Библия тека

Собрание переводов Библии, толкований, комментариев, словарей.


Быцьцё | 8 глава

Пераклад Яна Станкевіча


1 І ўспомнеў Бог Ноя, і ўсю жывёлу, і ўвесь статак, і што былі зь ім у караблю; і правёў Бог вецер па зямлі, і апалі воды.
2 I заперліся жаролы бяздоньня і адтуліны нябёсныя, і скончыўся дождж ізь нябёсаў.
3 I зварачаліся воды ізь зямлі спакваля, і пачало менець водаў па сту пяцьдзясят днёх.
4 I спыніўся караб сёмага месяца, сямнанцатага дня таго ж месяца на горах Арарат.
5 I водаў менела спакваля да дзясятага месяца; першага дня дзясятага месяца былі відаць вярхі гораў.
6 I было пры канцу сараку дзён: і адчыніў Ной акно карабля, зробленае ім.
7 I паслаў гругана, каторы выляцеў, адлятаў і прылятаў, пакуль ня высахлі воды на зямлі.
8 I паслаў ад сябе галубу, каб абачыць, ці паменелі воды на відзе зямлі.
9 I не знайшла галуба месца прыпынку ступе нагі свае, і зьвярнулася да яго да карабля; бо воды былі на відзе ўсяе зямлі; і ён выцягнуў руку сваю, і ўзяў яе, і прыняў да сябе да карабля.
10 I паждаў яшчэ сем дзён іншых, і ўзноў паслаў галубу з карабля.
11 I прыбыла да яго галуба ўвечары; і во, ушчыкнены аліўны ліст у дзёўбе ў яе: і Ной даведаўся, што вада апала ізь зямлі.
12 I ён паждаў яшчэ сем дзён іншых, і паслаў галубу, і яна ўжо не зьвярнулася да яго болей.
13 I было шасьцьсот першага году першага дня першага месяца: высахла вада на зямлі; і адняў Ной пакрыцьце карабля, і глянуў, і во, абсох від зямлі.
14 I другога месяца, на дваццаць сёмы дзень месяца высах від зямлі.
15 I казаў Бог Ною, кажучы:
16 «Выйдзі з карабля ты, і жонка твая, і сыны твае, і жонкі сыноў тваіх із табою.
17 Усю жывёлу, што з табою, з усялякага цела, у птустве а ў статку а ў вусіх паўзунох, што поўзаюць па зямлі, вывядзі із сабою: хай рояцца яны па зямлі, і хай плодзяцца а множацца на зямлі».
18 I вышаў Ной, і сыны ягоныя, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных ізь ім.
19 Кажная жывёла, кажны паўзун, і ўсе птуства, усе, што кратаецца на зямлі, подле радзімаў сваіх вышлі з карабля.
20 I збудаваў Ной аброчнік СПАДАРУ; і ўзяў з усялякага статку чыстага, і з усёга птуства чыстага, і аброк усепаленьне на аброчніку тым.
21 I пачуў СПАДАР прыемныя пахі, і сказаў СПАДАР у сэрцу Сваім: «Ня буду болей праклінаць зямлі за людзіну, бо творства сэрца людзкога ліхое з маладосьці яго; і ня зражу болей усяго жывучага, як Я зрабіў.
22 Адгэтуль, пакуль зямля трываць будзе, сяўба й жніво, і сьцюжа й вад, і лета й зіма, і дзень і ноч не перастануць».

Першая кніга Масеява: Быцьцё, 8 глава

СТАНЬТЕ ЧАСТЬЮ КОМАНДЫ

Получили пользу? Поделись ссылкой!


Напоминаем, что номер стиха — это ссылка на сравнение переводов!


© 2016−2024, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога.