Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 41 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I было пры канцу двух год: і Фараон сьніў: і во, ён стаіць ля ручая.
2 I во, з ручая паднялося сем кароваў пазорных выглядам і сытых целам; і пасьціліся на сітнікавай траве.
3 I во, сем кароваў накшых паднялося просьле іх із ручая, выглядам брыдкіх і худых целам, і сталі ля тых кароваў на беразе ручая.
4 I зьелі каровы брыдкія выглядам і худыя целам сем кароваў пазорных выглядам і сытых. I прачхнуўся Фараон,
5 I заснуў, і сьніў ён другі раз: і во, сем каласоў выплылі на сьцябле адным, таўстых і харошых.
6 I во, сем каласоў ценькіх і высушаных усходнім ветрам растуць просьле іх.
7 I глынулі каласы ценькія сем каласоў таўстых а поўных. I прачхнуўся Фараон, і вось сон.
8 I было нараніцы, і стрывожаны быў дух ягоны, і паслаў, і гукнуў усіх чарадзеяў Ягіпту і ўсіх мудрыцоў сваіх, і паведаў Фараонім сон свой; але ня было, хто б зьясьніў іх Фараону.
9 I гукаў князь чашнікаў Фараону, кажучы: «Грахі свае ўспамінаю я сядні.
10 Фараон загневаўся на слугаў сваіх і аддаў мяне пад нагляд да дому начэльніка старожы, мяне а князя пекароў.
11 I мы сьнілі сон аднае ночы, я й ён, подле значаньня свайго сну сьнілі мы.
12 I там быў з намі дзяцюк Гэбрэй, нявольнік начэльніка старожы. I паведалі мы яму, і ён зьясьніў нам сны нашыя, кажнаму подле сьненьня ягонага зьясьніў.
13 I было: як ён зьясьніў нам, так і сталася: мяне зьвярнулі на становішча мае, а таго засілілі».
14 I паслаў Фараон, гукнуў Язэпа; і пасьпешна вывялі яго з уземля. I ён пагаліўся, і зьмяніў адзецьце свае, і прышоў да Фараона.
15 I сказаў Фараон Язэпу: «Я сьніў сон, і няма нікога, хто б зьясьніў яго; а я чуў празь цябе кажучых, што ты, чуючы сон, зьясьніш яго».
16 I адказаў Язэп Фараону, кажучы: «Гэта не ад мяне — Бог можа адказаць супакоям Фараону».
17 I сказаў Фараон Язэпу: «У маім сьне: вось, стаю я на беразе ручая.
18 I во, з ручая паднялося сем кароваў сытых целам і пазорных выглядам, і пасьціліся яны на сітнікавай траве.
19 I вось, сем кароваў накшых выходзяць просьле іх, бедныя, вельмі брыдкія выглядам і худыя целам, я ня бачыў падобных, што да брыдчыні, у вусёй зямлі Ягіпецкай.
20 I зьелі каровы худыя й брыдкія сем кароваў ранейшых сытых.
21 I ўвыйшлі ў чэравы іхныя, але ня цямка было, ці яны ўвыйшлі ў нутры іхныя. I іх выгляд брыдкі, як і спачатку. I я прачхнуўся.
22 I я сьніў: і во, сем каласоў выплываюць на адным сьцябле, поўных і харошых.
23 I во, сем каласоў схудалых, ценькіх а высушаных усходнім ветрам растуць просьле іх.
24 I глынулі каласы ценькія сем каласоў добрых. Я расказаў гэта чарадзеям, але ніхто не расказаў імне значаньня».
25 I сказаў Язэп Фараону: «Сон Фараонаў адзін ён: што Бог чыне, тое ён наказаў Фараону.
26 Сем кароваў добрых — сем год яны; і сем тых каласоў добрых — сем год яны: сон адзін гэта.
27 I сем кароваў худых і брыдкіх, што вышлі просьле іх сем год яны; і сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам — будуць сем год галадові.
28 Гэта тое слова, што я казаў Фараону: і што Бог учыне, тое Ён паказаў Фарону.
29 Вось, сем год настаець вялікае сыціні ў вусёй зямлі Ягіпецкай.
30 I настануць просьле іх сем год галадові; і забудзецца ўвесь тый дабрабыт у зямлі Ягіпецкай, і прывядзець галадоў да канца гэты край.
