Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэлява | 1 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I быў адзін чалавек із Рамафаім-Цофіму, з гары Яхрэмавае; а імя ягонае Елкана, сын Ерогама, сына Елігу, сына Тогу Цуфянка, Ефрафянін.
2 I ў яго былі дзьве жонкі: імя аднае Ганна, а імя другое Пенінна; і былі ў Пенінны дзеці, у Ганны ж ня было дзяцей.
3 I ўзыходзіў чалавек гэты зь места свайго год у год кланяцца а абракаць СПАДАРУ войскаў у Шыле; і там два сыны Ілевы, Гофні а Фінегас, сьвятары СПАДАРОВЫ.
4 I быў дзень, і абракаў Елкана, і даў Пенінне, жонцы сваёй, і ўсім сыном ейным а дачкам ейным часьці;
5 Ганьне даў часьць падвойную, бо Ганну любіў, а СПАДАР зачыніў дзетніцу ейную.
6 I ўражала яе супарка ейная аж да гневу а дрыготы, што СПАДАР зачыніў дзетніцу ейную.
7 I гэтак бывала кажны год, як узыходзіла яна да дому СПАДАРОВАГА; тая ўражала яе да гневу, а гэта плакала й ня ела.
8 I сказаў ёй Елкана, муж ейны: «Ганна! чаму ты плачаш, і чаму не ясі, і чаму блага сэрцу твайму? Ці ня лепшы я табе за дзесяцёх сыноў?»
9 I ўстала Ганна просьле тога, як ела ў Шыле, і просьле тога, што піла. Іль жа сьвятар сядзеў на седаве ля вушака сьвятыні СПАДАРОВАЕ.
10 I была яна ў гарчэлі душы, і малілася СПАДАРУ, і плачма плакала.
11 I абяцала абятніцу, і сказала: «СПАДАРУ войскаў! калі Ты запраўды глянеш на немарасьць служэбкі Свае, і ўспомніш мяне, і не забудзешся служэбкі Свае, і дасі служэбцы Сваёй насеньне мужчынскае, то я аддам яго СПАДАРУ на ўсі дні жыцьця ягонага, і брытва ня ўзыйдзе на галаву ягоную».
12 I сталася, як яна далей малілася перад відам СПАДАРОВЫМ, і Іль назіраў за вуснамі ейнымі,
13 I Ганна гукала ў сэрцу сваім, і вусны ейныя толькі краталіся, а голасу ня было чутна ейнага, дык Іль замеў яе за п’яніцу.
14 I сказаў ёй Іль: «Пакуль ты будзеш п’яная? аддаль віно свае ад сябе».
15 I адказала Ганна, і сказала: «Не, спадару мой; жонка цяжкога духу я, а віна а хмельнага напітку я ня піла, але вылівала душу сваю перад СПАДАРОМ.
16 Ня май служэбкі свае за дачку Веляла, бо зь вялікага мышленьня свайго а гневу свайго я гукала дагэтуль».
17 I адказаў Іль, і сказаў: «Ідзі ў супакою, і Бог Ізраеляў дай жа табе на просьбу тваю, чаго ты прасіла ў Яго».
18 Яна сказала: «Хай прыдбае нявольніца твая ласку ў ваччу тваім!» I пайшла тая жонка ў дарогу сваю, і ела, і від ейны ня быў ужо, як уперад. I ўсталі яны нараніцы, і пакланіліся перад СПАДАРОМ, і зьвярнуліся, і прышлі да дому свайго, да Рамы.
19 I пазнаў Елкана Ганну, жонку сваю, і ўспомніў празь яе СПАДАР.
20 I было ў прызначанай пары: зачала Ганна, і нарадзіла сына, і назвала імя ягонае: Самуйла; бо: «У СПАДАРА я выпрасіла яго».
21 I ўзышоў чалавек тый Елкана і ўся радзіма ягоная абрачы СПАДАРУ аброк годні й абятніцы свае.
22 А Ганна ня ўзышла, бо сказала яна мужу свайму: «Не пайду, пакуль не адвучу хлопчыка, і тады я прывяду яго, і мы абачым від СПАДАРОЎ, і застанецца там назаўсёды».
23 I сказаў ёй Елкана, муж ейны: «Рабі, што добра ў ваччу тваім; заставайся, пакуль не адвучыш яго; адно хай зацьвердзе СПАДАР слова Свае». I засталася жонка, і саіла сына свайго, пакуль не адвучыла яго.
24 I ўзьвяла яго із сабою, як адвучыла, узяўшы тры цяляты-бычкі а ефу мукі а скураны мех віна, і прывяла яго да дому СПАДАРОВАГА ў Шыле; а хлопчык быў яшчэ дзецянё.
25 I зарэзала цялё, і прывялі хлопчыка да Іля.
26 I сказала: «О спадару мой! хай жывець душа твая, спадару мой! Я — тая жонка, каторая стаяла тут із табою, каб маліцца СПАДАРУ;
27 Праз гэтага хлопчыка малілася я, і даў імне СПАДАР на просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго;
28 I таксама я пазычаю яго СПАДАРУ на ўсі дні, на каторыя ён пазычаны СПАДАРУ». I пакланілася там СПАДАРУ.

Першая кніга Самуэлява, 1 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.