Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 50 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I паў Язэп на від айца свайго, і плакаў над ім, і пацалаваў яго.
2 I загадаў Язэп слугам сваім лекарам, бальсамаваць айца ягонага; і набальсамавалі лекары Ізраеля.
3 I споўнілася яму сорак дзён, бо толькі вымагаецца дзён на бальсамаваньне. I плакалі па ім Ягіпцяне семдзясят дзён.
4 I мінулі дні плачу па ім, і гукаў Язэп дому Фараонаваму, кажучы: «Калі я знайшоў ласку ў вачох вашых, то кажыце, калі ласка, у вушы Фараону, кажучы:
5 “Айцец мой узяў зь мяне прысягу, кажучы: ‘Вось, паміраю; у гробе маім, каторы я выкапаў у зямлі Канаанскай, там пахавай мяне’”; I цяпер, калі ласка, узыйду, і пахаваю айца свайго, і зьвярнуся».
6 I сказаў Фараон: «Узыйдзі й пахавай айца свайго, як ён абавязаў цябе прысягаю».
7 I ўзышоў Язэп хаваць айца свайго; і ўзышлі зь ім усі слугі фараонавы, старцы дому ягонага, і ўсі старшыя зямлі Ягіпецкае,
8 I ўвесь дом Язэпаў, і браты ягоныя, і дом айца ягонага. Адно дзецяняткі свае і драбны й буйны статак свой пакінулі ў зямлі Ґошэн.
9 I ўзышлі зь ім таксама цялежкі й коньнікі, і быў груд вельмі вялікі.
10 I прышлі яны да такаўні Атодавае на другім баку Ёрдану, і галасілі там жалобу вялікую а вельмі цяжкую; і зрабіў жалобу па айцу сваім сем дзён.
11 I бачылі жыхары зямлі тае, Канааняне, жалобу на такаўні Атодавай, і сказалі: «Вялікая жалоба гэта ў Ягіпцян!» Затым назвалі імя месца таго: Жалоба Ягіпцян: гэта на другім баку Ёрдану.
12 I зрабілі сынове зь ім так, як расказаў ім.
13 I занесьлі яго сынове ягоныя да зямлі Канаанскае, і пахавалі яго ў пячоры поля Махпела, поле каторае купіў Абрагам на собскасьць на паховы ў Ефрона Гэціча, перад Мамрэ.
14 I зьвярнуўся Язэп, просьле пахову ім айца свайго, да Ягіпту, ён а браты ягоныя, і ўсі, што ўзыходзілі зь ім хаваць айца ягонага.
15 I абачылі браты Язэпавы, што памер айцец іхны, і сказалі: «А што калі зьненавідзе нас Язэп і чыста аддасьць нам усім тым ліхам, каторае мы яму зрабілі?»
16 I загадалі яны сказаць Язэпу, кажучы: «Айцец твой загадаў перад сьмерцю сваёю, кажучы:
17 “Гэтак, калі ласка, скажыце яму: ‘Даруй жа выступ братом сваім і грэх іхны, бо ліхам плацілі табе’. I цяпер даруй жа выступ слугаў Бога айца твайго”». I плакаў Язэп, як яны гукалі яму.
18 I пайшлі таксама браты ягоныя, і палі перад відам ягоным, і сказалі: «Вось мы слугі табе».
19 I сказаў ім Язэп: «Ня бойцеся, ціж я замест Бога?
20 I вы думалі ліха на мяне; але Бог думаў гэта на дабро, каб зрабіць тое, што цяпер ё: захаваць жыцьцё вялікаму ліку людзёў.
21 А цяпер ня бойцеся, я буду жывіць вас і дзецяняты вашы». I цешыў іх, і гукаў па сэрцу іх.
22 I жыў Язэп у Ягіпце сам і дом айца ягонага; і жыў Язэп сто дзесяць год.
23 I бачыў Язэп у Яхрэма дзеці да трэйцяга пакаленьня; таксама й сынове Махіровы, сына Манасовага нарадзіліся на каленях Язэпавых.
24 I сказаў Язэп братом сваім: «Я паміраю; але Бог напэўна даведаецца да вас і вывядзе вас ізь зямлі гэтае да зямлі, праз каторую прысяг Абрагаму, Ісаку а Якаву».
25 I абавязаў Язэп прысягаю сыноў Ізраелявых, кажучы: «Бог напэўна даведаецца да вас, і ўзьнясіце косьці мае адгэтуль».
26 I памер Язэп сту дзесяцёх год. I набальсамавалі яго, і палажылі ў дамавіну ў Ягіпце.

Першая кніга Масеява: Быцьцё, 50 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.