Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэлява | 24 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I сталася, як Саўла зьвярнуўся ад Пілішчан, што яму наказалі, кажучы: «Вось, Давід на пустыні Эн-Ґеды».
2 I ўзяў Саўла тры тысячы выборных мужоў з усёга Ізраеля, і пайшоў шукаць Давіда а людзёў ягоных на скалах дзікіх коз.
3 I прышоў аж да авечнікаў, ля дарогі; там была пячора, і зайшоўся туды накрыць ногі свае; Давід жа а людзі ягоныя сядзелі ўнутры па бакох пячоры.
4 I сказалі Давіду людзі ягоныя: «Во дзень, праз каторы сказаў табе СПАДАР: “Вось, Я аддам злосьніка твайго ў рукі твае, і зробіш ізь ім, што табе любя”». Давід устаў і ціхусенька адрэзаў крысо вопраткі Саўлавае.
5 I было просьле гэтага, што забілася сэрца ў Давіда, што ён адрэзаў крысо Саўлавае.
6 I сказаў ён людзём сваім: «Крый мяне СПАДАР, каб я зрабіў гэта спадару свайму, памазанцу СПАДАРОВАМУ, выцягнуў руку сваю на яго, бо ён памазанец СПАДАРОЎ».
7 I ўдзяржаў Давід людзёў сваіх гэтымі словамі, і ня даў ім паўстаць на Саўлу. А Саўла ўстаў зь пячоры і вышаў на дарогу.
8 I ўстаў Давід, і вышаў зь пячоры, і закрычэў за Саўлам, кажучы: «Спадару мой каролю!» Саўла азірнуўся назад, а Давід паў відам на зямлю й пакланіўся.
9 I сказаў Давід Саўлу: «Чаму ты слухаеш словаў людзёў, каторыя кажуць: “Вось, Давід шукае ліха табе”?
10 Вось, сядні бачаць вочы твае, што СПАДАР аддаваў цябе цяпер у рукі мае ў пячоры; і імне казалі, каб забіць цябе; але я пажалеў цябе і сказаў: “Ня выцягну рукі свае на спадара свайго, бо ён памазанец СПАДАРОЎ”.
11 I, войча мой! глянь, глянь жа на крысо сваё ў руццэ маёй; я адрэзаў крысо вопраткі твае, а цябе не забіў. Ведай і глянь, што няма ў руццэ маёй ліха ані выступу, і я не ізграшыў супроці цябе; а ты палюеш на душу маю, каб адняць яе.
12 Рассудзі СПАДАР памеж імною й табою, і памсьці табе СПАДАР за мяне; але рука мая ня будзе на табе;
13 Як кажа старавечная прыказь: “Ад бяспраўных выходзе бяспраўе”. Але рукі мае хай ня будзе на табе.
14 На каго вышаў кароль Ізраельскі? За кім ганяешся? За мертвым сабакам, за аднэй блыхою.
15 СПАДАР хай будзе судзьдзёю і рассудзе меж імною й табою. Ён рассудзе, абароне маю справу й высудзе мяне з рукі твае».
16 Як скончыў Давід гукаць словы гэтыя Саўлу, Саўла сказаў: «Ці твой гэта голас, сыну мой Давідзе?» I ўзьняў Саўла голас свой, і плакаў.
17 I сказаў Давіду: «Ты справядліўшы за мяне, бо ты плаціў імне дабром, а я аддаваў табе ліхам.
18 Ты паведаміў гэта сядні, як гэта ты абходзішся з імною добра; як СПАДАР аддаваў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.
19 Хто, знайшоўшы злосьніка свайго, адпусьціў бы яго ў добрую дарогу? СПАДАР аддасьць табе добрым за тое, што ты зрабіў імне сядні.
20 I цяпер я ведаю, што ты напэўна будзеш каралём, і ўтрывалена будзе ў руццэ тваёй гаспадарства Ізраелява.
21 Дык прысягні імне СПАДАРОМ, што ты ня выкараніш патомства майго просьле мяне і ня зьнішчыш імені майго ў доме айца майго».
22 I прысяг Давід Саўлу. I пайшоў Саўла да дому свайго, Давід жа а людзі ягоныя ўзышлі на месца абароннае.

Першая кніга Самуэлява, 24 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.