Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


1 Самуэлява | 21 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 І прышоў Давід да Нову да Агімелеха сьвятара, і задрыжэў Агімелех, ідучы наўпярэймы Давіду, і сказаў яму: «Чаму ты адзін, і нікога няма з табою?»
2 I сказаў Давід Агімелеху сьвятару: «Кароль паручыў імне справу й сказаў імне: “Хай ня ведае ніхто нічога із справы, нашто я паслаў цябе й што паручыў табе”; а дзяцюкоў я прызначыў на такое а такое месца.
3 Дык, што ёсьць у цябе пад рукою, пяць букаткаў хлеба дай у руку маю альбо што знойдзецца».
4 I адказаў сьвятар Давіду, і сказаў: «Няма ў мяне пад рукою будзеннага хлеба, а ё хлеб сьвяты, калі толькі дзяцюкі сьцерагліся жонкі».
5 I адказаў Давід сьвятару, і сказаў яму: «Жонкі ўзьдзяржаны ад нас учорах а заўчора, як я вышаў, і судзіны ў дзяцюкоў сьвятыя, а як дарога будзенная, то тым болей хлеб усьвяціцца ў судзіне».
6 I даў яму сьвятар сьвятога, бо ня было там хлеба, апрача букаткаў хлеба Выкладу, каторыя зьняты былі ад віду СПАДАРОВАГА, каб пакласьці цёплы хлеб у дню, калі здыймалі чэрствы хлеб.
7 I там адзін із слугаў Саўлавых, наймя Доіґ, Едомеянін, пастыр Саўлаў, задзяржаўся таго дня перад СПАДАРОМ.
8 I сказаў Давід Агімелеху: «Ці няма тут у цябе пад рукою дзіды альбо мяча? бо я ня ўзяў у руку сваю ані мяча, ані іншае зброі, бо паручэньне каралёва было пасьпешнае».
9 I сказаў сьвятар: «Во меч Голяфа Пілішчаніна, каторага ты забіў у даліне Дуба, заверчаны ў вадзежу, адзаду наплечніка; калі хочаш, вазьмі яго; іншага, апрача гэтага, няма тут». I сказаў Давід: «Нямаш да яго падобнага; дай імне яго».
10 I ўстаў Давід, і ўцёк таго ж дня ад Саўлы, і прышоў да Ахіша, караля Ґафскага.
11 I сказалі Ахішу слугі ягоныя: «Ці гэта не Давід, кароль таго краю? ці не яму пяялі ў карагодах і гукалі: “Саўла паразіў тысячы, а Давід — дзесяткі тысячаў”?»
12 Давід паклаў словы гэтыя ў сэрцу сваім, і дужа баяўся Ахіша, караля Ґафскага.
13 I зьмяніў паступак свой перад імі, і прыдаўся шалёным у вачох іхных, і рысаваў літары на варотах брамаў, і пушчаў сьліну па барадзе сваёй.
14 I сказаў Ахіш слугам сваім: «Бачыце, ён чалавек шалёны, нашто вы прывялі яго да мяне?
15 Ціж мала ў мяне шалёных, што вы прывялі яго, каб ён шалеў перад імною? Нягож ён увыйдзе ў дом мой?”

Першая кніга Самуэлява, 21 глава

ПОМОЧЬ НАМ В РАЗВИТИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.