31 I ня будзе пазнаваны дабрабыт у зямлі з прычыны галадові тае, каторая будзе просьле яго, бо яна будзе вельмі вялікая.
32 А што паўтарыўся тый сон Фараону двойчы, знача, што запраўды гэта слова ад Бога і што сьпяшаецца Бог споўніць Яго.
33 I цяпер няхай выглядзе Фараон мужа кемнага а мудрага, і няхай пастанове яго над зямлёю Ягіпецкай.
34 Няхай гэта ўчыне Фараон, і прызнача ўраднікаў па зямлі, і зьбірае часьць пятую ізь зямлі Ягіпецкае за сем год дабрабыту.
35 I зьбяруць усякую еміну гэтых настаючых добрых год, і няхай назьбіраюць збожжа пад руку Фараонаву на емя ў местах, і няхай хаваюць.
36 I будзе гэта еміна на запас зямлі на сем год галадові».
37 I падабалася гэтае слова ў ваччу Фараона і ў вачох усіх слуг ягоных.
38 I сказаў Фараон слугам сваім: «Ці знойдзецца такі, як гэты, чалавек, што Дух Божы ёсьць у ім?»
39 I сказаў Фараон Язэпу: «Просьле тога, што Бог паведаміў табе ўсе гэта, дык няма нікога такога кемнага а мудрага, як ты.
40 Ты будзеш над дамоваю маёю, і подле слова твайго ўзброіцца ўвесь народ мой; адно пасадам я буду вялікшым за цябе».
41 I сказаў Фараон Язэпу: «Гля, прызначыў я цябе над усёю зямлёю Ягіпецкаю».
42 I зьняў Фараон пярсьцёнак свой з рукі свае, і даў яго на руку Язэпу; і ўбраў яго ў вадзежу зь цянюсенькага палатна, і ўзлажыў ланцуг залаты на шыю ягоную;
43 I загадаў яго павезьці на другіх цялежках сваіх, і прагаласілі перад ім: «Кланяйцеся!» I прызначыў яго над усёй зямлёю Ягіпецкай.
44 I сказаў Фараон Язэпу: «Я Фараон, і безь цябе ніхто не падыйме рукі свае і нагі свае ў вусёй зямлі Ягіпецкай».
45 I назваў Фараон імя Язэпава: Цафнаф Панеах; і даў яму Асэнеф, дачку Поты-Фераву, сьвятара Она, за жонку. I вышаў Язэп на зямлю Ягіпецкую.
46 Язэпу было трыццаць год, як ён стаў перад відам Фараонавым, караля Ягіпецкага. I вышаў Язэп ад віду Фараонавага, і прайшоў па ўсёй зямлі Ягіпецкай.
47 I выдала зямля ў сямёх гадох дабрабыту ізь зярняці кучамі.
48 I зьбер ён усякую еміну сямёх год, каторыя былі ў зямлі Ягіпецкай, і разьмясьціў гэта емя па местах; еміну палёў кажнага места, аколіцы ягонае ён памясьціў у сярэдзіне яго.
49 I пазьбіраў Язэп збожжа, як пяску на тым мору, шмат вельмі, ажно перасталі лічыць, бо ня стала лікаў.
50 I ў Язэпа нарадзілася двух сыноў перш, чымся прышлі гады галадові, каторыя нарадзіла яму Асэнеф, дачка Поты-Ферава, сьвятара Она.
51 I назваў Язэп імя першака: Манас, «Бо Бог даў імне забыцца ўсю гароту маю і ўсю дамову айца майго».
52 Імя другога назваў: Яхрэм, «Бо распладзіў мяне Бог у зямлі гароты мае».
53 I мінулі сем год дабрабыту, каторы быў у зямлі Ягіпецкай;
54 I пачалі сем год галадові прыходзіць, як сказаў Язэп. I была галадоў па ўсіх землях, але ў вусёй зямлі Ягіпецкай быў хлеб.
55 I як галадавала ўся зямля Ягіпецкая, і крычэў народ да Фараона хлеба, і сказаў Фараон усім Ягіпцянам: «Пайдзіце да Язэпа і рабіце, што ён вам скажа».
56 I была галадоў па ўсёй зямлі: і адчыніў Язэп усе, што было ў іх, і прадаваў Ягіпцянам. I галадоў павялічылася ў зямлі Ягіпецкай.
57 I ўся зямля прыходзіла да Ягіпту купляць у Язэпа, бо павялічылася галадоў па ўсёй зямлі.

Першая кніга Масеява: Быцьцё, 41 глава

НАМ НУЖНА ТВОЯ ПОМОЩЬ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.