Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 44 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 I загадаў Язэп дамаверу свайму, кажучы: «Напоўні мяхі гэтых людзёў емінаю, колькі яны могуць несьці, і палажы і срэбла кажнага ў вадтуліну мяха ягонага;
2 А чару маю, чару срэбную, палажы ў вадтуліну мяха малога, і срэбла за збожжа ягонае». I ён зрабіў подле слова Язэпавага, каторае сказаў.
3 Нараніцы расьсьвітала, і гэтыя людзі адаслалі іх і аслы іхныя.
4 I яны вышлі зь места; не адышлі далёка, і Язэп сказаў дамаверу свайму: «Устань, ганіся за тымі людзьмі, і дагоніш іх, і скажаш ім: “Чаму вы адплацілі ліхам за дабро?
5 Ціж ня гэта тая чара, з каторай п’ець спадар мой, і ён звычайна варожа на ёй? Ліха вы ўчынілі, гэтак учыніўшы”».
6 Ён дагнаў іх і гукаў ім гэтыя словы.
7 Яны сказалі: «Чаму спадар наш кажа такія словы? Крый Божа, каб слугі твае ўчынілі гэткі ўчынак.
8 Вось, срэбла, што мы знайшлі ў вадтуліне мяхоў сваіх, мы назад прынесьлі табе ізь зямлі Канаанскае: як жа мелі б красьці з дому спадара твайго срэбла альбо золата?
9 У каго із слугаў тваіх знойдзецца гэта, тый хай памрэць, і мы таксама будзем слугамі спадару нашаму».
10 Ён сказаў: «Дык цяпер подле словаў вашых няхай будзе гэтак: у каго знойдзецца яна, тый будзе імне слугою, а вы будзеце ня вінныя».
11 Яны пабарзьдзілі, спусьцілі кажны мех свой на зямлю, і разьвязалі кажны свой мех.
12 Ён трос, пачаў зь вялікага і скончыў малым; і знайшоў чару ў мяху Веняміновым.
13 I разарвалі яны адзецьці свае, і налажылі кажны на асла свайго, і зьвярнуліся да места.
14 I прышлі Юда а браты ягоныя да дому Язэпавага, — ён яшчэ быў там, — і білі чалом яму.
15 I сказаў ім Язэп: «Што за ўчынак гэта вы ўчынілі? Ціж вы ня ведалі, што, варожачы, вываража такі чалавек, як я?»
16 I сказаў Юда: «Што нам сказаць спадару нашаму? што гукаць і чым правіцца? Бог знайшоў бяспраўе слугаў тваіх; вось, мы слугі спадару нашаму, і мы, і тый, у чыіх руках знайшлася чара».
17 I сказаў: «Крый Божа, каб я ўчыніў гэта; тый чалавек, у чыіх руках знайшлася чара, ён будзе ім не слугою, а вы ўзыходзьце ў супакою да айца свайго».
18 I дабліжыўся Юда да яго, і сказаў: «О спадару мой, няхай скажа, калі ласка, слуга твой слова ў вушы спадара свайго, і не загневайся на слугу свайго, бо як сам Фараон, так і ты.
19 Спадар мой пытаўся ў слугаў сваіх, кажучы: “Ці ёсьць у вас ацец альбо брат?”
20 Мы сказалі спадару нашаму, што ў нас ёсьць ацец стары і дзецянё старасьці ягонае малое, а брат ягоны памер, і ён адзін астаўся ў маці сваей, і ацец любе яго.
21 I ты сказаў слугам тваім: “3ьвядзіце яго да мяне, і я ўцемлюся ў яго”.
22 Мы сказалі спадару майму: “Ня можа хлапец пакінуць айца свайго; і калі ён пакіне айца свайго, дык гэты памрэць”,
23 I сказаў ты слугам тваім: “Калі ня зыйдзе брат вашы малы, наперад ня важчася бачыць віду майго”.
24 I сталася, што як мы ўзышлі да слугі твайго, айца майго, дык пераказалі яму словы спадара майго.
25 I сказаў ацец наш: “Зьвярніцеся, купіце нам троху еміны!”
26 I мы сказалі: “Ня можам зысьці; хіба будзе з намі малы брат ваш, дык зыйдзем, бо нельга нам бачыць віду таго чалавека, калі ня будзе з намі малога брата нашага”.
27 I сказаў нам слуга твой, ацец мой: “Вы ведаеце, што двух нарадзіла імне жонка мая.
28 I вышаў адзін ад мяне, і я сказаў: ‘Пэўне ён разарваны, і я не абачыў яго дагэтуль’.
29 I возьмеце таксама й гэтага ад мяне, і здарыцца зь ім няшчасьце, дык зьвядзіце вы сівізну маю ў ліху да магілы”.
30 Цяпер, калі я прыду да слугі тваго, айца майго, і хлапца няма з намі, і душа ягоная зьвязана з душой ягонай:
31 I будзе, што як ён абача, што няма хлапца, то памрэць; і зьвядуць слугі твае сівізну слугі твайго, айца майго, із смуткам да шэолю.
32 Бо слуга твой паручыўся за хлапца айцу свайму, сказаўшы: “Калі не прывяду яго да цябе, то буду грэшным перад айцом сваім на ўсі дні”.
33 I цяпер няхай жа застанецца слуга твой замест хлапца слугою спадару майму, а хлапец хай узыйдзе з братамі сваімі;
34 Бо як узыйду я да айца свайго, а хлапца няма з імною? Каб не абачыў я ліха, у якім апынецца ацец мой».

Першая кніга Масеява: Быцьцё, 44 глава

ТВОЯ ЛЕПТА В СЛУЖЕНИИ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.