду?»
31 I ўзялі яны шату Язэпаву, і зарэзалі казла, і занурылі шату ў кроў;
32 I паслалі шату каляровую, і прынесьлі бацьку свайму, і сказалі: «Гэта мы знайшлі. Спраўдзь, просім, ці гэта адзеньне сына твайго, ці не?»
33 I ён пазнаў яго, і сказаў: «Шаты сына майго. Дзікі зьвер зьеў яго, разьдзіраючы; разьдзёрты Язэп».
34 I разарваў Якуб адзеньне сваё, і апрануў зрэбніцу на сьцёгны свае, і плакаў па сыне сваім шмат дзён.
35 I ўсталі ўсе сыны ягоныя, і ўсе дочкі ягоныя, каб пацешыць яго, але ён адмаўляўся пацешыцца, і казаў: «Бо зыйду да сына майго са смуткам у апраметную». I плакаў па ім бацька ягоны.
36 А Мадыянцы прадалі яго ў Эгіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.

Кніга Быцьцё, 37 глава

ПОДДЕРЖИТЕ НАШ ПРОЕКТ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.